«Трэба слухацца Бога больш, чым людзей…» Размова з айцом дамініканінам Раманам Шульцам

Мы звярнуліся да айца дамініканіна Рамана Шульца з некаторымі пытаннямі з нагоды розных падзеяў вакол нас і трывожных інфаповадаў. 


— Многія людзі ў свеце ды і ў Беларусі кажуць часта, што Касцёл і Царква адстаюць ад развіцця ўсяго чалавецтва. Маўляў, як жа можна дагэтуль выступаць супраць абортаў, разводаў, супраць гей-шлюбаў, як жа можна казаць сёння пра дашлюбную чысціню і г.д. Адначасова гэтыя людзі перакананы, што настане той час, калі Касцёл «адумаецца». Айцец Раман, а ці можа сапраўды такое адбыцца?

— Важна разабрацца, з кім мы размаўляем на гэтыя тэмы. Для католікаў відавочна, што Касцёл мае асаблівую апеку Духа Святога ў пытаннях веры і маралі, і таму не памыляецца. Гэтыя два стрыжні нязменнай Божай праўды, падрабязна апісаныя ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла. А Касцёл чэрпае сваю мудрасць з Божага Аб’яўлення, якое паходзіць з Бібліі, Традыцыі і Настаўніцкага інстытута Касцёла, над якім чувае Папа.

Калі мы гэтыя тэмы абмяркоўваем з няверуючымі людзьмі, то павінны быць гатовымі да няпростых пытанняў і нават да супраціўлення вучэнню Касцёла, бо такія людзі не прымаюць улады Хрыста і не могуць бачыць Касцёл у яго духоўнай сутнасці, успрымаюць Касцёл як інстытут і часта ўсе веды пра яго чэрпаюць са сродкаў масавай інфармацыі, якія «смакуюць» грахі некаторых людзей Касцёла. Гэта, безумоўна, не аб’ектыўны, скажоны вобраз Касцёла. У рэальнасці Касцёл праводзіць вялізную сацыяльную, адукацыйную і выхаваўчую працу на ўсіх кантынентах, чэрпаючы натхненне для дабра ў Божым Духу.

Трэба сказаць, што аборт, распуста, гомасексуальныя грахі — гэта не прагрэс чалавецтва. Яны заўсёды існавалі ў любой культуры, і Біблія называе гэтыя амаральныя рэчы грахом, і яны не раз прыводзілі да распаду магутных цывілізацый. Таму недарэчна абвінавачваць Касцёл у адсталасці, у тым, што ён не ідзе за плынню часу, бо менавіта грахі чалавецтва старыя як свет, і яны таксама з’яўляюцца сведчаннем чалавечай слабасці і сапсаванасці. Насамрэч развіццё цывілізацыі з’яўляецца, хутчэй, вынікам вучэння Касцёла, заснаванага на Бібліі. Гэта цывілізацыя любові, якую Касцёл абвяшчае і спрабуе паводле яе жыць, падарыла чалавецтву за два тысячагоддзі мноства святых, чые плады жыцця, натхнёныя Хрыстовым Евангеллем, можна аднесці да найвялікшых чалавечых дасягненняў, а іх лад жыцця можа стаць добрым узорам не толькі для веруючых людзей. На жаль, і сёння, і ў мінулым, як ні дзіўна, хрысціяне былі і застаюцца самай пераследаванай супольнасцю ў свеце, нездарма папа Ян Павел ІІ напісаў, што хрысціянін павінен быць гатовы да мучаніцтва, абараняючы сваю веру. Думаю, таксама трэба звярнуцца да асноўных паняццяў, у якіх можна знайсці крыніцу канфлікту паміж вучэннем Касцёла і людзьмі, якія не ведаюць Бога Бібліі.

Так званыя «сучасныя людзі» аперыруюць такімі паняццямі як свабода, талерантнасць, правы чалавека і разумеюць іх зусім інакш, чым вучыць Біблія. Свабода разумеецца як усёдазволенасць; талерантнасць — як адабрэнне зла; а правы чалавека як прыняцце многіх эгаістычных установак. А свабода для католіка, хрысціяніна заключаецца ў выбары аб’ектыўнага дабра і праўды. Свабода — гэта не толькі падарунак, гэта яшчэ і задача. Леапольд Стаф, польскі паэт, пісаў: «Свабода — гэта не палёгка, гэта цяжар Велічы». А папа Ян Павел II казаў, што «быць свабодным — значыць быць чалавекам з правільным сумленнем, быць адказным і быць ахвярным для іншых», а таксама, што «паўната і дасканаласць свабоды мае адно імя — Езус Хрыстус».

Наступнае паняцце, у якім ёсць сур’ёзны дысананс, — гэта талерантнасць. Нават калі католіка прымушаюць згаджацца на зло, напрыклад, існаванне закона аб абортах, ён не ўхваляе яго і не пагаджаецца з ім. Ёсць шмат дрэнных учынкаў, слабасцяў нашых бліжніх, якія мы церпім, але не прымаем, напрыклад, гомасексуальныя грахі, бо яны несумяшчальныя ні з Бібліяй, ні з розумам. Калі хтосьці называе гомасексуальныя ўчынкі «любоўю», мы не згодныя называць іх любоўю, бо гэта грэх супраць чалавечай прыроды і годнасці Божага Дзіцяці. Святая Кацярына Сіенская ў «Дыялогу» (CXXIV) піша, што гэты грэх гомасексуалізму агідны не толькі Богу, але і злым духам (якіх гэтыя няшчасныя людзі абралі сабе за ўладароў) з-за іх натуры, якая ад стварэння з’яўляецца анёльскаю. Іх адштурхоўвае выгляд гэтага жахлівага граху.

Папа Ян Павел ІІ калісьці сказаў вельмі важныя словы: «...чалавека немагчыма да канца зразумець без Хрыста. А дакладней, чалавек не можа да канца зразумець самога сябе без Хрыста. Па-за Евангеллем чалавек застаецца драматычным пытаннем без адказу».

З-за такіх вялікіх адрозненняў у асноўных паняццях вельмі цяжка весці канструктыўную дыскусію. Фактычна мы маем справу з дзвюма супрацьлеглымі філасофіямі.

Для сапраўднага практыкуючага католіка крыніцаю яго светапогляду і пазіцыі з’яўляецца Біблія, у той час як няверуючыя людзі (гэта, вядома, абагульненне) часта кіруюцца модаю і фармуюцца ліберальнымі СМІ, якія прапагандуюць геданізм і рэлятывізм. Наш адказ такі: «Трэба слухацца Бога больш, чым людзей» (Дз 5, 29). Верым таксама ў тое, што Бог, які стварыў і пастаянна стварае гэты свет і людзей, Адзіны, Хто валодае «інструкцыяй жыццядзейнасці» чалавека.

— У працяг да першага пытання хачу запытацца ў Вас пра папу Францішка. Калі пачалося яго служэнне на Святым Пасадзе, з’явілася такое меркаванне, што ён якраз і правядзе ўсе тыя рэформы ў Касцёле, якіх так чакае «гэты свет». Як Вы можаце патлумачыць такія чаканні людзей?

— Як я ўжо згадваў вышэй, дух гэтага свету і Касцёл кіруюцца рознай антрапалогіяй, гэта значыць рознай навукай пра чалавека. Аднак Папа не можа змяніць нічога, што датычыць веры. Варта памятаць, што папа Францішак з’яўляецца не толькі кіраўніком Каталіцкага Касцёла, гэта значыць пераемнікам святога Пятра, але і кіраўніком дзяржавы Ватыкан. Акрамя ўмацавання веры людзей, яго місія таксама заключаецца ў тым, каб хрысціяне імкнуліся да еднасці, аб чым Езус маліўся ў Вячэрніку. У Папы таксама ёсць місія будаваць мір на зямлі, што вынікае з вучэння Езуса аб васьмі благаслаўленнях. Папа, які спрабуе пераймаць Езуса, ідзе шляхам благаслаўленняў, сярод якіх называюцца шчаслівымі міратворцы. Такім чынам, з гэтых розных задач бачнага кіраўніка Касцёла вынікаюць розныя віды дзейнасці. Папа Францішак паўстае перад католікамі як настаўнік веры. Яго пасыл для ўсіх хрысціянаў — гэта словы Езуса, «каб усе былі адно». Нарэшце, ён сустракаецца з веруючымі іншых рэлігій, каб сумесна пашыраць павагу да сям’і і кожнага зачатага жыцця. Папа паўстае перад людзьмі добрай волі ўсяго свету як маральны аўтарытэт, які заклікае спыніць войны, заклікае ўсіх да салідарнасці з беднымі і да клопату пра Богам створаны свет. Папа, як і кожны вернік, удзельнічае ў трайной місіі Езуса: у якасці святара, караля і прарока. Францішак — слуга ўсіх, гэта значыць выконвае каралеўскую місію. Яго святарская місія — маліцца за Касцёл і ўвесь свет. І яго прарочае служэнне, дзякуючы асаблівай ласцы Бога, дазваляе яму глыбей зазірнуць у рэальнасць і бачыць усё далей і болей, чым іншыя.

Неабходна адрозніваць розныя ўзаемадапаўняльныя служэнні Папы, бо Францішак звяртаецца не толькі да вернікаў, але і да няверуючых, нават да язычнікаў. Магчыма, з-за адсутнасці гэтага адрознення яго словы часам не разумеюць, але папа Францішак сам часам бывае правакацыйным у сваіх выказваннях: ён можа не толькі выкрываць фарысейства, у тым ліку нявернасць святароў і біскупаў, ён надзвычай адкрыты на ўсялякае чалавечае цярпенне. Ён з вялікім суперажываннем ставіцца да людзей, якіх выкарыстоўваюць розныя кампаніі, чые прыродныя рэсурсы эксплуатуюцца, што прыводзіць да асаблівай несправядлівасці менавіта да бедных.

Менавіта гэтая эмпатыя і адкрытасць на самых уразлівых людзей пабудзілі яго выказаць сваю павагу да карэннага насельніцтва Амазоніі і зычліва ставіцца да іх нехрысціянскага культу — фігуркі Пачамамы, што нельга трактаваць як здраду каталіцкай веры. Гэта не той выпадак. Успомнім жэсты святога Яна Паўла ІІ, які, напрыклад, пацалаваў Каран, каб ушанаваць імёны Езуса і Марыі, запісаныя ў ім. Колькі ж было нападак на яго з боку СМІ, а таксама некаторых вернікаў! Якое ж было абурэнне, калі папа Ян Павел ІІ у Асізі запрасіў прадстаўнікоў рэлігій з усяго свету маліцца аб міры, колькі было несправядлівых абвінавачванняў!..

Другі Ватыканскі Сабор у сваёй дэкларацыі Nostra aetate пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій сцвярджае, што «Каталіцкі Касцёл не адмаўляе нічога, што ў гэтых [нехрысціянскіх] рэлігіях ёсць праўдзівага і святога. Ён са шчырай павагай разглядае той спосаб дзеянняў і жыцця, тыя прадпісанні і вучэнні, якія, хоць і значна адрозніваюцца ад таго, што развівае і чаму навучае Касцёл, усё ж часам адлюстроўваюць прамень той Праўды, якая асвячае ўсіх людзей». Я ўпэўнены, што з павагі да гэтага «зерня» альбо промня праўды Ян Павел II цалаваў Каран і сабраў прадстаўнікоў розных рэлігій, а Францішак зычліва глядзеў на Пачамаму.

Гледзячы ў гэтым кірунку, мы бачым Пантыфікаў, адкрытых на кожнага чалавека. Папа Францішак занепакоены праблемамі міру ва ўсім свеце і вельмі адкрыты на іншых, зрэшты, як і папярэднія Папы, але не варта наіўна думаць, што ён падтрымлівае погляды, якія супярэчаць вучэнню Касцёла. Мая знаёмая баптыстка з Магілёва аднойчы сказала, што ёй прыкра, што Папа падтрымаў гомасексуальныя саюзы. Я сказаў ёй, што яна не слухае вучэння Папы, а толькі паўтарае тое, што пра яго кажуць ненадзейныя СМІ. Таму давайце будзем крытычнымі і будзем старацца ісці за праўдаю. Ну а для католіка папскія дакументы і ватыканскія СМІ — вартыя даверу крыніцы, якія змяшчаюць афіцыйныя заявы Папы.

Абараняць Папу не трэба, бо ён ведае сваю місію. Аднак трэба маліцца за Папу і яго няпростае служэнне, пра што ён сам часта просіць. Памятайма, што поле дзейнасці пераемніка святога Пятра вельмі шырокае, і яго служэнне вельмі адказнае. Папа пры дапамозе шматлікіх супрацоўнікаў і дарадцаў павінен спраўляцца не толькі з праблемамі ўнутры Касцёла, асабліва з лібералізмам і крайнім кансерватызмам, рознымі злоўжываннямі і складанымі сітуацыямі, якімі перапоўнены Касцёл. Святы Айцец таксама ўдзельнічае ў вырашэнні праблемаў народаў і свету. Відавочна, што вернікі павінны трымацца на адлегласці, перш за ўсё ад шуміхі ў СМІ і цікавіцца надзейнымі крыніцамі інфармацыі. Нам таксама патрэбны давер да Папы, якім кіруе Святы Дух.

— Сёння шмат гавораць пра Касцёл і палітыку. У выпадку з нашай краінай грамадства чакае ад лідэраў канфесій рэзкага асуджэння гвалту, а, напрыклад, у выпадку з забаронай у Польшчы абортаў многія, наадварот, кажуць, што Касцёл не мае права ўмешвацца ў палітыку… Хто мае рацыю? Як мы, хрысціяне, павінны паводзіць сябе ў адносінах да грамадска-палітычных працэсаў?

Я хацеў бы зазначыць, што ў гэты складаны час палітычнага і сацыяльнага крызісу ў Беларусі той, хто прыйдзе да споведзі, бясспрэчна, будзе прыняты святаром і яму нагадаюць пра вучэнне Езуса, што Ён ёсць Праўда і Любоў. Гэта два асноўныя крытэрыі Евангелля — праўда і любоў — абавязковыя для кожнага верніка, незалежна ад таго, на якім баку «барыкады» ён знаходзіцца. Варта дадаць, што супрацьлегласць ісціне — хлусня і маніпуляцыя. Супрацьлегласць любові, якая моліцца за ворагаў і благаслаўляе іх, — гэта нянавісць, непрабачэнне і крыўда. Святы Дух не перастае запрашаць кожнага чалавека да навяртання, да праўды і любові.

Таксама варта звярнуць увагу на тое, што Касцёл гаворыць у сваім сацыяльным вучэнні. «З-за грамадскага значэння Евангелля і веры і з-за разбуральных вынікаў несправядлівасці, г. зн. граху, Касцёл не можа заставацца абыякавым да грамадскіх з’яў. Заданне Касцёла — абвяшчаць заўсёды і ўсюды маральныя прынцыпы, у тым ліку тыя, што адносяцца да грамадскага парадку, і гэтым самым ацэньваць усякую чалавечую справу, калі гэтага патрабуюць асноўныя правы чалавечай асобы і збаўленне душ» (гл. Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла, 71). На падставе гэтага мы даведваемся, што абавязак прадстаўнікоў Касцёла — называць дабро і зло ў любой сітуацыі, асабліва калі гэта тычыцца правоў чалавека і яго збаўлення.

Павучальным для нас можа быць пазіцыя святога біскупа Аброзія адносна ўладаў. Святы Амброзій (340–397 гг.) жыў у той перыяд, калі адносіны паміж Касцёлам і дзяржавай толькі пачыналі складвацца. Яго пазіцыя і дзейнасць у гэтай сферы аказалі значны ўплыў на будучыню гэтых адносінаў. Ініцыятывы біскупа Мілана былі таксама спробай вызначыць месца Касцёла ў грамадстве. Таксама з гэтага пункту гледжання варта звярнуць увагу на знакамітыя «сутычкі» Амброзія і дзяржаўных уладаў. Самым вядомым быў канфлікт паміж біскупам і імператарам Феадосіем. Прычынай стала разня па загадзе імператара ў Тэсалоніках. Адзін з рымскіх афіцэраў загінуў там падчас мясцовых беспарадкаў.

 У адплату імператар загадаў расправіцца з насельніцтвам: салдаты атакавалі жыхароў, якія сабраліся ў цырку. Загінула каля 7000 чалавек. Тады біскуп Амброзій прызначыў імператару пакуту. Дзіўна, але Феадосій прызнаў свой грэх і пагадзіўся на вызначаную біскупам пакуту, што было знакам вялікага аўтарытэту біскупа Амброзія. Дзякуючы гэтаму факту свет зразумеў, што кіраўнік у Касцёле можа быць толькі верным Божаму закону, які рэгулюе жыццё ўсіх людзей. І ніяк не інакш.

Вызначанае святым Амброзіем становішча імператара адносна Божага закону, на варце якога стаіць біскуп, стала нормай у Каталіцкім Касцёле і дзейнічае па сённяшні дзень. Спатыкнуўся на гэтым правіле Генрых VIII у XVI стагоддзі, які, учыніўшы грэх, адмовіўся пакаяцца і палічыў правільным адарваць увесь Касцёл у Англіі ад біскупа Рыма. Той, у сваю чаргу, ахоўваючы непарушнасць Божага закону, не мог прыняць іншага рашэння.

Прачытаем таксама ўрывак з «Дактрынальнай нататкі пра некаторыя аспекты дзейнасці і паводзінаў католікаў у палітычным жыцці». Гэты дакумент быў падрыхтаваны кардыналам Ёзафам Ратцынгерам і падпісаны ў 2002 г. папам Янам Паўлам ІІ.

«Сярод святых, якіх ушаноўвае Касцёл, шмат мужчын і жанчын, што служылі Богу дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў палітычнай дзейнасці і дзяржаўным кіраванні. Адзін з іх — святы Томас Мор, заступнік кіраўнікоў і палітыкаў, ён быў сведкам „неад'емнай годнасці сумлення“ нават коштам пакутніцкай смерці. Нягледзячы на ​​тое, што на яго аказвалі розныя формы псіхалагічнага ціску, ён не пагадзіўся ні на адзін кампраміс, але заставаўся „нязломна верным законным уладам і інстытуцыям“. Гэтая вернасць выдзяляла яго сярод іншых, а сваім жыццём і смерцю ён пацвердзіў, што „чалавек не можа адарвацца ад Бога, а палітык не можа адарвацца ад маральных прынцыпаў».

Гэты апошні прыклад дае нам узор добрага грамадзяніна — гэта той, хто  жыве ў еднасці з Богам. Ён таксама паказвае мадэль добрага кіраўніка: ён не паддаецца спакусам дэмаралізацыі. Паколькі «няма ўлады, якая не была б ад Бога» (Рым 13, 1), кіраўнік не павінен ставіць сябе вышэй за закон Божы, але павінен быць узорам захавання гэтага закона, які вучыць: не забівай, не чыні распусты, не крадзі, не давай фальшывага сведчання.

Давайце ўзнясём малітву да Бога праз заступніцтва згаданых тут святых. Святы Амброзій, святы Томас Мор, святы Ян Павел ІІ, маліцеся за нас, маліцеся за Беларусь!

— У мінулым годзе ў Беларусі з падтрымкаю Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы сабралі каля 50 тыс. подпісаў супраць прапаганды ідэалогіі ЛГБТ сярод непаўналетніх. З іншага боку папа Францішак кажа пра спачуванне, прыняцце людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі. Бачна, што мы, хрысціяне, і самі пакуль не ведаем, як падступіцца да гэтай тэмы, настолькі сёння актуальнай. Ці маглі б Вы падказаць, зарыентаваць нашых чытачоў, як адносіцца да ідэалогіі ЛГБТ, у чым яе небяспека, ці трэба яе забараняць або дзейнічаць неяк па-іншаму?

― У зададзеным пытанні слушна прагучала фармулёўка «супраць прапаганды ідэалогіі ЛГБТ». Гаворка ідзе пра тое, што прапаганда ― гэта пашырэнне вельмі небяспечнай ідэалогіі, у дадзеным выпадку ― ідэалогіі ЛГБТ, якую філосафы называюць неамарксізмам. Ён, як камунізм ці фашызм, сапраўды пагражае чалавецтву. Гэта ідэалогія мае магутны ўплыў як у Заходняй Еўропе, так і на ўсіх кантынентах. Яна дабралася да школ, дэмаралізуючы дзяцей і моладзь насуперак мудраму і праверанаму выхаванню ў рэчышчы сямейных каштоўнасцяў. Варта адзначыць, што ЛГБТ-ідэалогія вельмі агрэсіўная і мае вялікую падтрымку з боку левых колаў, якія часта трактуюць яе распаўсюджванне як барацьбу з ідэаламі хрысціянства. Адным з лепшых спецыялістаў у гэтай галіне з'яўляецца святар філосаф, прафесар Дарыюш Ока. Яго лекцыі на гэтую тэму даступныя ў інтэрнэце ― варта паслухаць! Тут трэба падкрэсліць, што ідэалогія і канкрэтныя людзі з гомасексуальнымі схільнасцямі ― гэта дзве розныя рэальнасці, хоць часам і звязаныя паміж сабой.

Каталіцкі Касцёл змясціў сваё афіцыйнае вучэнне на тэму веры і маралі ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла, з якім можна пазнаёміцца, напрыклад, на рускай мове, у інтэрнэце. Там, дарэчы, змяшчаюцца і адносіны Касцёла да гомасексуальнасці (гл. ККК 2357 – 2359).  Думаю, што неабходна заўсёды звяртацца да афіцыйнага вучэння Касцёла, таму што ў СМІ мы часта можам знайсці шмат няпраўды і маніпуляцыі, як гэта бывае з інтэрпрэтацыяй словаў папы Францішка.


Пытанні задавала Вольга Адамовіч

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней