Мы жывем у час, калі з грамадскага жыцця вымываецца глыбокі хрысціянскі сэнс Божага Нараджэння, а застаюцца толькі банальныя камерцыялізаваныя яго знакі. Гэта праява «паліткарэктнасці» і жадання выкінуць Езуса са святочных мерапрыемстваў, пакінуўшы толькі нейтральныя знакі: елачку, падарункі і г.д. У сувязі з гэтым рэлігійны рух у ЗША «Амерыцы патрэбная Фаціма» (Ameriсa needs Fatima) прапануе католікам розныя спосабы святочнай евангелізацыі. Хрысціяне ў нашай краіне таксама імкнуцца евангелізаваць у час Божага Нараджэння, напрыклад, супольна спяваюць калядкі, ставяць батлейкі, але, магчыма, гэтыя спосабы, прапанаваныя амерыканцамі, таксама паспрыяюць годнаму перажыванню святаў.
1. Адмовіцца ад «свецкіх» віншаванняў з Божым Нараджэннем, выбіраючы віншаванні з евангельскім падтэкстам. Напрыклад, гаварыць і пісаць не «Вясёлых святаў!», а «Вясёлых святаў Божага Нараджэння!». Нехта з радасцю адрэагуе на такое віншаванне, а некаму гэта можа не спадабацца. Нічога страшнага, проста памаліцеся за гэтага чалавека.
2. Падрыхтаваць стаенку, плакат з выяваю Святой Сям’і з Назарэта або з прыгожа напісанымі ці надрукаванымі словамі з Бібліі пра Божае Нараджэнне, і змясціць на ўваходных дзвярах свайго дома або побач з імі, на вакне, на балконе, у палісадніку перад домам, каля паштовай скрынкі.
3. Рассылаючы сябрам і блізкім паштоўкі з віншаваннямі, выбірайце тыя, на якіх ёсць выявы і надпісы, звязаныя з Божым Нараджэннем, замест звычайных паштовак з елачкаю або Дзедам Марозам. Няхай словы вашага віншавання будуць не банальнымі пажаданнямі здароўя і шчасця, а нагадваюць пра Божую любоў, абяцаюць вашую малітву пры стаенцы за адрасата. Можа, варта паслаць такую паштоўку ў адміністрацыю вашага горада ці мястэчка, у мясцовую газету.
4. Калі атрымаецца знайсці добрае разважанне на тэму Божага Нараджэння, надрукуйце яго і змясціце пры стаенцы або пад елкаю, перадайце ці перашліце блізкім, знаёмым, пакіньце ў грамадскім месцы — у гардэробе, у зале чакання, у доктара. Можна павесіць яго на дошку абвестак. Святочная атмасфера дапамагае людзям адкрывацца на Добрую Навіну.
5. Арганізуйце Ружанцовую малітву ў грамадскім месцы — будзьце лідарамі. Запрасіце знаёмых і сяброў дапамагчы і далучыцца. Заспявайце традыцыйныя калядныя песні, такія, як «Ціхая ноч», «А ўчора з вячора…». Разам памаліцеся Радасныя таямніцы святога Ружанца ў інтэнцыі распаўсюджвання Добрай Навіны аб уцелаўленні Божага слова. Можна падрыхтаваць плакаты і на іх напісаць ці надрукаваць кароткія фразы на тэму Божага Нараджэння, напрыклад «Дзіцятка Езус, Валадар усяго свету», «Прыйдзіце пакланіцца Хрысту», «Езус прынёс сапраўдны супакой — тое, што найбольш нам патрэбна», «Памятай пра Езуса ў Божае Нараджэнне». Пасля малітвы запрасіце ўдзельнікаў на пачастунак, разам паразмаўляйце пра Божае Нараджэнне. Няхай гэта адбываецца ў простай атмасферы, без прымусу і няёмкасці.
6. Заплануйце Эўхарыстычную адарацыю: знайдзіце касцёл ці капліцу і даведайцеся, калі там адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, запрасіце сяброў далучыцца да вас і правядзіце паўгадзіны на адарацыі, каб ушанаваць такім чынам Нованароджанага Хрыста. Адзначце ў календары адпаведны для гэтага час — лепш за ўсё ўвечары. Пасля адарацыі пайдзіце разам на вячэру або на каву і паразмаўляйце пра значэнне Божага Нараджэння.
7. Адведайце ў святочны час хворых, адзінокіх людзей, сваякоў і суседзяў. Варта з дзецьмі або ўнукамі схадзіць у шпіталь, сірочы прытулак, дом састарэлых, сацыяльны цэнтр, каб і туды прынесці радасць. Наведваць людзей, якія жывуць там, — справа міласэрнасці. Пры магчымасці варта падараваць цудоўны медалік з выявай Божай Маці, нейкі рэлігійны часопіс, кнігу, каляндар або нешта смачнае.
8. Падрыхтуйцеся да Божага Нараджэння і самі! Адвэнт даў магчымасць падрыхтавацца да святкавання Нараджэння Пана. Мы павінны паставіць для яго пасад у нашых душах і прыняць Валадара Валадароў. Гэта найлепшы час, каб добра паспавядацца і выканаць нейкую пастанову — ахвяраваць нешта Езусу і бліжнім:
- можна адмовіцца ад тэлебачання або не «сёрфіць» у гэты час у інтэрнэце;
- можна паразважаць, наколькі мы ўсведамляем шчодрасць Божую ў адносінах да нас і рабіць ахвяраванне хаця б на 5–10% месячнага заробку, каб падзяліцца з беднымі, беспрытульнымі, шматдзетнымі сем’ямі або аддаць грошы на місіянерскую працу.
9. Пашліце святочную паштоўку з віншаваннямі ў вязніцу, пажадайце благаслаўлення ў свята Божага Нараджэння і абяцайце малітву падчас святой Імшы і пры стаенцы. У вязніцах шмат людзей, пра якіх усе забылі, таму паштоўка з віншаваннямі і перадача з нечым смачным будзе для іх незвычайным, выключным дарам. Такую пасылку можна паслаць і тым, хто служыць у войску.
10. Можна зрабіць прыгожую святочную стаенку і паставіць яе ў грамадскім месцы, а побач пакласці ці павесіць тэкст усім вядомай калядкі.
А можа, вы натхніцеся гэтымі прапановамі і самі прыдумаеце нешта, каб распаўсюджваць там, дзе вы жывеце, вучыцеся, працуеце, прыгожую навіну аб Нараджэнні Збаўцы.
Айцец Раман Шульц ОР