Для многіх хрысціянаў факт раз’яднаных і супярэчлівых канфесій з’яўляецца скандальным непаразуменнем. Але не многія ведаюць пра тое, што ад самага пачатку існавання хрысціянства сам Езус акрэсліў выразны гарант адзінства, які пазней вучоныя назвалі «прыматам святога Пятра». Ён асноўваецца на тым, што апостал Пётр і ўсе яго пераемнікі на пасадзе біскупа Рыма маюць заданне сцерагчы ў адзінстве і праўдзе веру Касцёла.
Гісторыя паказала, што гэты вялікі прывілей біскупаў Рыма аказаўся цяжкай ношай. У кожным пакаленні хрысціянаў узнікаюць прапаведнікі, якія абвяшчаюць сябе носьбітамі «новага хрысціянства». Некаторыя з іх пасля вяртаюцца ва ўлонне Касцёла, іншыя ж губляюцца ў бурлівых хвалях гісторыі, адрываючы ад адзінай веры меншыя і большыя групы вернікаў. Тыя, хто жадае разбіць хрысціянства, з найбольшай лютасцю заўсёды атакуюць гарант яго адзінства — Хрыстовы дар прымату Пятра — яднальную ролю біскупа Рыма.
На працягу ўсёй гісторыі апаненты Касцёла апляталі прымат Пятра самымі неверагоднымі выдумкамі. Нават у наш час, калі існуе свабодны доступ да інфармацыі аб рэальным значэнні Пантыфіка ў Касцёле, многія людзі не перастаюць верыць разнастайным фантазёрам. Адныя з іх разглядаюць папства як перажытак старадаўніх манархій ці імперый. Іншыя падтрымліваюць міф аб намеры Ватыкана падпарадкаваць сабе ўвесь свет і ўсе рэлігіі. У сувязі з гэтым узнікае заканамернае пытанне: што на самай справе азначае каталіцкае веравучэнне аб прымаце Пятра і ролі біскупа Рыма ў Касцёле?
Калі гаварыць вельмі коратка, то прымат Пятра азначае прызнанне кожнага пераемніка апостала Пятра — біскупа Рыма — вярхоўным зямным пастырам Касцёла, захавальнікам праўдзівасці і непарушнасці веры. Хрыстус з’яўляецца нябачным Боскім кіраўніком Касцёла, а біскупы — бачнымі зямнымі пастырамі. Сярод біскупаў першы — біскуп Рыма (Папа).
Важнасць і неабходнасць ролі Папы як наступніка св. Пятра найбольш яскрава выяўляецца тады, калі ўзнікаюць сур’ёзныя рознагалоссі ў разуменні хрысціянскай веры і маралі. Не сакрэт, што сотні мільёнаў вернікаў, раскіданых па розных кантынентах, жывучы часам у дыяметральна розных грамадска-палітычных і культурных умовах, могуць лёгка сказіць веру, дастасоўваючы яе да сваіх патрэбаў. Менавіта ў такіх умовах надзвычай важна, каб існаваў эталон праўдзівай веры і паўсюдна прызнаны аўтарытэт, які захоўваў бы Ісціну і тлумачыў яе. І Касцёл ад пачатку свайго існавання мае такі эталон і такі аўтарытэт. Гэта непарушная дактрына апостальскай веры ў Хрыста, і яе захавальнік — біскуп Рыма.
Кожны Папа моцаю апостальскай пераемнасці з’яўляецца правамоцным наступнікам святога апостала Пятра. У Катэхізісе Касцёла пра гэта сказана так: «Біскуп Рыма і наступнік апостала Пятра з’яўляецца трывалай і бачнай крыніцай і падмуркам адзінства як біскупаў, так і рэшты вернікаў. Біскуп Рымскі з рацыі сваёй пасады, а менавіта пасады Наступніка Хрыста і Пастыра ўсяго Касцёла, мае поўную, найвышэйшую і паўсюдную ўладу над Касцёлам…» (ККК 882). Пра тое, што Езус даверыў апосталу Пятру кіраванне Касцёлам (хрысціянскай супольнасцю на зямлі) сказана ў Св. Пісанні: «Ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя яго не перамогуць» (Мц 16, 18). Пасля свайго ўваскрасення Езус тройчы нагадаў Пятру пра яго ўладу: «пасі авечак Маіх» (Ян 21, 15–17). Гэтыя і іншыя тэксты Св. Пісання, а таксама шматлікія гістарычныя крыніцы (хрысціянскія і па-за хрысціянскія) пацвярджаюць згоднасць вучэння аб прымаце Пятра з Бібліяй і нязменнай тысячагадовай хрысціянскай традыцыяй. І гэта цалкам лагічна. Езус, пакідаючы пасля ўваскрасення гэты свет у бачнай постаці, не мог пакінуць супольнасць верных без бачнага і выразнага кіраўніка. У адваротным выпадку грамада вернікаў проста распалася б і знікла. Таму неабходны быў бачны кіраўнік, які стаў бы гарантам захавання супольнасці і евангельскага вучэння.
Заўважым, што Хрыстус не абмяжоўваў наданне ўлады толькі асобаю апостала Пятра. Калі б было так, то гэта не мела б ніякага значэння для лёсу хрысціянства (Касцёла). Калі б дар кіравання скончыўся разам са смерцю св. Пятра, то супольнасць засталася б без кіраўніка, пагрузілася б у хаос і рассыпалася. Ці ж Бог настолькі недальнабачны? Было б абсурдам лічыць, што Езус даў уладу асабіста Пятру, не думаючы пра далейшы лёс супольнасці вернікаў. Дар, звязаны з супольнасцю, заўсёды даецца для супольнасці. Дар кіравання Касцёлам быў дадзены Пятру, а Пётр, як біскуп Рыма, перадаў кіраванне свайму наступніку — чарговаму біскупу. Так прымат Пятра перадаецца з пакалення ў пакаленне (праз апостальскую пераемнасць) кожнаму новаму біскупу на Рымскай катэдры ад Пятра да Бэнэдыкта XVI і далей. Больш за тое, апостал Пётр атрымаў ад Езуса не толькі ўладу кіравання, але і заданне захавальніка веры: «умацоўвай [у веры] братоў тваіх» (Лк 22, 32). Таксама Езус гарантаваў, што ўсе зямныя рашэнні, што вынікаюць з прымату Пятра, будуць прызнаныя ў Бога: «І табе дам ключы Валадарства Нябеснага; і што звяжаш на зямлі, будзе звязанае на нябёсах; а што развяжаш на зямлі, будзе развязанае і на нябёсах» (Мц 16, 19). Відавочна, што гэты велізарны дар быў таксама прызначаны не асабіста для патрэбаў св. Пятра, але для ўсёй супольнасці вернікаў.
Гэтае кароткае знаёмства з праўдай каталіцкай веры пра прымат Пятра павінна нагадаць вернікам пра дзве важныя тэзы. Па-першае, папства — гэта велізарны дар і шанец для хрысціянства, бо дзякуючы яму праз усе ліхалецці гісторыі захоўваецца нязменная дактрына апостальскай веры і непарыўнае адзінства супольнасці Касцёла. Па-другое, гісторыя і сучаснасць вучаць, наколькі цяжкі гэта крыж — быць захавальнікам веры і кіраўніком складанай, па-надмільярднай супольнасці вернікаў. Усё гэта нагадвае католікам пра важнае заданне: няспынна дзякаваць Богу за прымат Пятра — дар кожнага Папы, падтрымліваць яго канкрэтнай малітвай, словам і ўчынкам.