Musica Sacra. «Veni, veni Emmanuel...» - «Прыйдзі, прыйдзі, Эммануэль» [відэа]

«Прыйдзі, прыйдзі, Эммануэль» — напэўна, самы адвэнтовы з усіх гімнаў і, на маю думку, самы прыгожы. Трапіўшы ў любую кропку свету ў перыяд Адвэнту і зайшоўшы ў касцёл, вы хутчэй за ўсё пачуеце знаёмую мелодыю. Гэта, напэўна, адзін з самых папулярных рэлігійных гімнаў у свеце — хто толькі не спяваў яго, у якіх толькі стылях яго ні выконвалі! У ЗША, напрыклад, «Veni, veni Emmanuel...» палюбілі настолькі, што паўсюдна спяваюць як… калядку! Але ў словах гэтага гімну і ва ўзнёслай мелодыі — самая сутнасць Адвэнту. Ён увесь прасякнуты прагненнем і чаканнем Збаўцы.


Гісторыя гэтага спеву сягае ў самую глыбіню стагоддзяў, прыблізна на 1200 гадоў. За тыдзень да Божага Нараджэння, з 17 да 23 снежня ва ўсіх кляштарах Еўропы падчас Нешпараў спяваліся так званыя антыфоны «О» (бо кожная з іх пачынаецца з гэтага ўсклікання), па адной на кожны дзень:

— 17 снежня: O Sapientia (О Мудрасць)
— 18 снежня: O Adonai (О Аданай, Пане)
— 19 снежня: O Radix Jesse (О Корань Ессэя)
— 20 снежня: O Clavis David (О Ключ Давіда)
— 21 снежня: O Oriens (О Усход)
— 22 снежня: O Rex Gentium (О Валадар народаў)
— 23 снежня: O Emmanuel (О Эммануэль, З намі Бог)

Усё гэта словы, якія ў Старым Запавеце, у асноўным у кнізе Ісаі, былі зваротам да Бога. Антыфона — нерыфмаваны і часта нерытмізаваны распеў, і ў гімн — метрычную форму — антыфоны «О» аформіліся пазней, прыблізна ў ХІІ стагоддзі. У традыцыях розных краінаў гімн выконвалі па-рознаму: куплеты мянялі месцамі, то прыбіралі некалькі радкоў, то вярталі назад, дадалі рэфрэн «Gaude, gaude! Emmanuel, nascetur pro te, Israel» («Радуймася, радуймася! Эммануэль народжаны дзеля цябе, Ізраэль»), і ўрэшце прыблізна ў ХVIII ст. лацінскі тэкст гімна «Veni, veni Emmanuel...» зацвердзіўся канчаткова ў тым парадку, які мы ведаем цяпер.

Veni Emmanuel

  1. Veni, veni Emmanuel, captivum solve Israel, qui gemit in exilio, privatus Dei Filio. Refren: Gaude, gaude: Emmanuel nascetur pro te, Israel.
  2. Veni, o Sapientia exolve nos amentia disponens omne suaviter attingens fines fortiter. Gaude, gaude...
  3. Veni, veni, o Adonai, qui populo in Sinai legem dedisti vertice in majestate gloriae. Gaude, gaude...
  4. Veni, o Jesse Virgula, ex hostis tuos ungula, de specu tuos tartari educ et antro barathri. Gaude, gaude...
  5. Veni, Clavis Davidica, regna reclude caelica; fac iter tutum superum, et claude vias inferum. Gaude, gaude...
  6. Veni, veni, o Oriens; solare nos adveniens; noctis depelle nebulas dirasque noctis tenebras. Gaude, gaude...
  7. Veni, veni, Rex gentium desiderate omnium te angulari lapide salvemur juncti solide. Gaude, gaude...

Прыйдзі, Эммануэль

  1. Прыйдзі, прыйдзі, Эммануэль, з няволі вызваль Ізраэль. У зямным выгнанні стогне Ён, чакае Бога Сына дзён. Рэфрэн: Хвала, хвала! Эмануэль прыходзіць збавіць Ізраэль.
  2. Прыйдзі, крыніца мудрасці, пазбаў жа нас ад пошасці. Лагодна ўсім кіруеш Ты, бязмежны Творца, Бог Святы. Рэфрэн: Хвала, хвала!
  3. Прыйдзі, прыйдзі, о Аданай, Закон з Сіная верным дай. Цябе ў віхуры люд спазнаў і веліч славы адчуваў. Рэфрэн: Хвала, хвала!
  4. Эсея парастак, прыйдзі, народ з няволі выведзі. 3 праддоння пекла, з д’ябла рук, Ты, Божа, вызваль верных слуг. Хвала, хвала!..
  5. О Ключ Давіда, адчыні нябёсаў брамы ў вышыні. Прамым чыні да неба шлях і зачыні пякельны страх. Рэфрэн: Хвала, хвала!
  6. Прыйдзі, прыйдзі, о наш Усход, суцеш Ты наш зямны паход. Начную цемру прагані, хай зло не зводзіць ва ўсе дні. Рэфрэн: Хвала, хвала!
  7. Народаў Валадар, прыйдзі, бо па Табе сумуем мы. Усе станем збаўлены Хрыстом, бо вуглавы наш камень Ён.  Рэфрэн: Хвала, хвала!

Існуе некалькі мелодый, на якія гэты гімн выконваюць, але прывычная нам, самая распаўсюджаная ў свеце, паходзіць, імаверна з XV ст., з Францыі. Дзіўна, але, відаць, у гімне «Прыйдзі, прыйдзі, Эммануэль» тэкст і музыка настолькі перапляліся і настолькі адпавядаюць адно аднаму і ўсяму настрою Адвэнтовага часу, што вялікія кампазітары розных эпохаў не рабілі спробаў напісаць сваю версію твору на класічны тэкст. А вось новыя і новыя гарманізацыі і апрацоўкі з’яўляюцца ўвесь час. Прапануем вашай увазе самыя цікавыя.

Вось гімн у выкананні славутага брытанскага ансамбля The King's Singers у апрацоўцы, створанай для іх Філіпам Лоўсанам (нар. у 1957 г.):

Яшчэ адна найпрыгажэйшая інтэрпрэтацыя таксама належыць брытанцам: ансамблю хлопчыкаў Libera:

«Veni, veni Emmanuel...» у апрацоўцы венгерскага кампазітара Золтана Кодая (1882–1967):

Вельмі таямніча гучыць гімн у выкананні вядомай ірландскай спявачкі Эніі:

Амерыканскі акапэла-гурт Pentatonix зрабіў адну з самых незвычайных і атмасферных сучасных апрацовак гімна:

Амерыканскі дуэт Piano Guys запісаў неверагодна прыгожую інструментальню версію «Veni, veni Emmanuel...» для фартэп’яна і віяланчэлі:

Гімн «Прыйдзі, прыйдзі, Эммануэль...» гучыць і па-беларуску, паслухайце яго ў выкананні хора мінскага архікатэдральнага касцёла «Gloria»:

Няхай у гэтыя апошнія дні Адвэнту ў нашых сэрцах таксама гучыць гэты заклік, няхай старажытныя словы «Прыйдзі, прыйдзі, Эммануэль...» стануць і нашым агульным шчырым прагненнем.


Юлія Шэдзько

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней