Велікапоснае апостальства ў Беларусі

Я належу да супольнасці сясцёр адаратарак Крыві Хрыста, якія выконваюць сваю апостальскую дзейнасць у Польшчы. У Беларусі я працавала 1 год, але ў мяне засталося шмат розных успамінаў, якімі я хацела б падзяліцца.




25 лютага 2009 г., у Папяльцовую сераду, я паехала ў парафію ў Порплішчах. У той дзень было вельмі холадна. Я павінна была казаць пра набажэнства да Крыві Хрыста і заахвочваць людзей да малітвы падчас Вялікага посту.

Па дарозе ў вёску Барсукі мы забралі спадара Станіслава, якому было ўжо 93 гады. Ён сказаў, што ўрач з-за прастуды забараніў яму выходзіць з хаты, але ён адказаў, што на св. Імшу ў Папяльцовую сераду пойдзе, дадаўшы: «Калі людзі не ходзяць у касцёл, прапускаючы св. Імшу, то Кроў Хрыста льецца дарэмна». Пачуўшы гэта, я падумала, наколькі вялікая тэалогія Крыві Хрыста ў гэтым чалавеку, што гэта проста жыццё Крывёю Хрыста.

У пятніцу, 27 лютага 2009 г., я прыняла ўдзел у св. Імшы і Крыжовым шляху ў Глыбокім. Пасля малітвы я расказала ўсім прысутным у касцёле пра таямніцу Крыві Хрыста. Зацікаўленасць была настолькі вялікая, што ўсе малітоўнікі і ружанцы да Крыві Хрыста хутка зніклі, а вялікай колькасці людзей іх нават не хапіла.

Чацвер 5 сакавіка быў цудоўным днём, у які кс. Уладзіслаў завёз мяне і сястру Марыяну ў сваю парафію каля Мінска — у Мар’іну Горку, дзе я сустрэла шмат чалавечай дабрыні, а сабраная ў касцёле група людзей не хацела з намі развітвацца — яны думалі, што мы ў іх застанемся, але пакуль што засталіся рэліквіі св. Марыі дэ Маціяс.

Раніцай 8 сакавіка, у нядзелю, калі Докшыцы яшчэ спалі, я адправілася ў наступнае падарожжа. У гэты дзень была вялікая галалёдзіца, але з Божаю дапамогаю я дабралася да вакзала, шчасліва несучы торбу з малітоўнікамі і ружанцамі, а таксама рэліквіямі Марыі дэ Маціяс. Я адчувала сябе бяспечна, бо ведала, што маці заснавальніца мяне правядзе. Прыехаўшы ў Лепель, я не разумеючы, куды мне трэба ісці, убачыла машыну, з якой выйшлі мужчына і жанчына, і спытала, як дайсці да касцёла, а ў адказ пачула: «Вы хочаце ў касцёл?  А Вы з Докшыцаў?» З вялікім здзіўленнем я адказала: «Так». І чалавек пачаў казаць, што ён чуў аб нашай заснавальніцы — св. Марыі дэ Маціяс. Хто з людзей мог бы прыдумаць такі сцэнарый падзеяў?

У касцёле я ўбачыла маладога святара — кс. Андрэя. Пасля прывітання і кароткай размовы я падумала, што настаў добры момант, каб пазнаёміць яго з Ружанцам да Крыві Хрыста. Я выцягнула чырвоны ружанец і пачала расказваць, а святар мне сказаў: «Я ведаю гэты Ружанец! 10-гадовым хлопчыкам я маліўся на ім! Было гэта так: у Лідзе, адкуль я паходжу, быў адзін ружанец і адзін малітоўнік. Тады збіралася група людзей і яны ўсе разам маліліся. Найболей было старэйшых, і я быў з імі, таму што мая бабуля мяне брала з сабой. Аказалася, што з часам я стаў ім вельмі патрэбным, бо апроч малітвы я рамантаваў ружанцы, а разарваныя пацеркі-рэшткі я перарабляў на ружанцы да Крыві Хрыста. Яны не былі чырвонымі, а мелі розныя колеры.  Можа, дзякуючы гэтаму, сёння я — святар». Я слухала і дзякавала Богу за ўсе цудоўныя справы, якія Ён зрабіў.

Праз тыдзень, 15 сакавіка, калі яшчэ было шэра, я паехала ў Шаркаўшчыну з торбай, як заўсёды, поўнай малітоўнікаў і ружанцаў да Крыві Хрыста. Пакуль я ішла праз Докшыцы (каля 30 хвілін), я малілася за яшчэ сонны горад. Было вельмі ціха, нават сабакі не брахалі. Я нікога не сустрэла, але была вельмі ўсхваляваная, таму што не ведала маршруту, і, акрамя гэтага, мне трэба было перасесці ў іншы аўтобус. Я даверылася Богу. У Глыбокім, дзе мне трэба было перасесці ў іншы аўтобус, мне ўдалося купіць білет і перасесці ў патрэбным напрамку. Вадзіцель, у якога я спыталася пра касцёл у Шаркаўшчыне, спыніўся перад самаю брамаю. Я выйшла, а ўслед за мною ўсе бабулі, якія ехалі з розных вёсак. Пасля супольнай малітвы і шматлікіх размоваў я паехала назад дамоў. Праводзіў мяне пробашч, і якое ж было маё здзіўленне, калі найстарэйшая жыхарка Шаркаўшчыны — спадарыня Станіслава, з якой я гаварыла ў касцёле, прыйшла на вакзал, каб са мною развітацца. Божа, дзякую Табе за столькі знакаў Тваёй дабрыні!  Вяртаючыся, я малілася за людзей, якія захавалі сваю веру.

У чацвёртую нядзелю Вялікага посту мяне запрасілі ў вёску Новы Пагост, дзе працуе а. Цыстэрс. Прыехаўшы ў гэтую мясціну, ужо на аўтобусным прыпынку я ўбачыла трох дзяўчынак. Адна з іх трымала ў руках гітару. Гэта былі дзяўчаты, якія прыязджаюць у Докшыцы на рэкалекцыі. Яны даведаліся, што я прыеду, і выйшлі на прыпынак, каб мяне сустрэць. Вельмі радасным было наша прывітанне, пасля якога мы разам пайшлі ў касцёл. Айцец Роберт папрасіў мяне прамовіць адразу пасля Евангелля. Апавядаючы пра слова Божае, я адчувала вельмі пазітыўнае ўспрыманне таго, пра што гаварыла. Пасля Імшы дзяўчаты дапамаглі мне распаўсюджваць ружанцы і малітоўнікі сярод тых, хто хацеў атрымаць іх і маліцца да Крыві Хрыста. Ізноў  усім усяго не хапіла, так шмат было зацікаўленых.

27 сакавіка я паехала ў Наваполацк, у якім ёсць прыгожы белы касцёл. Там я прыняла ўдзел у Крыжовым шляху і св. Імшы. Падчас св. Імшы кс. пробашч Аляксандр Чайкоўскі прывітаў мяне і папрасіў, каб я расказала прысутным пра набажэнства да Крыві Хрыста і растлумачыла, як можна маліцца на Ружанцы да Крыві Хрыста, што я і зрабіла. Пасля заканчэння літургіі я яшчэ размаўляла з людзьмі і адказвала на іх пытанні.

28 i 29 сакавіка я была ў Полацку. У гэты раз спынілася ў сясцёр эўхарыстак, якія жывуць пры парафіі св. Андрэя Баболі. На сценах касцёла вісяць фрэскі, у якіх паказана пакутніцтва святога Андрэя Баболі. У св. Імшы ўдзельнічала шмат вернікаў. Пасля св. Імшы, перад заключным благаслаўленнем, кс. пробашч Францішак Кісель прадставіў мяне парафіянам і папрасіў да мікрафона, каб я расказала пра асаблівае набажэнства да Крыві Хрыста, якім з’яўляецца Ружанец.

Апошнім месцам маіх адведзінаў быў Віцебск. У Вербную нядзелю я сустрэлася з вернікамі ў касцёле св. Барбары. У алтары гэтага касцёла знаходзіцца вялікі абраз, на якім адлюстравана Пасхальнае Ягня са Старога Запавету. У цэнтры — вялікі крыж з абліччам скрываўленага Пана Езуса, а ў ніжняй частцы абраза — Апошняя Вячэра. Гледзячы на гэты абраз, я адклала падрыхтаваны тэкст і засяродзілася на тлумачэнні знакаў на гэтым абразе. Я гаварыла па-польску, а айцец дамініканін Міхаіл Ермашкевіч перакладаў на беларускую мову. Вялікае было маё здзіўленне, калі пасля Імшы я даведалася, што менавіта гэты айцец з’яўляецца творцам гэтага абраза.

...Час ляціць хутка, і неўзабаве будзе наступны Вялікі пост, у якім мы будзем асаблівым чынам разважаць і ўшаноўваць Кроў Хрыста, пралітую з любові да нас.

Жадаю, каб кожны дзень Вялікага посту 2012 года быў напоўнены досведам блізкасці з Богам у Яго Слове, Эўхарыстыі і іншым чалавеку, які разам з намі адкуплены каштоўнай Крывёю Ягняці. Благаслаўлёная Кроў Хрыста, назаўсёды благаслаўлёная!


Сястра Крыстына Кусак ASC

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней