
Аднойчы падчас Адвэнту наш пробашч папрасіў нас запісаць на паперцы слова, якое вызначае тое, што перашкаджае нам наблізіцца да Бога. Ён падказаў, што гэта можа быць страх, крыўда або тое, што закрывае нас ад любові, якую Бог так хоча нам даць. Мы павінны былі скласці паперку ў некалькі разоў, моцна заціснуць у руцэ і трымаць у кулаку, пакуль пробашч будзе прамаўляць казанне паводле Святога Пісання.
Праз хвіліну я пачаў адчуваць боль у руцэ. Праз дзве хвіліны мая рука здранцвела. Праз тры хвіліны рука пачала бескантрольна трэсціся. У гэты момант пробашч папрасіў нас расціснуць далоні. І я зразумеў, як цяжка гэта зрабіць. Пасля таго, як я сціснуў паперку так моцна, мая рука застыла і, здавалася, набыла свой уласны розум.
Я не магу успомніць, што яшчэ казаў пробашч у той дзень, але я ніколі не забуду гэтага ўроку: калі ты доўга трымаешся крыўды, страху ці да кагосьці дрэнна ставішся, то і сам робішся паралізаваным.
Цяпер, калі настае Адвэнт, я пачынаю яго з асэнсавання таго, што мне трэба пазбавіцца якіх-небудзь, а лепш усіх, духоўных перашкодаў, да якіх я прывязаны. Адвэнт — гэта час прыняцця. Але цяжка нешта прыняць, калі вашы далоні моцна сціснутыя.
Таму я пачынаю Адвэнт такою малітваю: Духу Святы, адкрый мае далоні, мае вочы, мае вушы, усе мае пачуцці і маё сэрца, каб я быў гатовы прыняць Тваё адвэнтавае благаслаўленне.
І гэтак я сяджу ў змроку Адвэнту, мае далоні адкрытыя перада мною, і я чакаю прыйсця Бога.
Том МакГрат — каталіцкі пісьменнік, віцэ-прэзідэнт Loyola Press.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: http://www.loyolapress.com