Сэрца Езуса – уміласціўленне за грахі нашыя

У першыя пятніцы месяца ў касцёлах можна сустрэць вялікую колькасць вернікаў, якія стаяць у чэргах перад канфесіяналам, каб прыступіць да споведзі. Магчыма, аднак, што не ўсе ведаюць, адкуль паходзіць падобная практыка і чым яна на самай справе з’яўляецца. Мы паспрабуем апавесці чытачам пра крыніцы, змест і карысць набажэнства ў гонар зраненага грахамі Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якое палае любоўю да людзей.


Прагненне збаўлення

Чалавек, які сур’ёзна разважае пра вечнае жыццё, шукае сродкаў для яго дасягнення і гатовы выканаць розныя практыкі, каб пасля завяршэння зямной пілігрымкі атрымаць узнагароду збаўленых. Вялікую папулярнасць у наш час мае набажэнства да Божай Міласэрнасці, асабліва «Вяночак…», з якім звязанае абяцанне Езуса: «Той, хто будзе яго маліцца, заслужыць вялікую міласэрнасць у хвіліну смерці» (Дз., 687). Словы Пана Езуса, якія Ён сказаў святой сястры Фаўстыне, напаўняюць надзеяй і жаданнем маліцца ўжо цяпер, каб у гадзіну смерці, калі, магчыма, не будзе сілаў для размовы з Богам, Хрыстус прыняў паміраючага ў сваё Валадарства. Адзін святар, які часта яднае з міласэрным Айцом тых, хто стаіць на парозе смерці, распавядаў мне шмат гісторый пра апошнія гадзіны або хвіліны жыцця людзей. Ён не абмяжоўваў сваёй святарскай паслугі толькі ўдзяленнем Віятыку (святой Камуніі на дарогу да жыцця вечнага) і сакрамэнту намашчэння, але заставаўся нейкі час пры ложку хворага і маліўся «Вяночак да Божай Міласэрнасці». Да малітвы запрашаў таксама прысутных. Паводле яго словаў, дзякуючы «Вяночку…» Бог здзяйсняў цуды, і многія з тых, каго ён наведваў, паміралі ў спакоі, атуленыя словамі: «Будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету...» Святар, якога я ўзгадаў, моцна верыць у абяцанне Пана Езуса: «Напішы, што, калі гэты вяночак будуць маліцца каля паміраючых, Я стану паміж Айцом і паміраючаю душою не як справядлівы Суддзя, а як міласэрны Збаўца» (Дз., 1541).

Абяцанні шанавальнікам Найсвяцейшага Сэрца Езуса

Значна раней, у другой палове XVII стагоддзя, французская манашка Маргарыта Марыя Алякок, якая мела містычныя бачанні, атрымала ад Пана Езуса наказ паклапаціцца пра свята ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Езуса і развіццё Яго культу, які сёння шырока вядомы ў Касцёле. Здаецца, што няма практыкуючага католіка, які б не ведаў пра набажэнства дзевяці першых пятніцаў месяца, а звязана гэта з абяцаннем, якое святая Маргарыта пачула ад Езуса: «Абяцаю табе ў празмернай міласэрнасці Майго Сэрца, што Яго ўсёмагутная любоў усім, хто будзе прымаць святую Камунію ў дзевяць першых пятніцаў месяца, даруе ласку пакаяння перад смерцю, і яны не памруць без Маёй ласкі, не атрымаўшы сакрамэнтаў, а таксама Маё Боскае Сэрца стане для іх бяспечным прытулкам у апошнюю гадзіну». Святая Маргарыта запісала 12 абяцанняў Пана Езуса, сярод якіх прыведзенае вышэй атрымала назву вялікага. Варта адзначыць, што абяцанні, якія запісала святая Маргарыта, не з’яўляючыся дэпазітам веры або догматамі, якія абапіраюцца на Святое Пісанне, належаць да прыватных аб’яўленняў, якіх у гісторыі хрысціянства было даволі шмат. Касцёл вельмі асцярожна і толькі пасля адпаведнага даследавання прызнае іх сапраўднасць: «Настаўніцкі Інстытут Касцёла, які павінен распазнаваць такія прыватныя аб’яўленні, не можа прымаць тыя, якія прэтэндуюць пераўзысці або выправіць канчатковае Аб’яўленне, якім ёсць Хрыстус» (Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, 10). У працэсе беатыфікацыі і кананізацыі прызначаны для гэтага касцёльны трыбунал дакладна правярае ўсе прыватныя бачанні і толькі тады, калі няма ў іх нічога, што супярэчыць Божым Аб’яўленням і паўсюднаму вучэнню Касцёла, дазваляецца іх распаўсюджванне ў супольнасці веруючых. Так было з візіямі святой Маргарыты — Касцёл палічыў яе візіі сапраўднымі і карыснымі для развіцця еднасці з Богам. Святы Айцец Бэнэдыкт XV у гаміліі з нагоды кананізацыі святой Маргарыты адзначыў, што яна атрымала ад Бога ласку абвясціць багацці Сэрца Езуса, прызначаныя для ўсіх людзей. 

Набажэнства першых пятніцаў месяца

Пра паўсюдную любоў да людзей Пан Езус сказаў святой Маргарыце ўжо ў першай візіі: «Маё Боскае Сэрца палае такой любоўю да людзей і да цябе, што не можа больш стрымаць полымя сваёй палымянай любові, але хоча разліць іх, каб узбагаціць людзей сваімі каштоўнымі скарбамі, якія адкрываю». Заўсёды, калі мы разважаем пра Бога, таксама ў кантэксце споведзі, адчуваем Яго прагненне збавіць чалавека праз Любоў. Чытачам часопіса «Ave Maria» жадаю, каб успрымалі споведзь менавіта як дар Божай бязмежнай Міласэрнасці і адкрывалі ў сваім жыцці Езуса Хрыста, які заўсёды з’яўляецца ініцыятарам у адносінах з намі. Набажэнства першых пятніцаў месяца і абяцанні Езуса ўпісваюцца ў збаўчую таямніцу Бога, які дае чалавецтву своеасаблівы выратавальны круг у пустыні грахоў. Хачу асабліва падкрэсліць: няправільным было б лічыць, што ў Касцёле існуюць нейкія абрады, набажэнствы, малітоўныя ці аскетычны практыкі, якія б аўтаматычна адкрывалі брамы неба. Такі падыход да веры не адпавядае хрысціянскай веры, дзе чалавек застаецца ў еднасці з Богам і дазваляе развівацца ў сабе Божаму жыццю дзякуючы з’яднанню праз ласку і любоў, згодна са словамі святога Паўла: «Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20). Трэба разумець, што абяцанні, прывязаныя да набажэнства першых пятніцаў, не азначаюць «аўтаматычнага збаўлення». Святая Маргарыта напісала, што абяцанні Езуса здзейсняцца ў тых, хто будзе «жыць у згодзе з Яго святымі законамі».

Мэта набажэнстваў першых пятніцаў — перапрашэнне Хрыста за няўдзячнасць, усялякія грахі і знявагі супраць Яго, які ёсць Любоўю. Пан Езус аднойчы сказаў святой Маргарыце: «Вось Сэрца, якое так палюбіла людзей, што не пашкадавала нічога дзеля вынішчэння і ахвяравання сябе, каб паказаць ім сваю любоў. І ўзамен за ласкавасць я атрымліваю ад большасці з іх няўдзячнасць, абыякавасць і святатацтва, холад і пагарду, якімі адплочваюць Мне ў гэтым сакрамэнце любові». Сакрамэнт Любові — гэта перадусім Эўхарыстыя, таму перапрашэнне мае быць скіравана менавіта на Эўхарыстыю. Сярод спосабаў экспіяцыі, такіх як адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Святая гадзіна, перапрашальнае набажэнства, найбольш распаўсюджана менавіта прыняцце святой Камуніі ў дзевяць першых пятніцаў месяца. Такім чынам, мэтаю першых пятніцаў не ёсць «аўтаматычнае збаўленне», але ўшанаванне і перапрашэнне Найсвяцейшага Сэрца Езуса — Крыніцы жыцця, а таксама павелічэння нашай любові да Бога. Збаўленне — гэта не ўзнагарода Хрыста за «залічэнне» пятніцаў, а дар Яго бясконцай міласэрнасці для тых, хто застаецца Яму верным. Ушаноўваю Найсвяцейшы Сакрамэнт і прымаю Езуса, які мяне любіць, нават тады, калі я аддаляюся ад Яго.

Споведзь у першую пятніцу

Многія вернікі, а часам і святары, лічаць, што ў першую пятніцу месяца трэба паспавядацца. Святая Маргарыта нічога не кажа пра такую ўмову набажэнства, хоць трэба прызнаць, што ў XVII ст. звычай частай святой Камуніі пасля адной споведзі не быў распаўсюджаны. Сёння мы ведаем, што дзеля годнага прыняцця святой Камуніі трэба быць у стане асвячальнай ласкі, г. зн. не мець цяжкіх грахоў. Калі камусьці патрэбна споведзь або хтосьці мае звычай спавядацца, напрыклад, раз у месяц, ён можа зрабіць гэта бліжэй да набажэнства ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Езуса ці ў сам дзень першай пятніцы, аднак не абавязаны спавядацца менавіта ў першую пятніцу. Мяркую таксама, што калі б хтосьці па сур’ёзнай прычыне прапусціў нейкую пятніцу, то ён не абавязаны «ўсё распачынаць нанова», а можа працягваць збаўчую практыку. Першая пятніца дапамагае ўбачыць Божую любоў, аб’яўленую на крыжы Хрыста. Тут найважнейшы сам Езус і Яго любоў да нас, а не «магічная лічба», якая вызначае напрамак нашай пабожнасці.

Практыкаванне споведзі з нагоды першых пятніцаў месяца (неабавязкова ў гэты дзень) служыць развіццю камуніі чалавека з Богам, дапамагае імкнуцца да святасці, дбаць пра чыстасць сэрца, развівае праведнае сумленне, павялічвае любоў да Эўхарыстыі, фарміруе дух удзячнасці і перапрашэння, а перадусім уключае веруючых у няспынны гімн праслаўлення Сэрца Езуса, якому належыць хвала і пашана. Набажэнства першых пятніцаў месяца карыснае таксама і для дзяцей, бо вучыць іх частай і рэгулярнай споведзі, якая вядзе да паяднання з Богам і братамі, развівае разуменне каштоўнасці Найсвяцейшай Эўхарыстыі, а таксама дапамагае ўключыцца ў супольнасць Касцёла, у цэнтры якога жыве Хрыстус.


Айцец Аркадзь Куляха OCD — духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўступіў у ордэн кармэлітаў босых. Семінарыю пры ордэне скончыў у Кракаве, дзе ў 1993 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў у Гудагаі і Нарачы. Абараніў ліцэнцыят па маральнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.

Фота: GOŚĆ

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней