Піяры ў Беларусі — 300 гадоў служэння. Пераймаць традыцыю і не здавацца!

Бясплатная агульнаадукацыйная школа для дзяцей і моладзі ў канцы XVI ст. у Еўропе была небывалаю справаю. Пачынальнікам даступнай школьнай адукацыі стаў іспанскі святар Юзаф Каласанс, які бачыў вялікую патрэбу ў асвеце для дзяцей, незалежна ад іх паходжання. З цягам часу да гэтай добрай справы далучалася ўсё болей святароў, у выніку чаго яшчэ пры жыцці Юзафа Каласанса быў заснаваны Ордэн Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школаў, або ордэн піяраў.


Не без цяжкасцяў дзейнасць ордэну пачала распаўсюджвацца па ўсёй Еўропе. Бясплатная якасная адукацыя ў піярскіх школах стварала вялікую канкурэнцыю нават для езуіцкіх калегіумаў.

У Рэч Паспалітую піяры прыбылі па запрашэнні караля ў 1642 г., а ў 1718 г. — на землі Беларусі, адчыніўшы кляштар і калегіум у Шчучыне-Літоўскім. Пазней піярскія калегіумы адчыніліся ў Вярэнаве (Воранава), Зэльве, Геранёнах, Лужках, Віцебску, Глыбокім. Навучэнцамі піярскіх школаў былі такія выбітныя беларусы як Ігнат Дамейка, Людвік Нарбут, Мацей Догель, Вікенцій Дмахоўскі. Царскія ўлады забаранілі дзейнасць піяраў на беларускіх землях у 1843 г., ліквідаваўшы Літоўскую правінцыю піяраў. Цяпер піяры аднавілі сваё служэнне ў Шчучыне, Лідзе і Чавусах.

Адзін з найбольш знакамітых піярскіх калегіумаў дзейнічаў у Лідзе, куды ён быў перанесены з Воранава ў 1756 г. У цэнтры горада і цяпер стаіць будынак былога піярскага касцёла св. Юзафа, які быў аддазены Праваслаўнай Царкве ў 1843 г. У міжваенны перыяд, калі Ліда знаходзілася ў абшарах Польшчы, касцёл зноў вярнулі піярам, але ўжо ў савецкія часы там дзейнічаў планетарый. Сёння ў будынку касцёла знаходзіцца Свята-Міхайлаўскі праваслаўны сабор.

 

Гісторыя піяраў у Лідзе дзіўная, як і гісторыя нашага Краю. У 1939 г. у Ліду з Кракава прыбыў на служэнне а. Станіслаў Роек SP, піяр. Ён служыў тут ажно да самай смерці ў 1996 г. З 1970-х гадоў кс. Станіслаў быў адзіным каталіцкім святаром у Лідзе, але жыў не ў манаскай супольнасці, як належыць піярам, а адзін, служачы ў лідскім фарным касцёле. Ажно два разы была ўчынена спроба замаху на яго жыццё. Ён працаваў у надзвычай варожых умовах з боку савецкай улады, але жыхары Ліды яго вельмі любілі. Сёння гэтага святара памятаюць, шануюць, а пахаваны ён каля лідскага фарнага касцёла.

Гісторыя піяраў у Лідзе не скончылася пасля закрыцця касцёла, як і не скончылася пасля смерці а. Станіслава Ройка SP, яна працягваецца і сёння. У 1998 г. у мікрараёне Індустрыяльны ў Лідзе была заснавана новая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе служаць айцы піяры. Памятаючы і шануючы сваю гісторыю, гэты ордэн прыняў рашэнне аднавіць служэнне на новым месцы, пабудаваўшы тут касцёл, у першую чаргу — Касцёл з людскіх сэрцаў.

Я сустрэлася з айцамі, якія сёння апякуюцца парафіяй і касцёлам імя св. Юзафа Каласанса, — а. Андрэем Агелем SP, пробашчам парафіі, і вікарыем а. Аляксандрам Махначом SP. Айца Андрэя, які служыць тут ужо 17 гадоў, амаль з заснавання парафіі, я ведаю з дзяцінства, бо сама выхоўвалася ў гэтым касцёле. За гэты час парафія прайшла праз пачатковы перыяд станаўлення, пабудавала новы касцёл, некалькі пакаленняў дзяцей і моладзі атрымалі хрысціянскае выхаванне. Як кажа а. Андрэй, парафія ўфармаваная і малітоўна, і духоўна. Ведаючы пра 300-гадовую гісторыю служэння піяраў у Беларусі, мне было цікава, што натхніла а. Андрэя і а. Аляксандра пайсці менавіта ў гэты ордэн.

— Я вырас у Шчучыне, — кажа а. Андрэй, — але ажно да канца 80-х гадоў піярскі касцёл там быў зачынены, а кляштар быў заняты ваеннаю часткаю. Калі ў Шчучын прыбыў айцец Рышард Якубец SP, ён адразу пачаў аднаўляць касцёл. Пазней многія гады там працаваў айцец Казімір Вуйцяк SP, якому ў душпастырстве дапамагалі сёстры назарэтанкі. Я глядзеў на гэтых святароў, якія дагэтуль застаюцца для мяне аўтарытэтамі ў працы з дзецьмі і моладдзю. Яны цалкам аддаваліся працы, укладвалі шмат сваіх сілаў у служэнне Богу і людзям. На той час у Беларусі не было яшчэ столькі ордэнаў, каб пазнаёміцца з іншымі харызмамі, але я ніколі не пашкадаваў, што з’яўляюся менавіта піярам.

— Я таксама рос у Шчучыне, — дадае а. Аляксандр, — і мяне моцна захаплялі канікулы з Богам пры касцёле. З Кракава прыязджалі клерыкі, якія наладжвалі спевы, розныя забавы, прывозілі падарункі. Я нават падглядваў, як яны працуюць. Было вельмі цікава слухаць навуку для дзяцей, асабіста размаўляць з імі. А яшчэ якраз з 9-га класа я захацеў стаць настаўнікам, адначасова адчуваючы ў сэрцы прагу быць бліжэй да Бога. Спачатку я не ведаў, што піяры пакліканыя займаццца дзецьмі і моладдзю, а калі даведаўся, то сумненняў пайсці да піяраў не было.

На пытанне, ці не расчаравала святароў тое, што даводзіцца весці звычайную душпастырскую дзейнасць, калі айцы ордэну пакліканыя працаваць у школах, якія і сёння адчыненыя ў Польшчы і па ўсім свеце, але ў Беларусі пакуль няма такой дамовы з дзяржавай, а. Аляксандр адказвае:

— Калі наш генеральны настаяцель быў у Беларусі, ён сказаў, што як няма магчымасці працаваць у школе, то мы павінны працаваць у парафіі, захоўваючы харызмат ордэну. А гэта значыць, што мы павінны імкнуцца быць адкрытымі на ўсіх дзяцей і моладзь, самі праводзіць катэхезу ў парафіі, што сёння і адбываецца, напрыклад, у Шчучыне. Мы арганізуем дні піярскай моладзі, ездзім на еўрапейскія піярскія сустрэчы дзяцей і моладзі і робім шмат іншага. Таксама, калі запрашаюць, мы наведваем дзіцячыя садкі.

І айцец Андрэй, і айцец Аляксандр — добрыя пастыры для ўсіх парафіянаў. Галоўным плёнам працы а. Андрэй лічыць збудаваны Касцёл — у першую чаргу — парафіяльную супольнасць. Святара моцна радуе вялікая колькасць дзяцей, якія прыступаюць да сакрамэнтаў. У той жа час служэнне а. Андрэя многія гады займала будова касцёла і кляштара — гэта вялікія намаганні і вялікі плён на карысць людзям і на Божую хвалу.

Айца Аляксандра робіць шчаслівым тое, што ён бачыць плён праведзеных у мінулым катэхезаў, сустрэчаў моладзі, канікулаў з Богам — ён бачыць дарослых людзей, якія стварылі свае сем’і і захавалі, развілі веру, закладзеную ў маленстве.

Успамінаючы дзяцінства, юнацтва, праведзенае ў касцёле, калі мы падлеткамі ездзілі на Парафіяду ў Варшаву, на сустрэчы моладзі, я заўважаю, што кожны, незалежна ад узроўню сваёй веры, пазнання Бога, знаходзіць сабе месца пры піярскіх парафіях. Напрыклад, чалавек можа яшчэ толькі шукаць Бога, але ён ужо камфортна адчувае сябе ў касцёле. Чалавека не асу­джаюць, не выганяюць, не маралізуюць — яго проста прымаюць. Хто хоча глыбейшага пазнання Бога, можа заўсёды атрымаць яго тут, а хто яшчэ не гатовы, таксама адчуе сябе любімым і неабходным...

Хочацца пажадаць айцам піярам, якія служаць у Беларусі, не здавацца, развіваць сваё пакліканне, служыць людзям, служыць дзецям і моладзі, аддаваць ім усё самае лепшае і бачыць плён сваёй працы. Няхай св. Юзаф Каласанс і ўсе святыя заступнікі, якія на працягу гэтых 300 гадоў аддавалі сваё жыццё выхаванню беларускіх дзяцей, моляцца за нас і духоўна дапамагаюць у працы.


Вольга Качалка

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней