У Каталіцкім Касцёле існуе апостальскі рух свецкіх людзей, якія малітоўна апякуюцца духоўнымі асобамі, і называецца ён «Маргарытка».
Маргарытка — белая кветка, якая сімвалізуе прастату, чысціню і прагу ахвяравання, выбрана як сімвал духоўнай дапамогі святарам і кансэкраваным асобам. Сем пялёсткаў кветкі сімвалізуюць сем дзён тыдня. Сем чалавек, злучаных у адну «Маргарытку», ахвяруюць па адным дні ў тыдзень за святара альбо законную сястру, выбіраюць адпаведную форму малітвы і моляцца ўсё жыццё. Хтосьці можа ахвяраваць усе свае дні за адну духоўную асобу (запоўніць усю «Маргарытку»). Адзін чалавек можа належаць да некалькіх «Маргарытак», напрыклад, маліцца за 7 святароў— кожны дзень за аднаго. Аднаго святара можна атуліць некалькімі «Маргарыткамі».
Калі для «Маргарыткі» сабрана сем чалавек, яны запісваюць на картцы, хто ў які дзень будзе маліцца (гл. ніжэй), і потым уручаюць спіс «Маргарыткі» святару. Чалавек, які арганізуе «Маргарытку», выбірае чацвер, дзень, прысвечаны святарству, і памятае пра гадавіну святарскіх пасвячэнняў. Група «Маргарыткі» з сямі чалавек складае вечнае абяцанне малітвы, г.зн. малітвы да канца жыцця. Калі нехта з групы памірае раней за святара, яго можна замяніць іншым чалавекам, а калі няма такой магчымасці, то можна лічыць, што асоба, склаўшая абяцанне, забірае «з сабой» абавязак маліцца і пасля сваёй смерці. Калі святар памірае, мы не перастаём за яго маліцца, таму што не ведаем, ці ён у небе ці ў чыстцы.
Пажадана складаць абяцанне вечнай малітвы ў прысутнасці самога святара, а таксама атрымаць ад яго благаслаўленне. Вельмі добра, калі святар можа цэлебраваць святую Імшу за сваю «Маргарытку».
Верым, што міласэрны Пан Бог выслухае кожную малітву за святароў і дазволіць удзельнічаць у абмене духоўным дабром паміж «Маргарыткай» і яе святаром.
Існуе меркаванне, што святы ксёндз асвячае ўсю парафію. Дык давайце ж дапаможам нашым святарам быць святымі!
Сутнасцю апостальскага руху “Маргарытка” з’яўляецца штодзённая малітва за канкрэтных святароў як адказ на просьбу Марыі, Каралевы Супакою. Ніжэй пададзена форма малітвы за святара.
Малітва за святара
“Пане Божа, адзіны ў Тройцы, і Марыя, Каралева Супакою, абяцаю вечную малітву за ________________________________________________. Маё абяцанне складаю да падножжа Святога Крыжа і да стопаў Марыі Беззаганна Зачатай. Амэн”.
О Езу, Божы Пастыр, які паклікаў Апосталаў, каб зрабіць іх лаўцамі душаў, Ты, які паклікаў да сябе святара __________________________________, учыні яго сваім руплівым паслядоўнікам і слугою. Учыні таксама, каб ён падзяляў Тваё жаданне паўсюднага адкуплення, дзеля якога Ты аднаўляеш на алтарах сваю Ахвяру. О Пане, Ты жывеш вечна, каб заступацца за свой народ, адкрый перад ім гарызонты, каб убачыў увесь свет, які прагне святла праўды і любові, каб стаў соллю зямлі і святлом свету. Умацоўвай яго Тваёю моцаю і благаславі яго.
Святы ________________________ (імя апекуна), сёння мы даручаем святара _________________________ ______________тваёй асаблівай апецы. Просім цябе заступацца за яго перад Богам і дапамагаць яму ва ўсіх патрэбах. Дапамажы яму захаваць вернасць Богу і плённа працаваць дзеля Яго хвалы.
Марыя, сцеражы святара _______________ ад усялякага зла. Амэн.
Вяночак да Духа Святога
Знак крыжа: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Веру ў Бога Айца...
1. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары мудрасці.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
2. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары розуму.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
3. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары рады.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
4. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары мужнасці.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
5. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары ўмеласці.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
6. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары пабожнасці.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
7. Будзь праслаўлёны, Божа, Духу Святы, і наведай нас у дары боязі Божай.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу...
Спашлі Духа Твайго, Пане, і ўзнікне жыццё, — і адновіш аблічча зямлі.
Молімся. Божа, Ты асвячаеш сэрцы верных Табе святлом Духа Святога, дазволь нам у тым жа Духу спазнаць праўду і заўсёды радавацца Ягонаму суцяшэнню. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Беззаганная Абранніца Духа Святога — маліся за нас.
Малітва да Духа Святога
Духу Святы, які сышоў у самым пачатку Касцёла на апосталаў і верных, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць у веры. Просім Цябе: будзь заўсёды таксама з намі, напаўняй нас Тваімі дарамі, прасвятляй у сумненнях, суцяшай у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры падзенні, кіруй намі мудрасцю Тваёй, яднай нас узаемнай хрысціянскай любоўю, каб усе мы жылі ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і хвалу на векі вечныя. Амэн.