Святкуйце са смакам!

Многім нашым чытачам вядомая кніга «Рождество. Традиционные и современные блюда к праздничному столу» («Конфидо», Минск, 2009) Марыны Новікавай, у якой яна змясціла найлепшыя рэцэпты святочных страваў, што рыхтуюцца ў яе сям’і на Божае Нараджэнне. Трэба сказаць, што Марына — вельмі таленавіты чалавек, выдатны кулінар, фатограф і дэкаратар. Яна ніколі не ся­дзела склаўшы рукі і марыла «ахапіць гатаваннем» галоўныя святы Літургічнага года, каб дапамагчы жанчынам вызначыцца са стравамі на Вялікдзень. Мінула не так шмат часу, і Марына зноў парадавала нас чарговаю кнігаю: «Пасха. Традиционные и современные блюда к празд­ничному столу» («Конфидо», Минск, 2013). Вядома, святочны стол — заўсёды прыемная дзея, хоць і вельмі клапатлівая, і стамляльная для тых, хто яго рыхтуе. Гатаванне патрабуе майстэрства, вынаходніцтва, умення зрабіць прыгажосць, каб стварыць сапраўды святочны настрой. 

На першых старонках сваёй кнігі Марына Новікава змясціла артыкулы-падказкі «Велікодныя традыцыі» і «Як вылічыць патрэбную колькасць прадуктаў?», якія будуць вельмі прыдатныя і для католікаў, і для праваслаўных, бо якраз у гэтым годзе ўсе хрысціяне святкуюць Уваскрасенне Хрыста ў адзін дзень — 20 красавіка.

Выявы з наступнага раздзела кнігі «Упрыгожванне пасхальных страваў і прыправы» проста захапляюць вока. Што павінна быць сімвалам Уваскрослага Хрыста? Чырвонае яйка! Аўтар прапануе розныя спосабы фарбавання, дэкаравання, упрыгожвання яек для таго, каб яны не толькі ўпрыгожвалі святочны стол, але і сталі добрым пада­рункам. Зробленае вашымі рукамі велікоднае яйка, працягнутае бліжняму са словамі «Хрыстус Уваскрос», падорыць сапраўдную радасць.

Пералічым яшчэ раздзелы кнігі «Закускі і салаты», «Супы, асноўныя стравы і гарніры», «Хлеб і слодычы», каб запрасіць вас у кнігарню «Духоўная кніга» (Мінск, вул. Багдановіча, 25), дзе вы можаце набыць для сябе выдатны дапаможнік на кухні, а для вашых родных і знаёмых святочны падарунак на Вялікдзень.

Не бойцеся гатаваць разам з Марынаю! Усе рэцэпты з кнігаў яна апрабавала на сваёй сям’і, дала трапныя парады і падказкі ў выкарыстанні прадуктаў, каб ежа была адначасова і карыснаю, і смачнаю. Вялікі пост толькі распачынаецца, таму ў вас ёсць час, каб падрабязна усё прачытаць, набыць неабходныя прадукты, а пасля здзівіць усіх сваім майстэрствам.

Іна Ламака

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней