Да 400-годдзя з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе
У ліпені Касцёл на Беларусі будзе ўрачыста святкаваць чатырохсотгоддзе з’яўлення на нашай зямлі ў вёсцы Будслаў цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Падчас урачыстасцяў біскупы на чале з Яго Эксцэленцыяй мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам здзейсняць акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Такая традыцыя і практыкі, звязаныя з ёю, маюць даўнюю гісторыю.
Калі мне даводзіцца гутарыць з кім-небудзь пра Панну Марыю, я лаўлю сябе на думцы, што часцей за ўсё гэтую размову пачынаю такімі словамі: «Марыя была Беззаганна Зачатая, таму злы дух не мае над Ёю ўлады». Гэта значыць, што прысвячэнне сябе Яе Беззаганнаму Сэрцу — найлягчэйшы і найдасканалейшы спосаб перамогі над злым духам.
Найбольш поўна апісаў і раскрыў сутнасць гэтага практыкавання святы Людовік Марыя Грыньён дэ Манфор у сваёй кнізе «Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі» і невялікай брашурцы «Таямніца Марыі».
Гэты святар і доктар Касцёла нарадзіўся ў Францыі 31 студзеня 1673 года. Ён вёў насычанае місіянерскае жыццё, заснаваў дзве манаскія супольнасці. Памёр ва ўзросце 46 гадоў 28 красавіка 1716 года. Кананізаваны 20 ліпеня 1947 года.
У дапаможніку Легіёну Марыі прыводзяцца словы кардынала Тэдэскіні, тагачаснага пробашча сабора св. Пятра, прамоўленыя на адкрыцці статуі святога ў гэтым ватыканскім саборы 8 снежня 1948 года: «Святы Грыньён дэ Манфор — не толькі заснавальнік манаскіх ордэнаў, але і місіянер. І нават больш, чым місіянер: мы шануем у яго асобе доктара Касцёла і тэолага, які даў нам вучэнне пра Божую Маці, якое пераўзышло ўсё, што было напісана раней у гэтай галіне. Ён з такою глыбінёю даследаваў ушанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі і да такой ступені пашырыў кругагляд, што, бясспрэчна, стаў прадвызначальнікам сучасных цудоўных аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі — ад Люрда да Фацімы, ад прыняцця догмату аб беззаганным Зачацці да заснавання Легіёну Марыі. Ён стаў абвяшчальнікам так доўга чаканага збаўлення, якое Найсвяцейшая Панна Марыя аб’явіць свету праз сваё Беззаганнае Сэрца, калі прыйдзе паўната часу».
Мы не будзем тут распавядаць пра спадчыну св. Людовіка дэ Манфора і пра сутнасць яго кніг. Чытачу, якога зацікавіў гэты святы, лепш за ўсё самому пазнаёміцца з яго працамі.
Для таго, каб паказаць плён практыкі прысвячэння сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі, варта прывесці некалькі прыкладаў.
Гэтая традыцыя вельмі багатая на Беларусі і звязана яна якраз з цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай.
У кнізе айца Элеўтэра Зеляевіча «Задыяк на зямлі» апісваюцца цуды, учыненыя праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай. Шматлікія выпадкі аздараўлення і навяртання, апісаныя ў гэтай кнізе, адбываліся, як сцвярджае аўтар, праз прысвячэнне сябе цудадзейнаму абразу Марыі. Вось некаторыя з іх.
«Дачка пана Яна Бужынскага, імем Зоф’я, у аўторак у святочны дзень упала ў сажалку і ўтапілася; і, шмат часу там прабыўшы, калі яе выцягнулі, уся ўжо счарнела, вочы выйшлі з арбітаў, не дыхала і так раздулася, што сарочку на ёй давялося разрэзаць. Калі ж бацькі з вялікім галашэннем і надзеяй прысвяцілі яе абразу Найсвяцейшай Панны, дзяўчынка адразу ж вярнулася да жыцця; гэта адбылося на вачах многіх людзей, якія былі тады ў доме.
Пан Ян Годуць пакутаваў ад такога моцнага галаўнога болю, што аслеп на абодва вокі. І калі ўжо зямныя лекары не маглі яму нічым дапамагчы, ён са слязьмі даручыў сябе таму цудадзейнаму месцу, і праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны зрок да яго вярнуўся.
Яго міласць пан Леварт Язерскі сваю гадавалую дачушку, хворую, амаль пры смерці, даручыў з вялікай верай гэтаму ж абразу, і Бог яго суцешыў яе аздараўленнем. Ён жа пацвердзіў і тое, што калі ягоны слуга, імем Лукаш Драчыч, які цяжка хворы ляжаў ужо на смяротным ложы і страціў ужо слых і зрок, даручыў сябе таму цудадзейнаму абразу, то адразу ж ачуняў.
Яе міласць панна Катажына Вайнянка, у моцнай гарачцы лежачы, ужо памірала. Але яе бацькі, а менавіта бацька, яго міласць пан Якуб Война, прысвяціў яе цудадзейнаму будслаўскаму абразу Найсвяцейшай Панны, і дачка вярнулася да ранейшага здароўя».
Паспрабуем зразумець, чаму такім плённым у жыцці чалавека з’яўляецца прысвячэнне сябе Беззаганнай Панне Марыі.
Як вядома, Маці Божая не мае граху, таму душа, прысвечаная Ёй, атрымлівае асаблівы прывілей па прыкладзе Марыі быць асаблівым чынам узлюбленай Богам. Гэта душа становіцца «начыннем», у якое Пан Бог з задавальненнем улівае многія свае ласкі, у тым ліку і тыя, аб якіх душа папросіць Яго.
Вось што піша пра гэта св. Людовік дэ Манфор: «Няшчасныя дзеці Марыі, ваша слабасць бясконцая, ваша няўпэўненасць вялікая, ваша ўнутранасць грэшная. Вы такія ж, як і многія выгнаныя нашчадкі Адама і Евы, але не адчайвайцеся і не губляйце надзеі. Суцешцеся і ўзрадуйцеся — у гэтым таямніца, якую я вам распавяду, пра яе не падазраюць многія, нават самыя пабожныя хрысціяне.
Не захоўвайце вашыя скарбы ў скрынях, наскрозь струхлелых ад ілжывага духу, які дабраўся і да вас, у скрынях, занадта малых і занадта састарэлых для такога вялікага і каштоўнага скарбу. Не налівайце чыстую і празрыстую крынічную ваду ў начынне, сапсаванае грахом і смярдзючае ад яго; калі ў ім больш няма граху, то яшчэ застаўся яго смурод, і свежая вада сапсуецца. Не ўлівайце добрае віно ў старыя бочкі, у якіх раней было віно дрэннае, каб не загубіць добрае і не распаўсюдзіць заразы... Прынясіце і складзіце каля Сэрца Марыі ўсе вашыя скарбы, усе вашыя даброты і міласці... І Марыя, ласкі поўная і вольная ад граху, Найсвяцейшая сярод святых, ніколі не адвернецца ад тых, хто з любоўю аддаўся Ёй».
Вось чаму такім важным для Бога і людзей з’яўляецца прысвячэнне Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Для Бога — таму што Ён такім чынам адшуквае тут, на зямлі, душы, у якіх Ён найбольш поўна і дасканала можа ўцелавіцца з усімі сваімі міласцямі. Для людзей — таму што гэта дазваляе Богу глыбей і шчыльней увайсці ў чалавечае жыццё і напоўніць яго сваім благаслаўленнем і шчасцем.
Таму варта аддаць і прысвяціць сябе Панне Марыі, і зрабіць гэта трэба сур’ёзна і з вялікай пашанай, каб знайсці ў Яе Беззаганным Сэрцы надзейную абарону ад выклікаў гэтага свету, якія становяцца ўсё больш агрэсіўнымі і небяспечнымі.
Святы Людовік дэ Манфор пісаў: «Каб стаць святым, трэба знайсці ласку ў Пана, а каб знайсці ласку ў Пана, трэба знайсці Марыю, бо толькі адна Панна Марыя знайшла ласку ў Пана для сябе і для іншых».
У наступных матэрыялах мы паспрабуем зазірнуць у лёсы розных людзей, якія зведалі прысутнасць матчынай ласкі Найсвяцейшай Панны Марыі. Людзей, вядомых і невядомых, блізкіх нам і далёкіх ад нас, вялікіх і простых, але вельмі падобных паміж сабой тым, што ў іх сэрцах заўсёды была любоў да Панны Марыі як да сваёй роднай Маці.