«Я буду маліцца за вас усіх...»

«Дзеці мае! Маё заданне — весці вас у неба. Вельмі слаба служыў я вам: ні словам, ні прыкладам не ўмеў я быць правадыром, якім трэба было быць. Даруйце мне мае правіны… Але я так моцна любіў вас і так прагнуў аддаць за вас жыццё! Я заўсёды прасіў Пана Езуса, каб паслаў мне шмат цярпенняў за вас, каб пакутамі выслужыць Касцёлу тое, чаго не магла здабыць для Яго мая мізэрная праца»1.

Біскуп Зыгмунт Лазінскі


Урачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых вернікаў з’яўляюцца незвычайнымі днямі ў Літургічным годзе Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду. Гэта дні своеасаблівай цэласнасці ў таямніцы збаўлення. Урачыстасць Усіх Святых нагадвае нам пра шчасце нябесных жыхароў, а ўспамін памерлых вернікаў падобны да суму тых, хто знаходзіцца ў чыстцы.

У гэтыя асаблівыя дні да нашых памерлых мы ідзём у святыні і на могілкі з пачуцця любові. І гэта знак нашай салідарнасці з тымі, хто ўпісаны ў гісторыю нашага асабістага, сямейнага, грамадскага пілі­грымавання да вечнасці ў Дом, дзе чакае Айцец і Сын, і Дух Святы з усёю сям’ёю збаўленых — шчаслівымі сябрамі Бога, якія жылі на зямлі, а цяпер прабываюць у вечнасці, і тымі, хто туды яшчэ крочыць.

Біскуп Зыгмунт Лазінскі пра сваё вялікае жаданне быць разам з памерлымі не толькі на зямлі, але таксама ў Доме Айца, сказаў: «Любоў нараджае і трымае ў душы маё гарачае жаданне сустрэцца з усімі вамі ў валадарстве Божай хвалы і сузіраць Най­свяцейшае Аблічча Бога ва ўсе вякі не інакш, як толькі разам з вамі»2.

Чалавечы вопыт сведчыць пра тое, што падчас пілігры­мавання сяброў Божых і нашых бліжніх здараюцца «аварыі», парушэнні запаведзяў і сяброўства. Наладжванне сяброўскіх адносінаў магло пачацца, але не хапіла зямнога часу, каб працягнуць яго да ўзаемнай Боска-чалавечай радасці.

Час, якога не хапіла на зям­лі, каб выканаць справу ажыўлення любові лю­дзей веры і надзеі, ахоплены міласэрнасцю Збаўцы, нашага выпрабаванага Вечнага Сябра. Гэта перыяд часовага знаходжання ў чыстцы.

«Ах, пакуль ёсць час, — усклікае біскуп Зыгмунт Лазінскі, — працуйце на неба, на сузіранне Бога, на вечную любоў да Яго і радасць прабывання з Ім. Я ўжо не ваш пастыр і айцец, але ваш сябра. Я адважваюся пісаць, верачы ў міласэрнасць Нябеснага Айца, які не адкіне мяне ад сябе навечна. А хто не адкінуты на тым свеце ад Бога, той не толькі не перастане любіць сваіх сяброў, але любіць іх яшчэ больш і мацней. Я быў для вас усіх, усіх без выключэння — нягледзячы на тое, ці быў хто з вас да мяне добразычлівы альбо не, — шчырым і адданым сябрам, хоць і не заўсёды мог гэта паказаць. Я буду для вас сябрам у жыцці пасмяротным. Але ўзамен прашу вас аб адной паслузе: маліцеся за маю грэшную душу. Маліцеся, мае дарагія, за мяне, і маліцеся шчыра за тых, за каго я павінен быў маліцца і абавязаны маліцца, і, можа, не выканаў гэта належным чынам. Маліцеся за нас, каб малітвы вашыя не толькі выратавалі нас перад Панам, але і каб мы больш дзейсна маглі за вас маліцца»3.

Сябры, якія крочаць у зямной пілігрымцы, моцаю веры і надалей дапамагаюць адзін аднаму. Ці дапамагаюць з чыстца зямлянам, а зямляне тым, хто знаходзіцца ў чыстцы? Праўду пра існаванне гэтай незвычайнай салідарнасці перадае чалавецтву Каталіцкі Касцёл, і яе пацвярджаюць факты з нашага жыцця. У імя гэтай салідарнасці мы аказваем дапамогу памерлым малітваю, пабожнымі ўчынкамі, цярпеннем і асабліва — ахвяраю св. Імшы4.

Слуга Божы наступным чы­нам сфармуляваў сваю салідарнасць з прабываючымі ў чыстцы: «Маліцеся за мяне пасля смерці. На самай справе я не буду карыстацца вашымі малітвамі, бо выракся іх на карысць душаў, церпячых у чыстцы, але вы маліцеся — няхай яны скарыстаюць. За свае грахі хачу сам пакутаваць у чыстцы. Пра вас я не забуду... Я буду маліцца за вас усіх...»5.

У сваіх разважаннях аб прыгажосці асабістых сувязяў у вечнасці Слуга Божы адзначае Найсвяцейшую Маці, якую радавала думка пра тое, што не толькі цалкам знесены мур, які адгароджваў неба ад зямлі, і што быў ён зруйнаваны ў хвіліну смерці Пана Езуса на крыжы, і што дзверы дома нашага Айца насцеж адчыненыя, і падземнае каралеўства ценяў, асуджаных на доўгія гады чакання, не трымае нікога сваёю моцаю.

Найсвяцейшая Панна бачыла адчыненае неба для сябе і для ўсіх нас, якіх так моцна палюбіла... Няхай і вас ратуе гэтая думка і пабуджае жыць так, каб быць выратаванымі з адхлані, у якую людзі ідуць без асабістай віны, з той вязніцы, у якую кідае ўсіх сваіх даўжнікоў спрадвечны Суддзя, каб яны выплацілі Яму ўсё да апошняга гроша (пар. Мц 5, 26). І няхай з гэтага часу ніводная братняя душа не будзе затрыманая там па тваёй віне і абыякавасці. Да шчырай малітвы ў гэтай справе павінна пабуджаць не толькі любоў да бліжняга і боязь за сябе, але любоў да Хрыста Пана, якога больш дасканала любіць і праслаў­ляць могуць душы ў небе, чым у чыстцы. Памятаючы пра гэта, мы павінны заўсёды таксама ўзносіць малітвы за душы, якія пакутуюць у чыстцы.


Кс. Станіслаў Паўліна fDP

1. З пасмяротнага паслання біскупа Зыгмунта Лазінскага.
2. Bp Z. Lozinski. Glos zza grobu / Ks. Jozef Janus TJ // Wielki Pasterz na wschodnich rubiezach sp. Zygmunt z Lozin Lozinski, biskup pinski. — Melbourne, 1956. — S.75.
3. Тамсама, с. 78.
4. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл, 49, 50, 51, 52; Канстытуцыя пра святую Літургію, 8; Katechizm Kosciola Katolickiego, nn. 1023–1032.
5. Bp Z. Lozinski. Glos zza grobu / Ks. Jozef Janus TJ // Wielki Pasterz na wschodnich rubiezach sp. Zygmunt z Lozin Lozinski, biskup pinski. — Melbourne, 1956. — S. 65.

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней