Musica sacra. «О» антыфоны — скарб Адвэнту [відэа]

Старажытная традыцыя Касцёла дае нам каштоўны скарб: велізарны збор глыбокіх паэтычных тэкстаў, пакладзеных на музыку, дзе кожнае слова і кожная нота цягам стагоддзяў вывераны і даведзены да дасканаласці. Рэдка — гэта аўтарскія творы, найчасцей яны з’яўляюцца плёнам мудрасці і веры многіх натхнёных людзей.


Багацце сакральнай музыкі напоўніцу раскрываецца ў «О» антыфонах, якія спяваюцца ў малітве Нешпараў у апошні тыдзень Адвэнту, з 17 да 23 снежня. Кожны дзень, заклікаючы Хрыста ў пераліку імёнаў, якімі Яго называлі старажытныя прарокі — Мудрасць, Усход, Ключ Давіда і г.д. — мы паступова рыхтуемся да Яго прыйсця.

— 17 снежня: O Sapientia (О Мудрасць)
— 18 снежня: O Adonai (О Аданай, Пане)
— 19 снежня: O Radix Jesse (О Корань Ессэя)
— 20 снежня: O Clavis David (О Ключ Давіда)
— 21 снежня: O Oriens (О Усход)
— 22 снежня: O Rex Gentium (О Валадар народаў)
— 23 снежня: O Emmanuel (О Эммануэль, З намі Бог)

Кожная антыфона пачынаецца з закліку «О», адсюль і назва. Калі склаўся поўны тэкст, нельга дакладна сказаць. Вядома, што ў VIII ст. антыфоны ўжо былі ўключаныя ў Літургію гадзінаў, а розныя варыянты тэкста ўзнікалі і нашмат пазней, сярод іх, напрыклад, вядомы ўсяму свету гімн «Прыйдзі, прыйдзі, Эммануэль». Цікава, што калі пералічыць усе заклікі антыфонаў у адваротным парадку, з канца, першыя літары складуцца ў акронім «Ero cras» — «Заўтра буду». Вельмі прыгожа: мы клічам Хрыста, чакаем Яго прыйсця, і Ён адказвае: «Ужо зусім хутка, заўтра Я буду з вамі»!

Нельга ўявіць лепшай падрыхтоўкі да ўспаміну гэтай найважнейшай падзеі — прыйсця Хрыста ў свет, і чакання Яго другога прыйсця. Прапануем вам  рыхтавацца да Божага Нараджэння разам з намі з дапамогаю гэтага спецыяльна падрыхтаванага запісу «О» антыфонаў па-беларуску ў перакладзе а. Міхала Ермашкевіча ОР тэкстаў Святога Пісання і кароткіх разважанняў ад братоў капуцынаў з ЗША.

17 снежня

О мудрасць, Божых вуснаў дар, што агарнула ўвесь абшар,
што правіш мудра ўсім, прыйдзі, шляхам разважнасці вядзі.

«Мудрасць будзе славіць сама сябе: <…> “Я выйшла з вуснаў Найвышэйшага, першародная перад усім стварэннем. Я ўчыніла, што на небе ўзышло святло безупыннае і, быццам воблака, пакрыла ўсю зямлю”» (Сір 24, 1. 6).

Распаўсюджваецца яна настойліва ад краю аж да краю і распараджаецца ўсім спагадна» (Мдр 8, 1).

Мудрасць у гэтых тэкстах выступае як асабовасць, увасабленне Бога на пачатку ўсяго стварэння. Гэта правобраз Езуса, вечнага Слова Бога, «Логаса», пра які напісаў св. Ян на пачатку свайго Евангелля. Мудрасць — гэта падмурак боязі Божай, падмурак святасці і справядлівага жыцця: мы просім яе прыйсці і навучыць нас разважнасці. Заклік «Прыйдзі» будзе зноў і зноў настойліва паўтарацца і напаўняцца надзеяй ў кожнай наступнай антыфоне.

18 снежня

О Ізраэля правадыр, што прамаўляў у агні святым
і на Сінаі права даў, рукой магутнаю нас збаў.

«І з’явіўся яму Анёл Пана ў полымі агню з сярэдзіны цярновага куста. І бачыў ён, як куст палаў агнём, але не згараў» (Зых 3, 2).

«Таму скажы сынам Ізраэля: “Я — Пан, Я выведу вас з-пад ярма егіпцянаў, і вырву вас з няволі, і вызвалю вас выцягнутаю рукою і цяжкімі карамі”» (Зых 6, 6).

«Аданай» на габрэйскай мове адзначае «мой Пан», гэтым імем пабожныя габрэі замянілі імя «Ягвэ» дзеля большай пашаны да Бога. Другая антыфона пераносіць нас з часоў стварэння да вядомай гісторыі са Старога Запавету, калі Бог аб’яўляе сябе Майсею, і дае народу Ізраэля свой закон, вызначаючы ўвесь яго жыццёвы шлях. Гэта ўспамін пра вызваленне ізраэлітаў з-пад улады фараона — прадвесце нашага вызвалення з-пад улады граху. Вобраз рукі Божай, якая з моцаю выцягваецца, каб вызваліць выбраны народ, нагадвае пазнейшы вобраз Хрыста, які вісіць на крыжы з распасцертымі рукамі, каб даць нам збаўленне.

19 снежня

О корань Ессэ, знак усім нам, вусны замкнуў ты каралям.
Будуць маліцца да Цябе, прыйдзі, суцеш нас у журбе.

«Вось пашчасціць слузе Майму, ён узвысіцца, узнясецца і будзе ўзвялічаны. Так здзівіць ён многія народы, каралі перад ім закрыюць вусны свае. <…>  Ён вырас, як парастак, перад намі, і як корань з сухой зямлі» (Іс 52, 13, 15; 53, 2).

Прароцтва Ісаі прысвечанае аднаўленню каралеўскага дома Давіда — новы парастак вырасце са старога кораня. Хрыстус ў падвойным сэнсе з’яўляецца коранем Ессэя: Ён — нашчадак Давіда, малодшага сына Ессэя, і наследуе каралеўскі трон. Анёл прадказаў Марыі: «Дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца» (Лк 1, 32–33).

Нашыя сэрцы ўсё больш і больш настойліва ўсклікаюць, чакаючы, каб Божае Валадарства распаўсюдзілася ў свеце: «Прыйдзі, Пане, не спазняйся!»

20 снежня

О ключ Давідаў! Не адкрыць тое, што хочаш ты закрыць.
Што адкрываеш — не замкнуць. Прыйдзі, ратункам вязням будзь.

«І ўскладу ключ дому Давіда на плечы ягоныя. І калі ён адчыніць, ніхто не зачыніць, і калі зачыніць, ніхто не адчыніць» (Іс 22, 22).

«Анёлу Касцёла ў Філадэльфіі напішы: Так кажа Святы, Праўдзівы, які мае ключ Давіда, які адмыкае — і ніхто не замкне, замыкае — і ніхто не адамкне» (Ап 3, 7).

«Я, Пан, сфармаваў Цябе, і ўчыніў запаветам для людзей, святлом для народаў, каб Ты адкрыў вочы сляпым і з вязніцы вывеў палонных, з дому зняволення тых, хто жыве ў цемры» (Іс 42, 6–7).

Ключ і скіпетр — традыцыйныя сімвалы каралеўскай улады і магутнасці. Хрыстус — памазанік на валадарства, нашчадак Давіда, Той, каму належыць каралеўства. Сам Езус таксама карыстаўся гэтым сімвалам, паказваючы сувязь зямнога каралеўства Давіда і Божага Валадарства. Пасля Уваскрасення Яму была дадзеная ўся моц і ўся ўлада, а Ён, у сваю чаргу, даверыў гэтую ўладу «звязваць і развязваць» Пятру і слугам Касцёла.

У закліку гэтай антыфоны мы просім Хрыста адамкнуць кайданы граху, якія скоўваюць нас. Ён вызваляе нас з гэтай вязніцы, і мы следам за псальмістам паўтараем: «Яны сядзелі ў змроку і смяротным цені, скаваныя нядоляй і жалезам. Ён вывеў іх са змроку і са смяротнага ценю, і разарваў іхнія кайданы» (пар. Пс 107, 10. 14). 

21 снежня

О Усходзе, вечнае святло і справядлівасці жытло,
бляскам цудоўным асвяці тых, хто ў цемры зла сядзіць.

«Народ, які хадзіў у цемры, убачыў святло вялікае; над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло» (Іс 9, 1).

«І для вас, хто шануе імя Маё, узыйдзе сонца справядлівасці, і аздараўленне будзе ў промнях яго» (Мал 3, 20).

«І вы добра зробіце, калі будзеце трываць пры ім, як пры лямпе, што свеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне світаць дзень і зараніца не ўзыдзе ў сэрцах вашых» (2 П 1, 19).

Тытул Хрыста з гэтай антыфоны перакладаецца па-рознаму: «ранішняя зорка», «зараніца», «сонечны ўсход», «бляск усходу», «усход». Усе гэтыя словы прыгожа выяўляюць ідэю святла, якое раз’ясняе цемру ночы, граху і смерці, слабасці і адчаю, і сваім бляскам нясуць аздараўленне і цяпло замерзлым сэрцам. Езус — сапраўднае святло, бляск велічы свайго Айца. Касцёл штодня ўзгадвае пра гэта ў малітве Ютрані, прамаўляючы словы песні Захарыі: «Дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога, у якой наведаў нас Усход з вышыні; каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў цені смяротным» (Лк 1, 78–79).

22 снежня

О Валадар народаў усіх, вечнае Ты прагненне іх.
Камень, што ўсё ў адно злучыў, збаў тых, каго з зямлі стварыў.

«Таму вось што кажа Пан Бог: “Вось, я кладу на Сіёне вуглавы камень, выбраны, дарагі, угрунтаваны; і хто ўверыць у яго — не спатыкнецца”» (Іс 28, 16).

«Ён — спакой наш, які ўчыніў адно і другое адзіным і мур варожасці, што падзяляў, зруйнаваў у сваім целе» (Эф 2, 14).

Папярэднія антыфоны ўжо мелі намёк на тое, што Месія прыйдзе не толькі да Ізраэля, але і для таго, каб навярнуць язычнікаў і выбавіць іх. Шостая антыфона ясна называе Хрыста Валадаром усіх народаў (гл. Ер 10, 7) і прагненнем усіх людзей. Месія — вуглавы камень, на якім стаіць наш духоўны падмурак, але на якім спатыкаюцца тыя, хто не верыць (гл. Мц 21, 42). Гэты вуглавы камень яднае ў адно габрэяў і язычнікаў, усталёўваючы між імі супакой. Мы молім Бога збавіць усё чалавецтва, усё стварэнне, якое ён сфармаваў з зямнога пылу (гл. Быц 2, 7). Мы зноў усклікаем да Бога, просячы Яго яшчэ раз удыхнуць у нас Яго новае жыццё.

23 снежня

О «З намі Бог», Эммануэль! Мае закон Твой Ізраэль.
Вось надышоў збаўлення час. Божа, прыйдзі хутчэй да нас!

«Таму Пан сам дасць вам знак: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дасць Яму імя Эммануэль, што значыць Бог з намі» (Іс 7, 14).

«Пан — суддзя наш, Пан — наш заканадаўца, Пан — валадар наш, Ён нас збавіць» (Іс 33, 22).

Гэтая апошняя антыфона нашага чакання поўніцца радасцю ад упэўненасці ў тым, што споўніцца абяцанае Панам. Мы клічам Хрыста найбольш асабістым імем — Эммануэль, «З намі Бог». Мы ўзгадваем, што, нарадзіўшыя з Дзевы Марыі, Бог прыняў чалавечае цела і чалавечую натуру — стаў да нас такім блізкім, што немагчыма было ўявіць! У гэты ж час Ён узвышаецца над намі, як наш Кароль, Заканадаўца і Суддзя, Той, каго мы ўшаноўваем і Каго слухаемся. Ён — наш Збаўца, якога доўга чакала ўсё стварэнне. Апошні заклік выяўляе нашае гарачае прагненне і патрэбу штодзённага збаўлення і прабачэння нашых грахоў, а таксама надзеўю ў тое, што Бог не адвернецца ад нас.


Юлія Шэдзько

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней