
Кожная каталіцкая сям’я ў перыяд Адвэнту пачынае рыхтавацца да Божага Нараджэння, але кожная робіць гэта на свой лад. Добра, калі бацькі паважаюць традыцыі і погляды Касцёла, але кепска, калі рэлігійным выхаваннем дзіцяці займаюца толькі хросныя бацькі ці ўвогуле бабуля з дзядулем або нават не займаецца ніхто. Усе малыя любяць і чакаюць свята Божага Нараджэння, але чаму?
На гэтае пытанне бацькам трэба адказаць шчыра ў першую чаргу самім сабе. Не сакрэт, што дзеці любяць падарункі, але іх любяць і дарослыя (дый што тут дзіўнага? Падарунак — гэта ўвага, клопат...) Але ж ці ў падарунках сэнс свята? Паспрабуем разабрацца разам.
Цяжка казаць аб грунтоўнай традыціі святкавання Божага Нараджэння на постсавецкай прасторы. Дарэвалюцыйная рэлігійная адукаванасць паступова змянялася рознымі прымхамі і забабонамі, а пасля была жорстка выціснутая камуністычнай ідэалогіяй. Замест хрысціянскага свята з’явіўся язычніцкі Новы год, які і сёння для большасці нашых грамадзянаў застаецца галоўным святам года. Хтосьці будзе мне парыраваць: маўляў, што вам яшчэ трэба — цяпер жа адраджаецца мода на «Раство». Вось тут, на мой погляд, і хаваецца сутнасць праблемы.
Сёння многія дзеці святкуюць невядома якое свята (бо святкаваць «модна»), яго галоўны герой — Санта, Санта Клаўс, ён жа ў далёкім мінулым святы Мікалай. Свецкае кіно і дзіцячыя мультыкі таксама дзіўна «распавядаюць» даверлівым дзеткам, у чым сэнс гэтага дня: сэнс, маўляў, у тым, што трэба сабрацца ўсёй радзінай, нагатаваць самых розных смакоццяў, і галоўнае — гэта падарункі, якія дарыць Санта. Тое ж самае робіцца і на Новы год, толькі на пост Санты заступае язычніцкі Дзед Мароз, які прыносіць чаканыя забаўкі ўсім, хто быў добрым на працягу года. Дзеці з няверуючых сем’яў наўрад ці змогуць звязна сказаць пра сэнс Божага Нараджэння. Гэта зразумела — ім не кажуць пра гэта бацькі.
А як жа быць з маленькімі хрысціянамі? Яны ж наша ўсё, без перабольшвання. Дзеці — гэта не толькі будучыня кожнай канкрэтнай сям’і, гэта будучы шлях усяго Касцёла дый развіцця хрысціянства, яго дыялогу з іншымі канфесіямі. Бо, калі б Пан Езус не нарадзіўся, наша цывілізацыя не мела б шанцу на існаванне, і з гэтага трэба пачынаць.
Божае Нараджэнне — адно з галоўных святаў, і адносіны да яго, і разуменне яго сэнсу не прыйдуць да дзяцей самі па сабе. Касцёл, школа веры — гэта падмурак, вельмі істотны, але будаваць на ім павінны мы — бацькі. Тое, што канкрэтна будуць святкаваць нашыя дзеці, залежыць найперш ад нас.
Я сама маці маленькай дзяўчынкі, таму мяне вельмі хвалюе гэтае пытанне. Вось некаторыя парады, якія, напэўна, дапамогуць бацькам растлумачыць іх дзеткам сэнс Божага Нараджэння:
- Гаварыць пра Божае Нараджэнне можна ўжо і з немаўляткам. Дзіцё добра разумее і адчувае нашыя эмоцыі, таму, калі мы ставімся да гэтага свята як да вельмі асаблівага ў нашым жыцці, то дзеткі гэта адчуюць.
- Рыхтуйцеся да Божага Нараджэння разам. Для маленькіх дзетак (пачынаючы з трохгадовага ўзросту, але гэта індывідуальна) можна зрабіць каляндар Адвэнту і кожны дзень на працягу гэтага часу чытаць некаторыя месцы з Пісання.
- Абавязкова трэба, каб дзеці ведалі гісторыю Божага Нараджэння. Маёй дачушцы будзе ўсяго год і шэсць месяцаў, але я планую паказаць ёй калядную батлейку. Хай яна яшчэ не ўсё зразумее, але я пачну рабіць падмурак.
- Вельмі-вельмі добра, калі вы ўсёй сям’ёй можаце пайсці ў вігілію ў касцёл, бо нідзе ў іншым месцы няма духу Божага Нараджэння.
- Калі не разумееце, як гаварыць пра свята з дзіцем больш сталага ўзросту, ці ў сям’і, на жаль, склаліся дрэнныя адносіны і хтосьці з бацькоў выступае супраць, парайцеся са святаром. Тут няма чаго саромецца, бо мэта сапраўды вельмі важная — зразумець разам з дзецьмі сэнс Божага Нараджэння.
- Не ганіцеся за падарункамі. Я не агітую за тое, каб увогуле нічога не дарыць, але ж не трэба рабіць з Божага Нараджэння кірмашу. Не рабіце так, каб вашыя дзеткі чакалі падарункаў больш за само свята, бо гэта пачынаецца з самага маладога ўзросту, а потым вельмі цяжка змагацца са спажывецкім успрыманнем рэчаіснасці.
Калі ў вас няма ў сям’і традыцый святкавання Калядаў, паспрабуйце іх завесці, бо іх вашыя дзеткі перададуць сваім, а тыя — унукам. Хай галоўнае месца сярод іх займае Касцёл.
У маім савецкім дзяцінстве таксама не было месца для Божага Нараджэння. Шкада, што маці не вадзіла мяне ў касцёл (у нас у Гомелі доўгі час і не было яго), шкада, што мае бацькі развяліся і ў мяне не было «біблейскіх гісторый», якія павінен распавядаць тата... Але ж было галоўнае — любоў маці, праз якую я змагла адчуць і любоў Бога, і яшчэ — адчуванне чагосьці неверагодна вартага, што павінна адбыцца, чаканне таго, што Пан Езус абавязкова будзе жыць ува мне.
Самае галоўнае, каб нашы дзеці разумелі, што Пан Езус нарадзіўся дзеля таго, каб потым мог нарадзіцца кожны з нас. Укрыжаваны за нас таксама быў Езус, а не Санта і не Дзед Мароз. Божае Нараджэнне — гэта вялікая перамога святла над цемраю. Пусціце Пана Езуса нарадзіцца ў сваім сэрцы і распавядзіце деткам пра жывога Хрыста на прыкладзе асабістай жывой веры!