Інтэрв'ю з Марынаю Пашук, доктарам біблійнай тэалогіі, адною з перакладчыкаў Бібліі на беларускую мову

9 студзеня ў Мінску ўручалася прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Па выніках 2018 г. сярод лаўрэатаў прэміі была і Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за пераклад з арыгінальнай мовы і выданне Новага Запавету на беларускай мове, што спрыяе ўзбагачэнню духоўнай спадчыны.


Прэмія «За духоўнае адраджэнне» існуе з 1997 года. Яна ўручаецца штогод за выдатныя дасягненні, якія садзейнічаюць захаванню і прымнажэнню нацыянальных культурных здабыткаў, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, сцвярджэнню духоўных каштоўнасцяў і маральных традыцый, ідэяў чалавека­любства, дабрачыннасці і міласэрнасці.

Першае поўнае афіцыйнае рыма-каталіцкае выданне Новага Запавету па-беларуску — гэта плён шматгадовай працы Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, у склад якой уваходзяць кс. д-р Ян Крэміс, д-р Марына Пашук, кс. ліц. Аркадзь Куляха OCD, кс. ліц. Ян Кучынскі, кс. ліц. Ігар Ла­шук, кс. прэлат Францішак Кісель, маг. Антон Кузьміч, філолаг Марыя Барткова, а таксама кансультант кс. ліц. Валерый Быкоўскі. З нагоды атрымання высокай узнагароды мы сустрэліся з Марынаю Пашук і паразмаўлялі пра тое, з чаго пачыналася і як вялася праца па афіцыйным перакладзе Святога Пісання на беларускую мову.

— Спадарыня Марына, да­звольце павіншаваць Вас і ўвесь калектыў Секцыі па перакладзе з высокаю і заслужанаю ўзнагародаю — дзяржаўнай прэміяй «За духоўнае адраджэнне». Скажыце, як успрыняў ваш калектыў і Вы асабіста гэтую ўзнагароду і якія пачуцці Вы перажываеце?

— У першую чаргу я адчуваю вялікі гонар за Касцёл, які быў заўважаны. Быў ацэнены ягоны ўклад у развіццё беларускай мовы і культуры. Гэтая ўзнагарода паказала, што Каталіцкі Касцёл робіць вельмі шмат для беларускага грамадства, для ўзрастання нацыянальнай самасвядомасці людзей. Касцёл ідзе ў нагу з часам і актыўна ўдзельнічае ў будаванні і жыцці нашага грамадства. Па-другое, я адчуваю радасць, што такім чынам прагучаў прыгожы гімн спрадвечнаму Божаму слову, якое не губляе сваёй актуальнасці таксама сёння. І менавіта так успрыняў узнагароду наш перакладчыцкі калектыў.

— Колькі часу заняў пераклад Новага Запавету на беларускую мову?

— Пераклад Новага Запавету доўжыўся 15 гадоў. Першыя крокі нашай працы былі звязаныя з перакладам для Рымскага Імшала на беларускай мове антыфонаў, якія змяшчаюць цытаты з Бібліі. Падчас перакладу Імшала для дыяцэзій на Беларусі былі моцныя дыскусіі, адкуль браць гэтыя біблійныя тэксты. Для нас было вельмі важна, каб гэта быў пераклад з арыгінальных моваў. Менавіта тады ўтварылася біблійная група, якая занялася перакладам. Гэта быў наш першы досвед працы з тэкстам Святога Пісання, таму перад біблійнымі спасылкамі да антыфонаў мы ў некаторых выпадках, калі закрадвалася нейкае сумненне, дадавалі «пар.» (параўнай). Наступным этапам працы над біблійным тэкстам сталі трансляцыі святых Імшаў па-беларуску на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Неабходны быў афіцыйны, якасны пераклад літургічных біблійных чытанняў. Гэта быў другі крок. Затым узнікла неабходнасць у падрыхтоўцы літургічных сшыткаў з біблійнымі чытаннямі, каб па ўсёй Беларусі ў касцёлах чытаўся аднолькавы пераклад Божага слова. Ды і святары ўвесь час нас прыспешвалі, бо ў гэтых тэкстах была вялікая патрэба. Прыходзілася працаваць з раніцы да позняга вечара, кантактаваць з рознымі святарамі і спецыялістамі. Каб паспець распаўсюдзіць гатовыя сшыткі літургічных чытанняў падчас агульных сустрэчаў святароў, неаднойчы прыходзілася нават самім ездзіць у друкарню, якая займалася сшыўкай, і ў грамадскім транспарце ў торбах перавозіць гэтыя сшыткі. Так што прыходзілася і на гэта адводзіць час. Цяпер літургічныя сшыткі сабраныя пад цвёрдаю вокладкаю ў шасці тамах і ўжо з годнасцю выкарыстоўваюцца падчас святой Імшы.

— Цікава, што спачатку канкрэтнай мэты не было і пераклад Бібліі адбываўся паэтапна, з прычыны звычайных касцёльных патрэбаў.

— Так. Лагічным працягам гэтай працы стала аналізаванне перакладу чытырох Евангелляў, у якім не хапала некаторых фрагментаў. У выніку, дапрацаваўшы пераклад, у 2012 годзе разам з выдавецтвам «Про Хрысто» мы падрыхтавалі асобнае афіцыйнае выданне Евангелля на беларускай мове. Разам з падрыхтоўкай літургічных чытанняў вялася праца над перакладам Брэвіярыя, у якім знаходзіцца вельмі шмат біблійных тэкстаў. Калі сабралі разам усе перакла­дзеныя фрагменты з Новага Запавету, то ўбачылі, што не хапае толькі нязначнай часткі тэкстаў, акрамя Паслання да Габрэяў і Апакаліпсіса святога Яна. Гэтыя дзве кнігі былі прадстаўлены ў літургічных кнігах найменш, таму над імі прыйшлося папрацаваць больш. Так з’явіўся поўны пераклад на беларускую мову кніг Новага Запавету.

— Распавядзіце, калі ласка, пра ваш перакладчыцкі калектыў і пра асноўныя прынцыпы вашай калектыўнай працы над перакладам.

— Пачынаючы такую працу, як пераклад Бібліі, трэба сапраўды мець выразныя прынцыпы і накірунак. Напрыклад, у перакладзе ўласных назваў, пэўных тэалагічных тэрмінаў і біблійных паняццяў. Мы працавалі ў добрых умовах, бо за нашымі плячыма былі пераклады на беларускую мову нашых каталіцкіх святароў, пра якія нельга забывацца. Ужо існавала традыцыя перакладу біблійных тэкстаў, не было патрэбы ствараць нешта цалкам новае і займацца вынаходніцтвам. Канешне, калі штосьці не адпавядала гучанню сучаснай беларускай мовы, то прыходзілася шукаць больш сучасныя адпаведнікі, каб яны як мага лепш успрымаліся на слых і каб пераклад быў больш жывым і камунікатыўным. Калі не хапала нейкіх біблійных тэрмінаў, то іх прыходзілася распрацоўваць. Таму пераклад быў вельмі творчай і захапляльнай справай. Аднак, паколькі мы з’яўляемся прадстаўнікамі заходняй, лацінскай традыцыі, то ў першую чаргу за арыенцір мы бралі лацінскі тэкст, глядзелі, як там перадаюцца розныя паняцці, уласныя назвы, каб не парушаць гэтую традыцыю.

— Як часта трэба было кансультавацца з іншымі спецыялістамі?

— Ва ўсіх добрых справах заўсёды дапамагае Бог. Галоўнае, што знайшліся аднадумцы, якім не шкада было ні часу, ні сілаў, якія ўмелі спрачацца, але не парушаць годнасці іншага чалавека, маглі выказаць сваё меркаванне, але не адстойваць яго любым коштам. Гэта былі розныя людзі з адпаведнай тэалагічнай і філалагічнай адукацыяй. Мы ўмелі прымаць заўвагі, умелі згаджацца, калі гэтыя заўвагі былі слушныя. Нас аб’ядноўвала адзінае імкненне ­– прынесці карысць Касцёлу. Ніхто ні на кога не крыўдзіўся, на дыскусіях мы моцна не засяроджваліся, а што датычыць кампетэнцыі, то, канешне, можна бясконца імкнуцца да дасканаласці. Калі б мы ў першую чаргу хацелі стварыць абсалютна дасканалы пераклад, каб ніхто ні за што нас не крытыкаваў, то мы б гэтую працу не скончылі б і сёння...

— Тым больш, што Беларусь знаходзіцца на памежжы традыцый, і цяжка ўсім дагадзіць...

— Вядома! Часам у дыскусіях удзельнічала Канферэнцыя Біскупаў. Калі мы не маглі прыняць канчатковага рашэння, то важныя пытанні выносіліся на абмеркаванне біскупаў, якія і ставілі кропку ў спрэчках. Па самых складаных пытаннях, звязаных з перакладам, мы кансультаваліся з біблісткай Ганнай Кусьмірэк, доктарам габілітаваным, прафесарам Універсітэта імя кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве. Яна з’яўляецца аўтарам і рэдактарам інтэрлінеарнага перакладу ўсіх кніг Старога Запавету, таму больш кампетэнтную асобу ў пытаннях перакладу цяжка знайсці. Прафесар Ганна Кусьмірэк вельмі ахвотна зга­дзілася дапамагчы нам і заўсёды цікавілася, як ідуць справы, за што мы ёй вельмі ўдзячны.

— Якія набольш складаныя моманты былі падчас працы над перакладам? І што найбольш Вас захапляла падчас гэтай працы?

— Перакладчыцкая праца заўсёды сустракаецца з цяжкасцямі. З безлічы розных варыянтаў перакладу вельмі складана выбраць нешта адно. Прыходзілася браць пад увагу кантэкст, сэнс, агульны змест, каб захаваць адзінства ўсяго Святога Пісання. Трэба было зважаць на тое, як тыя ці іншыя словы будуць гучаць у паралельных месцах. Радаваліся, калі атрымлівалася знайсці найлепшы варыянт перакладу, які б адлюстроўваў сутнасць арыгіналу і перадаваў усю яго глыбіню. Напрыклад, слова каласоўнік (гр. ζιζάνιον [zizanion]) з прыпавесці Езуса (Мц 13, 24 і наст.). Вельмі цяжка на першы погляд адрозніць зло ад добрых рэчаў і наадварот. І толькі з часам добры колас набухае і прыно­сіць плод, а тое, што было да яго вельмі падобным на пачатку, так і застаецца пустым, бясплодным. Настае час жніва, і гэты каласоўнік, пустазелле можна выразна адрозніць ад буйнога коласа, вырваць яго і спаліць, каб больш не забруджваў поля і не пера­шкаджаў прарастаць збожжу. Так зло з часам само сябе выкрывае, а дабро апраўдваецца сваімі ўчынкамі.

— Вядома, што існуе каля 17-ці перакладаў Бібліі на беларускую мову. Чым адметны пераклад касцёльнай Секцыі? І для чаго патрэбны афіцыйны пераклад?

— Важнасць афіцыйнага выдання заключаецца ў першую чаргу ў тым, што біблійныя тэксты з такіх выданняў выкарыстоўваюцца ва ўсіх літургічных кнігах. Адкуль, напрыклад, браць фрагменты біблійных чытанняў падчас удзялення хросту, намашчэння хворых, сакрамэнту сужэнства, пасвячэння? Такія чытанні павінны брацца з афіцыйнага перакладу. А па-другое, афіцыйны пераклад біблійных тэкстаў гу­чыць падчас кожнай святой Імшы па ўсёй Беларусі.

Тое, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі мае такое афіцыйнае выданне Новага Запавету, з’яўляецца сведчаннем яго клопату пра сваіх вернікаў. Ён прапануе ім пераклад, за які нясе адказнасць, які зроблены паводле прынцыпаў каталіцкай біблійнай навукі. Вернікі ўжо не могуць папракнуць Касцёл, што ён не даў ім нескажонае Божае слова. Аднак гэта не азначае, што мы навязваем дадзены пераклад. Прыватна, кожны сам для сябе вырашае, якім шляхам яму ісці і якім перакладам карыстацца, каб мець духоўную карысць ад сустрэчы з Божым словам.

— То бок, няма такога «пра­ві­ла», што ў афіцыйным перакладзе Божае слова жывое, а неафіцыйны — пераклад не Боганатхнёны?

— Кожны біблійны пераклад ужо не Боганатхнёны, паколькі не з’яўляецца арыгінальным. Боганатхнёным з’яўляецца толькі арыгінальны тэкст. У выпадку Новага Запавету — гэта грэцкі тэкст. А калі казаць пра сам пераклад Бібліі, Старога ці Новага Запавету, то звычайна гаворыцца, што гэта пераклад натхнёных тэкстаў і яны не з’яўляюцца натхнёнымі sensu stricto, гэта значыць, у сціслым значэнні гэтага слова. Пераклад мае толькі рысы Божага натхнення ў сэнсе агульнага зместу і пераказаных ідэй, пададзеных у новым культурным кантэксце на зразумелай для носьбітаў дадзенай краіны ці рэгіёна мове. Таму біблійныя пераклады ніхто не абмяжоўвае, іх можа быць дзясяткі, сотні. І чым больш, тым лепш. Сёння сярод біблістаў вядуцца дыскусіі нават пра Боганатхнёнасць Сэптуагінты (старажытнага перакладу Старога Запавету на грэцкую мову, які ўзнік у ІІІ–І стст. да н. э. — В. К.). У старажытнасці было таксама вельмі шмат розных перакладаў Бібліі на лацінскую мову, якія распаўсюджваліся на розных тэрыторыях: на узбярэжжы Паўночнай Афрыкі, у краінах Міжземнамор’я, на тэрыторыі Еўропы. Усёй гэтай разнастайнасці паклаў канец пераклад св. Гераніма ў IV ст. Ён уніфікаваў лацінскі тэкст Святога Пісання і даў Касцёлу славутую Вульгату.

— Радуючыся афіцыйнаму перакладу Новага Запавету, усе мы вельмі чакаем поўнага афіцыйнага перакладу Бібліі. Ці можна ўжо сёння сказаць, калі ўся Біблія будзе выдадзена па-беларуску?

— На жаль, у мяне няма гатовага адказу. Некаторыя тэксты вельмі лёгка перакладаюцца, а некаторыя патрабуюць больш часу. Таму гэта ўсё залежыць ад складанасці тых тэкстаў, над якімі будзем працаваць. Канешне, вялікая колькасць тэкстаў са  Старога Запавету ўжо перакладзена. Аднак цяжка прагназаваць, які аб’ём мы здолеем перакласці, напрыклад, за год. Пакуль, будзем працягваць працаваць далей. А там — час пакажа…

— Ва ўсякім разе, для прыватнага карыстання католікі маюць поўнае выданне Святога Пісання, падрыхтаванае Біблійным таварыствам...

— Так, дзякуючы Біблійнаму таварыству беларусы маюць поўны пераклад Бібліі з Новай Вульгаты (рэдакцыя лацінскага перакладу Бібліі 2-й пал. ХХ ст. — В. К.), зроблены на падставе рукапісаў ксяндза Уладзіслава Чарняўскага і пад рэдакцыяй лаціністкі Жанны Некрашэвіч-Кароткай. Аднак для біблійнай крытыкі і тэксталогіі Новая Вульгата не мае такога вялікага значэння, як, напрыклад, старалацінскія пераклады і Вульгата Гераніма. Карыстаючыся гэтым выданнем, мы знаёмімся з тэкстам Новай Вульгаты ў беларускім гучанні. І гэта таксама нашае багацце.

— Для карыстання вельмі зручная кішэнная Біблія. А ці ёсць у планах выданне Бібліі такога фармату?

— Сёння, апроч папяровага выдання, ёсць Новы Запавет у лічбавым фармаце на партале Catholic.by. Усё іншае знаходзіцца ў кампетэнцыі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Калі біскупы пажадаюць даць людзям Божае слова і ў кішэнным фармаце, то яно будзе. Ад нас, перакладчыкаў, гэта ўжо не залежыць.

— Шчыра дзякую Вам за размову, спадарыня Марына! Мы ўсе жадаем Вам шчодрага плёну у Вашай ахвярнай працы.


Гутарыла Вольга Качалка
Фота Эльвіры Палінеўскай
і Уладзіміра Несцяровіча

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней