Пастка ўсходняга містыцызму

Апошнім часам ёга ўспрымаецца многімі як звычайныя фізічныя практыкаванні, якія дапамагаюць самаўдасканальвацца. Моднымі становяцца разнастайныя віды медытацый і практыкаванняў, якія нібыта «дапамагаюць развівацца духоўна». Некаторыя параўноўваюць медытацыю ёгі з хрысціянскай. Ці ёсць тут штосьці агульнае?


Здараецца нават, што прыхільнікі ўсходніх прыёмаў медытацыі імкнуцца пераканаць нас, што містыка Усходу быццам бы адпавядае этапам духоўнага развіцця, пра якія гавораць хрысціянскія містыкі. Пры гэтым яны спасылаюцца на тое, што ў хрысціянстве вялікае значэнне маюць ачышчэнне, прасвятленне і яднанне — і майстры ёгі вучаць ачышчэнню, прасвятленню і яднанню, якіх можна дасягнуць пэўнымі практыкаваннямі.

Але ўзнікае пытанне: што разумее ёга пад словамі «ачышчэнне», «прасвятленне» і «яднанне»? Параўнаем этапы духоўнага развіцця ў разуменні хрысціянскіх і ўсходніх, нехрысціянскіх містыкаў.

Ачышчэнне

У хрысціянскай містыцы ачышчэнне мае месца тады, калі чалавек, які не лічыўся раней з Богам, раптам пачынае разумець, што сваім раўнадушшам і пыхаю моцна зграшыў супраць Яго. Ён шчыра хоча выправіцца, таму навяртаецца і прыходзіць да споведзі або хросту (калі да гэтага не быў ахрышчаны). Ачышчэнне датычыць яго грахоў, а не разумовых працэсаў! 

Калі настае прымірэнне з Богам, чалавек стараецца захаваць гэты стан і не пакрыўдзіць Бога нават самым малым грахом, застаючыся ў стане асвячальнай ласкі. Ён выпраўляе свае ўчынкі, а не рытм дыхання! 

У ёгаў ачышчэнне настае тады, калі праз дыхальныя практыкаванні, мантры, самагіпноз або іншыя прыёмы чалавек дасягае стану «чыстага розуму». Для ёгаў гэта азначае, што ў розуме ўвогуле няма ніякіх думак. Яны вызначаюць такі стан словам «пустата». Калі ёг даходзіць да стану ачышчэння розуму, г.зн. пустаты, ён дасягае псіхічнага супакою, расслаблення, але гэта той стан, калі зусім няма думак. Мантры заглушаюць усе думкі ў галаве, тармозяць разумовыя працэсы, прыпыняюць працу кары галаўнога мозга.

Падчас практыкаванняў ёгі, выкарыстоўваючы чытанне мантры, рытмы дыхання, дыеты, рытмы сну і чування, могуць адкрываць у сабе так званыя чакры. Адкрыццё чакраў звязана з узбуджэннем залозаў чалавека: полавых, надныркавых, падстраўнікавых, сардэчных, шчытападобных, гіпофізу і шышкападобнай залозы. Усім вядома, як уплывае на чалавека ўзмоцненае выдзяленне полавых гармонаў або адрэналіну (прадукту надныркавых залозаў), які гэта моцны допінг… 

Прасвятленне

У асноўным усе містыкі сцвярджаюць, што пасля ачышчэння настае перыяд духоўнага святла. Хрысціянскі містык кажа, што, калі чалавек вызваляецца ад улады граху і пачынае жыць у стане асвячальнай ласкі, то яго малітва вядзе яго да дасканаласці. Спачатку яму лёгка маліцца: малітва выцякае з сэрца, яна напоўненая жыццём і прыносіць вялікае задавальненне; але праз некаторы час пачуцці згасаюць і малітва перастае быць крыніцаю задавальнення. Пасля пэўнага крызісу ў чалавека з’яўляецца разумовае пазнанне Ісцін, адкрытых Богам для людзей. Дзякуючы гэтаму ў яго з’яўляецца здольнасць да малітвы ў думках (без словаў), якая паглыбляе яго веру. Менавіта тады і пачынаецца перыяд духоўнага прасвятлення.

У гэты час чалавек наноў перажывае свае ўзаемаадносіны з Богам і пераасэнсоўвае тое, што яму ўжо вядома. Напрыклад, ён ужо раней чытаў Евангелле, але ў перыяд прасвятлення быццам наноў адкрывае яго для сябе: успрымае яго нашмат шырэй і глыбей і знаходзіць у ім новы сэнс. Гэта прыводзіць да захаплення Богам і прывязанасці да Яго, чалавек захапляецца Яго ісцінай, прыгажосцю і дабрынёю.

Хрысціянскае прасвятленне звязанае з лепшым разуменнем таямніцы Бога, а зусім не са зменаю свядомасці, новымі ведамі або ўваходжаннем у транс.

У містыцы Усходу ўсё наадварот: прасвятленне азначае пераўтварэнне свядомасці; у ім з’яўляюцца арыгінальныя ідэі, з’яўляюцца эйфарыя, транс, ілюзорныя візіі і іншыя пераменныя станы псіхікі.

Яднанне з Богам

Трэці этап духоўнага жыцця — гэта перыяд яднання з Богам. Хрысціянскія містыкі сцвярджаюць, што калі чалавек паглыбляецца ў змест Божага адкрыцця, праз некаторы час ён дасягае мяжы сваіх інтэлектуальных магчымасцяў і ўжо не можа далей спасцігаць Бога. Настае невялікі крызіс у мысленні, калі вера цягне чалавека ўвышыню, за межы натуральных здольнасцяў пазнання, і тое, чаго ён не мог дасягнуць інтэлектам, дасягаецца чыстай вераю. Непарушная вера прымае Ісціну адкрыцця, а Бог дае ласку сузірання. Містыкі называюць гэтую ласку «сузіраннем звонку», у адрозненне ад звычайнай здольнасці чалавека сузіраць і ўспрымаць свет. Інтуіцыя можа падманваць чалавека, але сузіранне ніколі не прыводзіць яго да ерасі. Ісціна — дар Бога, якога ніхто не можа дасягнуць ніякімі прыёмамі або ўласнымі намаганнямі.

Святая Тэрэза казала, што ў перыяд прасвятлення пазнанне Бога адрозніваецца ад пазнання, атрыманага праз сузіранне. Інтэлектуальнае пазнанне ў час прасвятлення яна параўноўвала з тым, як бы хтосьці прыйшоў у цёмнае памяшканне і разглядваў развешаныя там карціны адну за другою, асвятляючы іх кішэнным ліхтарыкам, пакуль праз некаторы час не ўбачыў іх усе. 

А ў час яднання, атрымаўшы ласку сузірання звонку, містык бачыць усё так, быццам у гэтым цёмным памяшканні ўключылі святло, і ён убачыў усе карціны адначасова, разам з памяшканнем. Самыя вялікія хрысціянскія містыкі апісваюць яднанне з Богам як захапленне Богам, асалоду любові да Яго і асалоду адчування Яго велізарнай любові.

Яднанне чалавека з Богам — гэта яднанне дзвюх асобаў у любові, і яно ніколі не прыводзіць да таго, каб яны сталі адной істотаю.

Між тым, містыкі Усходу лічаць, што ёсць перыяд яднання, калі ўсе чакры ўжо «адкрытыя» і з’яўляецца пачуццё быццам «я» растварылася як эфір, пранізваючы дрэвы, расліны, прыроду і ўвесь космас. Містыкі Усходу гавораць пра яднанне як пра зліццё чалавека з прыродаю або космасам. Тыя, хто дасягаюць такога стану, адчуваюць сябе растворанымі ў космасе, быццам яны сталі ўсюдыіснымі. Яны адчуваюць сябе багамі, і чакаюць боскага пакланення.

Вяршыня хрысціянскай містыкі выглядае зусім інакш: хрысціянскі містык адчувае сябе перад тварам Бога нічым. Ён усведамляе, што яго быт, уласнасць, характар — усё дадзена Богам. З любові да Бога ён гатовы служыць кожнаму чалавеку і ніколі не дапусціць, каб яго самога абагаўлялі.

Дзеянне духа

Айцец Жозэф Марыя Ферлен сцвярджае, што падчас сеансаў ёгі дзейнічае дух. Але гэта не Святы Дух. Ён кажа, што калі ў чалавека адкрываюцца чакры, духі цемры і акультныя сілы могуць завалодаць ім. Чаму гэтых духаў трэба лічыць варожымі? Таму што практыкаванні і прыёмы ёгі прыводзяць да растварэння і знішчэння асобы чалавека, тады як асоба павінна развівацца!

Такім чынам, шляхі і мэты хрысціянскай містыкі і містыкі Усходу цалкам супрацьлеглыя. Гэта не розныя шляхі, якія вядуць да адной вяршыні, як сцвярджаюць некаторыя. Гэта шляхі, якія вядуць у супрацьлеглыя бакі, што прыводзяць на розныя вяршыні. З аднаго боку — вяршыня пакоры перад Богам, з іншага — вяршыня чалавечай пыхі!

Дасягненні «цудатворцаў» (акультыстаў або магаў), пра якіх мы часта чуем, можна патлумачыць дзеяннем гіпнозу, пераканання, тэлепатыі, наркотыкаў, магнетызму і разнастайных зменаў у мозгу. Але яны таксама могуць дзейнічаць пад уплывам злых духаў, імітуючых духа, якога выклікае маг. 

Богу агідныя магія і акультызм. Ён не хоча дапусціць, каб мы ўвайшлі ў свет ілюзіяў, міражоў і фікцыі. Шчасце чалавека, які жыве падманам і ілюзіямі, мімалётнае, яно заўсёды заканчваецца трагічна. Шчасце ж чалавека, які жыве Ісцінай Бога, заўсёды рэальнае і вечнае. Таму Бог, каб засцерагчы чалавека ад смяротных ілюзій, забараніў веруючым займацца акультызмам у любой яго праяве.


Сястра Міхаэла Паўлік
Паводле: «Любите друг друга», №1 (13), 2011г.
Пераклад з рускай мовы Марыны Валасар

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней