Абарона жыцця і Каталіцкі Касцёл, або Як нарадзіцца?

Традыцыйна асноўнай тэмай пралайфу цягам доўгага часу лічыўся аборт, аднак у апошнія гады з развіццём тэхналогій акцэнт зрушыўся на ЭКА, сурагатнае мацярынства, кантрацэпцыю і донарства палавых клетак. Сёння мы гутарым пра гэта з дырэктарам Дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы», доктарам тэалогіі Уладзіславам Валаховічам.


— Уладзіслаў, якія дакументы Каталіцкага Касцёла адлюстроўваюць афіцыйную пазіцыю па гэтых пытаннях?

— У сферы абароны жыцця вучэнне Каталіцкага Касцёла па сваёй глыбіні і сістэмнасці не мае аналагаў сярод іншых канфесій. Напрыклад, адказам Касцёла на сексуальную рэвалюцыю і пачатак шырокага выкарыстання кантрацэпцыі стала энцыкліка Humanae vitae, напісаная папам Паўлам VI у 1968 годзе. У гэтай прароцкай энцыкліцы святы Павел VI папярэджвае, што выкарыстанне кантрацэпцыі прывядзе да агульнага заняпаду маралі і дасць магчымасць уладам злоўжываць магчымасцямі кантролю над нараджальнасцю. Папа Ян Павел ІІ у сваім апостальскім лісце Familiaris Consortio (1981), называючы сям’ю супольнасцю жыцця і любові, дае асноўныя арыенціры для сямейнага жыцця, якія застаюцца актуальнымі і сёння.

— А які самы пралайферскі дакумент, калі можна так сказаць?

— Гэта, несумненна, энцыкліка папы Яна Паўла ІІ Evangelium vitae (1995), дзе гаворка ідзе пра каштоўнасць і непаруш­насць чалавечага жыцця з моманту зачацця і да натуральнай смерці. Асаблівы акцэнт у гэтай энцыкліцы нараўне з абортамі, кантрацэпцыяй і эўтаназіяй зроблены на амаральнасць ЭКА, маніпуляцый з эмбрыёнамі і прэнатальнай дыягностыкі. Святы Ян Павел ІІ у гэтай энцыкліцы ўводзіць прарочае паняцце «культура смерці», якая характэрна для матэрыяльна забяспечанага грамадства. Ёсць таксама інструкцыі Кангрэгацыі веравучэння па найбольш актуальных пытаннях, якія датычацца абароны жыцця. Інструкцыі Donum vitae (1987) і Dignitas personae (2008) падрабязна тлумачаць недапушчальнасць ЭКА, сурагатнага мацярынства, замарозкі эмбрыёнаў і палавых клетак і разнастайныя маніпуляцыі з імі.

— Уладзіслаў, ці мянялася пазіцыя Каталіцкага Касцёла на працягу часу па ЭКА, сурагатным мацярынстве, донарстве палавых клетак, кантрацэпцыі?

— Не, не мянялася. Каталіцкі Касцёл заўсёды стаіць на варце сям’і як супольнасці любові, дзе нараджаецца жыццё, і на варце чалавечага жыцця.

— Навошта тады Касцёлу даваць свае асаблівыя тлумачэнні, тым больш па такіх інтымных пытаннях? Хіба 10-ці запаве­дзяў, дзвюх запаведзяў любові і, нарэшце, Катэхізіса недастаткова?

— Больш правільна казаць, што пазіцыя Касцёла не мяняецца, але ўдакладняецца. З’яўляюцца новыя выклікі, і, адпаведна, трэба нешта дапрацоўваць і ўдакладняць. На працягу нават маёй вучобы ў Любліне я заўважыў, што прадмет біяэтыкі проста на вачах становіцца ўсё больш шматгранным. Раней біяэтыка перш за ўсё тычылася такіх тэмаў як аборт, кантрацэпцыя, эўтаназія, а цяпер узнікаюць новыя пытанні: розныя спосабы штучнага апладнення, кланаванне, трансгуманныя эмбрыёны. Таму ёсць спецыяльныя інстытуты, якія функцыянуюць не толькі ў Ватыкане, але і на ўзроўні дыяцэзій, у якіх гэтыя тэмы ўвесь час трымаюць пад кантролем.

Акрамя таго, сёння большасць католікаў адарваная ад традыцыйнага супольнага ўкладу жыцця, якім жылі нашы продкі, захоўваючы дзесяць запаведзяў як аснову ўсяго быцця. Сёння людзі пераважна жывуць так, быццам Бога няма, і такі прынцып паступова ўплывае і на католікоў, якія сутыкаюцца з новымі выклікамі ў сферы маральнасці і не заўсёды ведаюць, як дзейнічаць у такой сітуацыі. Таму сёння патрэбны тлумачэнні ад імя Касцёла, у тым ліку і па інтымных пытаннях.

— У Бібліі сказана: «Пладзіцеся і размнажайцеся». Часта сцвярджаецца, што ЭКА лечыць бясплоднасць і дапамагае вырашаць дэмаграфічную праблему, вельмі актуальную для Беларусі…

— Папа Ян Павел II у энцыкліцы Evangelium vitae напрамую называе розныя тэхнікі штучнай рэпрадукцыі маральна недапушчальнымі ў першую чаргу ў сувязі з тым, што яны аддзяляюць дзетанараджэнне ад шлюбнай блізкасці. Акрамя таго, Папа пад­крэслівае, што пры ЭКА эмбрыёны схільныя да вельмі высокай рызыкі гібелі. Асаблівы клопат звязаны з адносінамі да так званых запасных або лішніх эмбрыёнаў не як да чалавечых істотаў, а як да біялагічнага матэрыялу, якім можна вольна распара­джацца.

Няправільна называць ЭКА лячэннем бясплоднасці, бо плоднасць шлюбнай пары пасля ЭКА застаецца такой жа нізкай, як і да гэтай працэдуры. Пра ЭКА больш правільна казаць як пра падмену натуральнай плоднасці бяздумнай тэхналогіяй, амаральнай у сваёй аснове. Значна больш эфектыўна вырашыць дэмаграфічную праблему можна пры дапамозе якаснага даабортнага кансультавання, дзякуючы якому кожны год можна выратаваць ад аборту 3-4 тысячы дзяцей.

— А чым сурагатная мама не высакародная памочніца тым парам, у якіх бяда — бясплоднасць?

— Адкажу словамі з Donum vitae: «Сурагатнае мацярынства з’яўляецца прамой адмовай ад выканання абавязку мацярынскай любові, ад вернасці шлюбнаму саюзу і ад адказнага мацярынства, яно наносіць шкоду годнасці і праву дзіцяці быць зачатым, вынашаным, на­ро­джаным і ўзгадаваным сваімі бацькамі. Наносячы шкоду сем’ям, яно вядзе да падзелу паміж цялеснымі, псіхалагічнымі і маральнымі асновамі, якія ўтвараюць сям’ю».

— Але Вам лёгка казаць, бо ў Вас пяцёра дзяцей. А што рабіць бясплодным парам? 

— Каталіцкі Касцёл, у першую чаргу дзякуючы энцыкліцы Humanae vitae папы Паўла VI, стаяў ля вытокаў развіцця метадаў распазнавання плоднасці (МРП), якія сёння з’яўляюцца высокаэфектыўным, навуковым, а галоўнае маральна дапушчальным адказам на праблему бясплоднасці, бо, у залежнасці ад стану паніжанай плоднасці канкрэтнай шлюбнай пары, гаворка ідзе аб магчымасці зачацця і паспяховага выношвання дзіцяці ў 70-80% шлюбных параў, што пацверджана дастатковай колькасцю навуковых даследаванняў.

— Аднак бывае, што дзяцей усё роўна няма…

— Я б сказаў так: вельмі часта ў бясплоднасці прычына духоўная. Часам, напрыклад, людзі настроены толькі на адно дзіця, і Бог, бачачы гэты іх эгаізм, дзяцей не дае ўвогуле. Я ведаю гісторыю пра адну пару, якая доўга пакутавала ад бясплоднасці, і яны рашыліся на ЭКА. У выніку нарадзілася дзіця, але вельмі хваравітае, з якім мама шмат часу праводзіла ў бальніцах. Раптам аказалася, што яна зацяжарала натуральным чынам. І што вы думаеце? Яна зрабіла аборт, але пасля гэтага зацяжарала зноў — і зноў аборт. Усяго яна зрабіла чатыры аборты. І вось пытанне: ёй патрэбнае было гэта ЭКА-шнае дзіця, таму што яна любіць дзяцей і хацела стаць маці? На жаль, у такой сітуацыі часта дзіця ўспрымаецца як дарагая «інвестыцыя», яшчэ адзін паспяховы «праект» у жыцці, доказ нібыта высокага статусу.

— Але ж можна стварыць сям’ю ў познім узросце, пасля 40 гадоў, і можна мець нейкую паталогію.

— Наконт паталогіі Каталіцкі Касцёл дае дакладныя рэкамендацыі. Калі вядома, што муж і жонка бясплодныя, гэта зна­чыць першапачаткова ім вядома, напрыклад, што няма дзетарод­ных органаў у жанчыны, то яна павінна абавязкова ска­заць аб гэтым мужчыну да шлюбу. У та­кім выпадку муж і жонка ад пачатку разумеюць, што бяруць на сябе крыж бяздзетнасці. Але, паверце, такіх параў вельмі мала, рэальна мала, хаця іх колькасць павялічваецца. Вернікі гінеколагі кажуць так: рэальная бясплод­насць — гэта калі няма дзетародных органаў, напрыклад, маткі або яечнікаў. Аднак, калі ў жанчыны ёсць хаця б чвэрць яечніка і адна труба — гэта ўжо не бясплоднасць, а паніжаная плоднасць...

— Але ў прынцыпе ці ёсць пазіцыя Касцёла адносна бясплоднасці?

— Канешне. Касцёл заклікае такія пары да ўсынаўлення — гэта раз. Да сацыяльнай працы — гэта два. Сацыяльнай работы — працы з дзецьмі, у хоспісах, валанцёрства, дапамогі шматдзетным. Неабавязкова ўсынаўляць дзяцей, можна браць дзяцей на выходныя, аднак трэба ўлічваць, што такое рашэнне далёка не ўсім пад сілу.

— Але акрамя праблемы ўсы­наўлення, ёсць яшчэ праблема прыняцця волі Божай…

— А гэта ўжо наступны этап. Да маёй знаёмай гінеколага прыйшла аднойчы жанчына і сказала, што хоча пайсці на ЭКА. Гінеколаг яе ўсяляк адгаворвала, але ў выніку тая жанчына пайшла да іншага лекара, зрабіла ЭКА і раптам зноў вяртаецца да майго знаёмага гінеколага і кажа: «Я хачу пазбавіцца ад аднаго з дзяцей, бо ў мяне двайняты, і высветлілася, што адно дзіця без ручкі». У Беларусі гэта зрабіць было немагчыма, і гэтая жанчына паехала ў Піцер, там зрабіла аборт і вярнулася да той жа маёй знаёмай гінеколага праз два месяцы… без маткі, без яечнікаў і без дзяцей! Справа ў тым, што калі рабілі аборт, ёй занеслі інфекцыю; здаровае дзіця таксама загінула, пайшоў сэпсіс, і жанчына ледзь не памерла. І, прыйшоўшы да гінеколага, жанчына сказала: «Ну ўсё, цяпер буду ўсынаўляць!» Прыняцце волі Божай часам праходзіць і праз такія выпрабаванні.

— А што наконт папулярнага ў наш час донарства палавых клетак? Медыцынскія клінікі ў сваіх рэкламах сцвярджаюць, што донарства палавых клетак дапамагае «палепшыць генафонд краіны». Чым дрэнна стаць героем, які ратуе нашу краіну такім спосабам?

— Без каментарыяў. Абсурд­насць гэтай практыкі ўжо ў тым, што існуе вялізны «чорны рынак» палавых клетак. Вядомыя і кошты, якія я асабіста чуў ад украінскіх лекараў: яйкаклетка белай жанчыны каштуе ад 3 да 6 тысяч еўра, а белы эмбрыён — ад 16 да 18 тысяч. З-за такіх вось клінік абясцэньваецца само паняцце чалавечага жыцця: калі за грошы можна купіць або прадаць чалавека, то такую практыку гандлю палавымі клеткамі або іх донарства мы ніяк не можам апраўдаць.

— Уладзіслаў, ці ўсе віды кантрацэпцыі з’яўляюцца грахом?

— Так, паводле вучэння Каталіцкага Касцёла, усе віды кантрацэпцыі з’яўляюцца грахом. Катэхізіс кажа абсалютна адназначна: «заганнае ўсякае дзеянне, якое ў прадбачанні шлюбнага акту ці падчас яго, ці падчас развіцця яго натуральных наступстваў ставіць сабе за мэту зрабіць немагчымым зачацце ці служыць для гэтага сродкам». Да гэтага варта дадаць, што тыя сродкі, пры выкарыстанні якіх могуць загінуць эмбрыёны (унутрыматачная спіраль і гарманальная кантрацэпцыя) да граху адмовы ад нараджэння дзяцей дадаюць грэх забойства.

— Некаторыя пары ўспрымаюць кантрацэпцыю як форму свядомага бацькоўства, калі яны ўжо адукаваныя, знаходзяцца ў стабільных адносінах, добра зарабляюць і могуць свядома аддаваць сваю любоў дзіцяці. Чаму тады нельга ўспрымаць кантрацэпцыю як фундамент якаснага мацярынства і бацькоўства?

— Кантрацэпцыя і ЭКА, аддзяліўшы шлюбныя адносіны ад дзетанараджэння, прывялі да спажывецкага стаўлення да шлюбу наогул і да дзіцяці канкрэтна. Да чалавечага жыцця нельга адносіць паняцце «якасны», бо гэта шлях да знішчэння чалавечай годнасці, пачатак расчалавеч­вання, якое сёння называецца трансгуманізмам. Па сутнасці гэта бунт супраць Бога Створцы дзеля матэрыяльных прагматычных мэтаў.

— Вялікі дзякуй за размову.


Гутарыла Надзея Шарко.



Дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы» — самая вялікая беларуская пралайф-арганізацыя
ў Магілёве і Віцебску з валанцёрами ва ўсіх буйных гарадах Беларусі.
Кругласутачны тэлефон падтрымкі (029) 306 22 22.
www.prolife-belarus.org
Фонд існуе на дабравольныя ахвяраванні.
Дабрачынны мясцовы фонд «Адкрытыя сэрцы» УНП 790 627 109
Разліковы рахунак: BY76AKBB30150422072137000000
ААТ «ААБ Беларусбанк»
BIC AKBBBY2X
Мэта плацяжу: дабравольнае ахвяраванне.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней