Ірына Багдановіч
Мой грэшны шлях, зямны, недасканалы,
Якім ты цернем скроні точыш мне!
О Божа мой, прабач мне смак пахвалаў
І пыхі дым, што ўсцяж з мяне імкне.
У мітусні брак часу на маленні,
І дзень за днём сцякае чарадой…
О Божа мой, прабач мне праграшэнні,
О Божа мой, злітуйся нада мной!
Стаю і кленчу, бачу пацяруху
Усіх правінаў даўніх за спіной…
О Божа мой, мяне ўмацуй у духу
І разлучы з спакуслівай маной.
На крыж пакут усклаў Ты летуценні,
Абмыў грахі чысцюткаю вадой…
О Божа мой, прабач мне праграшэнні,
О Божа мой, злітуйся нада мной!