Ёсць у Каталіцкім Касцёле такая жаночая манаская супольнасць — Кангрэгацыя Сясцёр ад Анёлаў. Знешне гэтыя сёстры мала чым адрозніваюцца ад сваіх свецкіх равесніцаў, бо не носяць габітаў. Так было задумана пры заснаванні гэтай супольнасці яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Яе заснавальнік, біскуп Вінцэнт Ключынскі, гэткім чынам, відаць, намагаўся аберагчы будучых анялянак ад празмернай цікаўнасці да іх свецкай незычлівай улады. І гэта, вядома, мела сэнс не толькі ў ХІХ, але і ў наступным, ХХ стагоддзі.
Анялянкі служылі і служаць Богу катэхеткамі, сакрыстыянкамі, арганісткамі, апякуюцца хворымі, адзінокімі. Яны займаюцца ўсімі тымі справамі, якімі займаюцца звычайна і іншыя законніцы, але адначасна знешне застаюцца пры гэтым нібыта аднымі з нас. Словам, гэтыя сёстры сваім жыццём і служэннем наследуюць сваіх апекуноў — анёлаў. А хто з нас калі бачыў анёла? Анёлы, якія штодня апякуюцца намі, самі застаюцца нябачнымі для нас. Яны, якія моцна й прыгожа славяць Пана Бога, не шукаюць славы для сябе, заўсёды застаючыся ў цені Яго крылаў...
У 1924 годзе ў манаскую супольнасць сясцёр ад Анёлаў уступіла і сямнаццацігадовая прыгожая дзяўчына з-пад Наваградка Ванда Банішэўская. Прыйшла, каб самой стаць анёлам для іншых. І яна стала такім анёлам, нягледзячы на тое, што была кволая з выгляду, мела незайздроснае здароўе. «…і слабое свету выбраў Бог, каб асароміць моцных» (1 Кар 1,27). Праз яе Ён яшчэ раз паказаў усім нам, што моц і плён служэння залежаць ад таго, на каго ты ўскладаеш надзею: на сябе альбо на Таго, Каму служыш.
Пан Бог адарыў Ванду надзвычай рэдкім дарам — стыгматамі. Дзяўчына з маленства вельмі моцна перажывала Муку Хрыста, часта разважала над сэнсам ахвяры нашага Збаўцы. І Пан Бог узнагародзіў сваю абранніцу. Адбылося гэта ў 1919 годзе ў дарагім яе сэрцы Наваградку, яшчэ да ўступлення ў Кангрэгацыю Сясцёр ад Анёлаў — на ўрачыстасць мужнага абаронцы Божага Валадарства, святога арханёла Міхала. І зноў жа: хіба магло такое быць выпадковым? Такім чынам Пан Бог выразна клікаў яе на служэнне менавіта ў Кангрэгацыю Сясцёр ад Анёлаў.
Праз усё сваё жыццё пранесла Ванда Банішэўская боль Хрыстовых ранаў. Пранесла беражліва, як вельмі дарагі скарб.
Яна ніколі не выстаўляла яго напаказ, наадварот, наколькі магла, старалася ўтаіць ад старонніх вачэй. І тады, у ранняй маладосці, і пазней, калі ўжо служыла Богу сястрой законніцай, і потым, калі цярпела жорсткі пераслед сталінскай улады ў ГУЛАГу. Часта ў малітвах яна прасіла Езуса забраць бачныя знакі Яго мукі з яе цела. Не, яна была згодная цярпець, але не хацела сенсацый, баялася людскога розгаласу, павярхоўных суджэнняў. Яна прагнула аберагчы ад усяго непатрэбнага моцны Божы дотык, але пасля сустрэчы з біскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім сястра Ванда перастала прасіць Езуса забраць бачныя Яго раны з яе цела. Біскуп пераканаў яе, што не варта гэтага рабіць. Як сапраўдная верніца і служка Хрыстова яна паслухалася, але ніколі не выстаўляла сваіх ранаў напаказ, наколькі магла, хавала іх ад людзей, прагных да сенсацый, а таксама берагла ад ворагаў Хрыста і Касцёла. А такіх на яе жыццёвым шляху сустрэлася шмат...
Пасля арышту ў 1950 годзе сястра Ванда атрымала прысуд — дзесяць гадоў лагераў.
З далёкага Верхне-Уральска яна пісала на Пастаўшчыну сваёй сяброўцы Ганне Дубовік: «…памерці мне тут не даюць… Толькі будзе такі вынік, што на Вялікдзень я зноў буду цалкам здароваю. Калі Пан дазволіць, а калі не — няхай будзе, як Ён таго хоча…». А гэта радкі з ліста іхняга агульнага добрага сябра ксяндза Часлава Барвіцкага да Ганны Дубовік: «Вось жа яна (Ванда Банішэўская. — І.Ж.) сястра, выбраная Панам Езусам знарок дзеля таго, каб цярпець за грэшнікаў. Усё сваё жыццё яна толькі церпіць. Мае яна стыгматы, гэта значыць, такія раны на руках, нагах і ў абодвух баках, якія меў Пан Езус пры ўкрыжаванні… Зразумела, што лекары яе не вылечаць ад такой хваробы, бо не разумеюць гэтага. Яна мае лекарскую апеку, але не мае святой Камуніі. Яна нічога не ела, жыла толькі Эўхарыстыяй… Яна мне некалі ўсё прадказала: што і я, і яна, і іншыя будзем забраныя з дому. Будучы пры ёй, я бачыў шмат цудаў».
Пан Бог чыніў праз яе цуды, але ў лагерах яна перацярпела мноства здзекаў менавіта праз яе выключныя раны! Наглядчыкі шалелі ад злосці, бо не маглі ніяк вытлумачыць, што гэта за раны. Яны, якія самі жылі без Бога, не маглі згадзіцца, што гэтая, такая кволая з выгляду жанчына, мужна перажывала штосьці такое, што не мог уцяміць іхні ўзбунтаваны розум. І ў выніку — чарговыя здзекі, сцюдзёныя карцары…
Дзякуючы сястры Вандзе ў лагеры адбылося некалькі навяртанняў. І не толькі сярод вязняў. Напрыклад, лекарка, якая слухала хворыя лёгкія Ванды, раптам ціхенька папрасіла яе: «Памаліцеся за мяне і за маіх дзяцей». Але яшчэ большую радасць прынесла ёй навяртанне жорсткага наглядчыка, які напачатку спрычыніўся да таго, што сястру Ванду збілі да крыві. Можна толькі ўявіць, што яна перажыла, калі гэты чалавек… напісаў ёй ліст і папрасіў яе адказаць. І ўсё гэта адбывалася ў лагеры! Праўда, у іх адносіны ўмяшалася пільная цэнзура, але ж галоўнае ўжо сталася — чалавек паверыў!..
Калі чытаеш успаміны Ванды Банішэўскай пра тыя гады яе жыцця, даўкі камяк у горле проста перашкаджае дыхаць.
«Пан Бог дапамагаў мне такім чынам, што калі мяне спатыкалі найбольшыя пакуты — духоўныя або фізічныя, — Ён пасылаў мне анёла суцяшальніка, г.зн., ува мне нараджалася моцная вера, што доўга так працягвацца не можа».
«У вялікім агульным пакоі для хворых я старалася несці палёгку тым, што цярпелі больш за мяне. Свае порцыі малака і масла, белага хлеба аддавала іншым, каму было яшчэ цяжэй. Супольна мы маліліся Ружанец, што было сурова забаронена. Нашы ружанцы, зробленыя з хлеба, у нас забіралі і знішчалі. Але я не саступала і зноў рабіла сваё».
Яна не саступіла. Засталася вернаю Таму, Хто паклікаў яе на такое цяжкае служэнне.
Праз усё жыццё Ванда Банішэўская пранесла вялікі духоўны клопат пра святароў. Гэты клопат даручыў ёй сам Езус. Вось як напісаў пра гэта ксёндз Ян Прышмант ужо ў пасмяротным артыкуле, прысвечаным нашай зямлячцы: «Асаблівай увагі заслугоўваюць словы Пана Езуса ў візіях містычкі пра святарскую годнасць і іхнюю вялікую ролю, пра тое, як палюбіў іх Хрыстус і пра Яго боль з прычыны іхняй нявернасці, холаднасці, а таксама пра надзвычайную Яго гатоўнасць прабачаць ім. Хрыстус даручыў сястры Вандзе паклапаціцца пра намаляванне абраза з выяваю святара, які на ўзор Хрыста прыбіты да крыжа — на фоне Яго постаці. У жыцці Ванды з наймалодшых гадоў адбываліся незвычайныя з’явы: яна часта бачыла Хрыста, Маці Божую, Неба і яго жыхароў, асабліва свайго Анёла Апекуна, памерлых, а таксама душы ў чыстцы…».
Ксёндз Часлаў Барвіцкі, які сябраваў з Вандаю Банішэўскаю, калі служыў ў лучайскім касцёле на Пастаўшчыне, выканаў наказ Езуса Хрыста пра намаляванне абраза. У генеральным доме Сясцёр ад Анёлаў у Канстанціне (Польшча) захоўваецца абраз, напісаны ксяндзом Барвіцкім. Напэўна, і гэты абраз, і тыя словы, сказаныя Езусам сястры Вандзе Банішэўскай, павінны стаць для ўсіх нас, вернікаў, вялікім наказам для адданай малітвы за нашых святароў, за тое, каб яны ў сваім нялёгкім служэнні заставаліся вернымі свайму пакліканню, Хрысту і Касцёлу. На правах аўтаркі гэтага тэксту прашу кожнага чытача пасля таго, як ён скончыць чытаць артыкул, памаліцца за ўсіх святароў: знаёмых і незнаёмых, далёкіх і блізкіх, сяброў і тых, хто нас не разумее, за тых, чыё служэнне нас радуе, і за тых, чыё засмучае. І няхай гэтая малітва трывала ўвойдзе ў нашыя духоўныя практыкі. Будзем жа і мы, як нашая зямлячка, сястра Ванда Банішэўская, духоўна апекавацца нашымі святарамі. Але не забывайма пры гэтым, што такая апека мусіць быць непрыкметнай, не напаказ, якой яна была і ў сястры Ванды. Бо анёлы ж нябачныя. І яшчэ не зашкодзіла б нам усвядоміць, што анёлы не шукаюць славы для сябе: яны застаюцца заўсёды вернымі, шчырымі, адданымі, але пры гэтым нябачнымі, незаўважнымі...
Сястра Ванда Банішэўская ўжо ў вечнасці. Не сумняваюся, што і цяпер яна — нябачны анёл для многіх святароў, а, магчыма, і для кагосьці з нас...
Ірына Жарнасек