«Не могуць стрымаць радасці». У Івянцы прайшла сустрэча маладых кансэкраваных асобаў [фотарэпартаж]

Вось прабегла сястра ў кармэліцкім габіце, некуды спяшаючыся. Вось чую смех ва ўвесь голас двух айцоў салезіянаў... Абдымкі, спевы, малітва і супольная кава, трэнінгі, майстар-класы і размовы. Гэта сустрэча маладых кансэкраваных асобаў у Івянцы, якой яны так доўга чакалі і якая не магла адбыцца з-за пандэміі, а цяпер, сустрэўшыся, усе не могуць стрымаць радасці.


Я прыехала ў івянецкі кляштар айцоў францішканаў ранкам 25 жніўня, каб зрабіць фотарэпартаж і напісаць пра сустрэчу манахаў і манахінь. Кляштар увесь гудзеў, бо ў катэхетычным класе манаская моладзь ужо ва ўсю знаёмілася, прадстаўляла сябе, свой ордэн. Кожны атрымліваў ад арганізатараў сальнічку і бранзалет з цытатаю: «Вы — соль зямлі». Гэты дэвіз прайшоў праз увесь дзень засяроджання: прапанавалася паразважаць над ім і падзяліцца ўласным вопытам перажывання сваёй манаскай абранасці.

Наогул, праграма была вельмі насычанаю, але не цяжкаю, бо такія сустрэчы патрэбныя найперш для стварэння братэрскай атмасферы, каб аднавіць і падтрымаць дух адзінства манаскіх асобаў Беларусі. Такога фармату сустрэчы ўжо праводзіліся ў мінулыя гады ў Баранавічах і доўжыліся некалькі дзён, іх арганізатарам была сястра Міхаліна Маркевіч OP. А сёлета, па вядомых прычынах, сустрэча была аднадзённаю, а эстафету ад сястры Міхаліны пераняў айцец Яўген Голуб OFMConv і францішканскі кляштар у Івянцы. Дапамагала ў арганізацыі сустрэчы кансэкраваных асобаў сястра Вераніка Казлоўская CSCIJ.

«Можаце сабе ўявіць трыццаць манахаў і манахінь у адным месцы? — піша ў сваім Instagram а. Яўген. — Напэўна, думаеце, будзе шмат малітвы, ціха, засяроджана ды сумна? Спецыяльна для вас у Івянцы мы гэта праверылі — і фотаздымкі нават не перадаюць усёй атмасферы, песень, смеху і гекталітраў выпітага капучына. Дэвіз дня: „Вы  — соль зямлі“ (Мц 5, 13). Соль дадае смак, а яшчэ захоўвае, у вялікіх колькасцях нястраўная, а колер мае, дзякуючы таму, што святло адбіваецца ад шматлікіх крышталікаў. З манаствам неяк падобна: выклікае цэлы спектр эмоцый, апроч абыякавасці, не з’яўляецца „галоўным інгрыдыентам“ у Касцёле, але дзякуючы разнастайнасці асобаў, досведаў і харызмаў надае смак і колер».

Выступаў з лекцыяй, якая была наступным пасля знаёмства пунктам праграмы, айцец Яцэк Дубіцкі CM, прыехаўшы ажно з Шарашова Брэсцкай вобласці. Місіянер не прамаўляў нейкіх «дзяжурных» словаў, а горача, з неабыякавасцю казаў тое, што хвалюе яго самога, — гэта было часам востра, часам весела — казаў пра Хрыстовае прапаведаванне, якое сёння ўнутры Касцёла часта стараюцца злагодзіць, прачытаць па-іншаму. І ад гэтага, на думку а. Яцэка, Касцёл апынаецца ў крызісе.

Пасля такой «закваскі» было абмеркаванне ў групах пачутага, а таксама кожны дзяліўся сваім досведам жыцця ў манастве: пачынаючы з дзіўных рэакцый людзей на габіт, заканчваючы крызісамі ў служэнні, калі людзі прыходзяць з мноствам праблемаў, а ты хіба нічым не можаш дапамагчы…

Пасля абеду, які быў падрыхтаваны мясцовымі парафіянамі, час быў прысвечаны малітве. Удзельнікі сустрэчы памаліліся разам на адарацыі Найсвяцешага Сакрамэнту, а таксама на святой Імшы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі, які сам з’яўляецца манахам ордэну салезіянаў. Падчас гаміліі біскуп Аляксандр падкрэсліў выключную ролю манаскіх асобаў у вачах Бога, калі, паклікаўшы іх да служэння, Ён чакае поўнай адданасці, але адначасова надзяляе вялікімі ласкамі. Разам з біскупам Аляксандрам на сустрэчу маладых кансэкраваных асобаў прыбыў таксама айцец Віктар Гайдукевіч SDB, які цяпер узначальвае Каардынацыйную групу вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі. Ён падзякаваў за арганізацыю і правядзенне сустрэчы для маладых манаскіх асобаў і падкрэсліў значную ролю такіх мерапрыемтсваў для ўзаемападтрымкі і еднасці сярод духавенства.

Пасля святой Імшы прыйшоў час, напэўна, для самай актыўнай часткі праграмы — майстар-класаў. Уразіла, што для іх правядзення былі запрошаныя сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы: фаторгаф Віктар Малышчыц прыадкрыў сакрэты добрых фота, мастачка і пісьменніца Надзея Бука расказвала пра асноўныя прынцыпы кампазіцыі, якія можна прымяніць у стварэнні касцёльных дэкарацый, а бальнічныя клоўны «Доктар Нос» расказалі пра наладжванне кантакту з дзецьмі. Дарэчы, клоўны Лешы і Ізя напісалі цудоўны водгук пра айцоў і сясцёр у сябе ў фэйсбуку:

«Чаго яны толькі ні вытваралі. Яны ўсё ўмеюць! Вельмі чулыя і ўважлівыя, а яшчэ фізічна моцныя — адно што па сценах не бегалі… Былі ў нас слухачы і так падрыхтаваныя, бо яны працуюць з дзецьмі аддана і ад чыстага сэрца. Але з сённяшняга дня пачнуць жыць і працаваць з чырвонымі насамі — яны ж цяпер нас ведаюць!»

Завяршаўся дзень паволі, бо ўсім яшчэ хацелася зрабіць фота на памяць, напрыканцы трэба было паспець абняцца і нагаварыцца, бо калі яшчэ ўдасца ўбачыцца… Размаўляючы з удзельнікамі сустрэчы, адчувалася адно: ім так патрэбна быць разам, ім так добра разам! Напэўна, для шчырых хрысціянаў наогул уласціва гэта нябачная повязь веры, калі без лішніх словаў зразумела, для чаго жывём і Хто для нас найважнейшы ў жыцці… Але ў манаскіх асобаў дадаецца яшчэ і тое, што ўсе яны пакліканы жыць у чысціні, паслушэнстве і беднасці. Гэта выбар не з лёгкіх, і таму яны адно аднаго разумеюць неяк асабліва, салідарна.  

 


Вольга Адамовіч
Фота аўтара

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней