«Міласэрнасць і місія». Пра духоўную сям’ю святога Вінцэнта дэ Поля

Недастаткова таго, што я сам люблю Бога, калі мой бліжні Яго не любіць.

Св. Вінцэнт дэ Поль


Духоўная сям’я святога Вінцэнта дэ Поля «Міласэрнасць і місія», апрача манаскіх кангрэгацый, налічвае нямала дабрачынных таварыстваў свецкіх вернікаў, што таксама спрычыняюцца да рэалізацыі галоўнай вінцэнтынскай харызмы — служыць Хрысту ў абліччы бедных, хворых, пакінутых і нямоглых. 

Народжаныя для неба святы Вінцэнт дэ Поль (1581–1660) і святая Луіза дэ Марыяк (1591–1660) узгадваюцца сваімі паслядоўнікамі як «прарокі міласэрнасці», харызма якіх была, ёсць і будзе актуальнаю ў наступных пакаленнях, таму што, як сказаў Езус, «убогіх заўсёды маеце пры сабе» (Ян 12, 8).

Прапануем з перспектывы нашага веку зір­нуць на той вялікі абсяг да­бра­чыннай і апостальскай дзейнас­ці, з якой місіянеры святога Він­цэнта дэ Поля ішлі і працягваюць ісці ў розныя краіны свету. 

У духоўнай сям’і гэтага вялікага святога на працягу стагоддзяў  вылучылася некалькі найбольш значных адгалінаванняў. 

У першую чаргу трэба згадаць Кангрэгацыю айцоў мі­сіянераў святога Вінцэнта дэ Поля, якая ўзнікла ў 1625 годзе ў Францыі. Айцы місіянеры пры­свяцілі сябе працы на карысць убогіх. Ад пачатку існавання кангрэгацыі яны падарожнічалі ад вёскі да вёскі і прамаўлялі казанні, катэхізавалі і заахвочва­лі да шчырай споведзі з усяго жыц­ця. Акрамя таго, іх задачаю была належная падрыхтоўка добрых святароў.

Кангрэгацыя дачок міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля (сёстры шарыткі) ўзнікла таксама ў першай трэці XVII стагоддзя ў Францыі. У 1633 годзе св. Вінцэнт даручыў св. Луізе фармацыю маладых дзяўчат, якіх Бог паклікаў да служэння ўбогім. «Каб быць сапраўднаю дачкою міласэрнасці, — казаў св. Вінцэнт, — трэба чыніць тое, што чыніў Божы Сын на зямлі. Што ж Ён чыніў? Няспынна працаваў дзеля дабра бліжняга, наведваючы і аздараўляючы хворых, навучаючы няўмелых, каб прывесці іх да збаўлення». Сёс­тры міласэрнасці апякуюцца беднымі ў іх дамах, у шпіталях, у сацыяльных прытулках, у выхаваўчых асяродках, дзіцячых садках і школах (праводзячы катэхезы), а таксама падчас замежных місій.

Таварыства міласэрнасці святога Вінцэнта дэ Поля ўзнікла тады, калі святы Вінцэнт, глыбока ўзрушаны ўбоствам і цярпеннем насельнікаў Парыжа, вырашыў прысвяціць сваё жыц­цё бедным. Зразумеўшы, што распаўсюджванне міласэрнасці павінна быць арганізавана, у 1617 г. ён заснаваў Таварыства дам міласэрнасці. Да сённяшняга дня мэтаю Таварыства з’яўляецца сведчанне міласэрнасці ў духу св. Вінцэнта дэ Поля для тых, каму найбольш патрэбна да­памога.

Канферэнцыя таварыства св. Вінцэнта дэ Поля была створана ў Парыжы ў 1833 г. Фры­дэрыкам Азанамам, 20-гадовым студэнтам з Сарбоны. Разам з сябрамі студэнтамі ён пачаў шукаць і наведваць парыж­скіх беднякоў. Гэтая маленькая група маладых людзей выбрала сваім апекуном святога Вінцэнта дэ Поля. Падобныя групы, якія ў перакладзе з французскай мовы называліся «канферэнцыямі», пачалі распаўсюджвацца ў Фран­цыі, а пасля — ва ўсім хрысціянскім свеце. Мэта Канферэнцыі таварыства св. Вінцэнта дэ Поля — сведчыць пра міласэрнасць, аказваючы духоўную і матэрыяльную дапамогу бедным і церпячым незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці, а таксама паглыбляць духоўнае жыццё ўдзельнікаў Канферэнцыі.

Таварыства цудадзейнага медаліка было зацверджана ў 1905 годзе. Яно цесна звязана з аб’яўленнямі Маці Божай святой Кацярыне Лябурэ, што адбываліся ў 1830 годзе. Галоўная задача Таварыства — пашырэнне культу Найсвяцейшай Пан­ны Марыі праз цудадзейны медалік. 

Таварыства марыйнай моладзі імя св. Вінцэнта дэ Поля сваімі вытокамі таксама ўзыходзіць да аб’яўленняў святой Кацярыне Лябурэ ў капліцы сясцёр шарытак у Парыжы. Да Таварыства належаць дзеці і моладзь, якія прагнуць жыць у Марыйным духу і пашыраць хвалу Найсвяцейшай Панны Марыі, Беззаганна Зачатай. Распазнавальным знакам Таварыства з’яўляецца цудадзейны медалік, а галоўная задача руху — выхаванне дзяцей і моладзі ў веры і малітве і падрыхтоўка іх да апостальства ў межах духоўнай сям’і св. Вінцэнта дэ Поля.

Харызма апош­ніх двух таварыстваў стане больш зразумелаю, калі падрабязней распавесці пра зга­даны цудадзейны ме­далік. З ім звязаны яшчэ адзін юбілей, які адзначае духоўная сям’я св. Вінцэнта: 180 гадоў таму, 27 лістапада 1830 года, Маці Божая аб’явілася тады яшчэ маладой навіцыятцы Ка­цярыне Лябурэ. У руках Най­свяцейшая Панна трымала зямны шар, а позірк свой скіроўвала ўвысь. Кацярына пачула: «Гэ­ты шар азначае ўвесь свет, Францыю і кожнага чалавека паасобку...» Пасля дзяўчына заўважыла на пальцах Найсвяцейшай Дзевы пярсцёнкі, аздобленыя каштоўнымі камянямі, ад якіх сыходзілі прыгожыя прамяні. Маці Божая паглядзела на Кацярыну і сказала: «Прамяні — гэта сімвал ласкаў, якія Я ўдзялю кожнаму, хто папросіць». У гэты час вакол Яе ўтварыўся своеасаблівы авальны абраз, а ўскрай яго залатымі літарамі былі выпісаныя словы: «О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае». І пачуўся голас: «Пастарайся, каб па гэтым узоры быў адціснуты медалік. Усе, хто будзе яго насіць, атрымаюць шмат ласкаў. Ласкі будуць шчодрыя для тых, хто будзе насіць яго з даверам». Праз хвіліну абраз павярнуўся. На рэверсе медаліка бы­ла літара «М» з крыжам над ёю, а знізу — два сэрцы: Езуса і Марыі; ад­но — абвітае цярновым вянцом, а другое — прабітае мячом. Вакол бы­ло дванаццаць зорак. Кацярына пачула: «Літара „М“ і два сэрцы значаць вельмі шмат».

Дзякуючы медаліку, адціснутаму па гэтым узоры, адбылося шмат цудаў і навяртанняў ва ўсім свеце. Можна сказаць, што такім цудоўным чынам Маці Божая аддзячыла людзям за тое, што св. Вінцэнт дэ Поль і св. Луіза дэ Марыяк абралі Яе апякункаю духоўнай сям’і «Міласэрнасць і місія». Заснавальнікі гэтай сям’і яшчэ раз паказалі ўсяму свету, што Бог ніколі не пакідае і шчодра адорвае нябеснымі дабротамі тых, хто бязмежна Яму давярае.

Айцец Яцэк Дубіцкі CM, місіянер святога Вінцэнта дэ Поля, пробашч парафіі ў Шарашове, Пінская дыяцэзія

Сёстры шарыткі ў Беларусі


Падрыхтавала Ганна Серэхан
Надрукавана ў «Ave Maria» № 11, 2010 г.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней