Пакуль паліцы супермаркетаў напоўненыя цацкамі і прысмакамі, мы, бацькі, робім усё, каб дзеці найлепей правялі час чакання Нараджэння Пана. Каб засяродзіць іх увагу на духоўным сэнсе святаў і заахвоціць да навяртання, мы прапануем 10 канкрэтных парадаў на кожным этапе Адвэнту, ажно да вігіліі Божага Наражэння. Верым, што яны дапамогуць і нам, і нашым дзецям падрыхтаваць сваё сэрца да прыйсця Езуса.
Адвэнтавы вянок
У форме кола, ён сімвалізуе вечнае жыццё і Другое прыйсце Хрыста. Сабраныя за агульным сталом, са словамі малітвы Анёл Панскі на вуснах, запальваем наступную свечку ў рытме надыходзячых нядзеляў Адвэнту. Агеньчыкі свечак будуць нагадваць нам, што мы чакаем Езуса — «святло свету», «святло жыцця» (гл. Ян 8, 12). У мэтах бяспекі будзьце асцярожныя, каб не пакідаць без нагляду палаючыя свечкі, асабліва ўначы, бо тады вельмі лёгка можа ўспыхнуць пажар.
Батлейка, якая паступова павялічваецца
Замест таго, каб ставіць фігуры Юзафа і Марыі ў батлейцы, было б цікава размясціць іх далей ад ясляў і паступова перастаўляць усё бліжэй і бліжэй, каб такім чынам успомніць той 150-кіламетровы шлях, які Святая Сям'я павінна была прайсці з Назарэта ў Бэтлеем. Дзеці выбіраюць фігурку жывёлы (авечкі, асла), якая суправаджае галоўных герояў. Кожны дзень яны набліжаюць іх да ясляў, мераючы час чакання каляднай ночы вось такім бачным спосабам.

Адвэнтавы каляндар
Гэты атрыбут Адвэнту можа стаць выдатнай дапамогаю для катэхізацыі. Кожную раніцу дзеці заглядваюць у чарговы пакецік ці скрыначку, куды разам з традыцыйнымі прысмакамі варта змясціць фрагмент Бібліі для разважання альбо малітоўную інтэнцыю на дзень.
Калядныя гісторыі
У кантэксце набліжэння Божага Нараджэння, давайце чытаць дзецям розныя казкі і гісторыі, якія цудоўна апісваюць час чакання і пошукаў Езуса.
Рараты
З першага панядзелка Адвэнту Касцёл запрашае ўсіх удзельнічаць у святых Імшах у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, якія традыцыйна называюць Раратамі. Хоць звычайна яны адбываюцца падчас усходу сонца, дзеці ахвотна ўдзельнічаюць у святой Імшы. Многія прыносяць на літургію лампадкі (часта зробленыя сваімі рукамі), становячыся такім чынам сведкамі Хрыстовага святла, якое яны нясуць у сваім сэрцы. Магчыма, сёлета, нягледзячы на санітарныя абмежаванні, вы зможаце выбрацца на такую літургію хоць адзін-два разы? Ёсць таксама трансляцыі з Раратаў, якія вы можаце паглядзець разам са сваімі дзецьмі.

Дапамога найбольш патрабуючым
Дзіця, чулае да розных няшчасцяў людзей, часта адчувае сваё бяссілле. Варта заахвочваць дзетак праяўляць міласэрнасць да патрабуючых па меры сваіх сілаў. Можна, напрыклад, даць штосьці з ежы бяздомнаму, наведаць хворага, дапамагчы пажылому чалавеку ў хатніх справах: прыбрацца ў яго хаце, на падворку або напісаць ліст…
Віншавальныя паштоўкі
Адвэнт пачынае літургічны год. Замест таго, каб чакаць з віншаваннямі да першага студзеня, на Новы год, лепш загадзя падрыхтаваць калядныя паштоўкі разам з дзецьмі, упрыгожыўшы іх малюнкамі ясляў, анёлаў, свечак або імітацыяй вітражоў. Нашыя дзеці змаглі б напісаць на іх урыўкі з Бібліі і дадаць пажаданне: «Няхай дзіцятка Езус дасць табе свой супакой!» Такія паштоўкі будуць добраю нагодаю давяраць адрасатаў Богу ў вячэрняй малітве.
Пустая талерка
Магчыма, у гэтым годзе запросім самотнага чалавека на калядную вячэру, напрыклад, суседа альбо каго-небудзь з нашай парафіі? Дзеці будуць радыя ўпрыгожыць стол папяровымі анёламі з імёнамі ўсіх гасцей... Дзеці таксама могуць пачаставаць запрошаных гасцей хатнімі пернікамі.
Калядаванне і батлейка
Сапраўдным адвэнтавым выклікам для ўсёй сям'і ці некалькіх дружных сем'яў можа стаць падрыхтоўка сцэнкі пра Нараджэнне Хрыста. Акторы-аматары ў касцюмах могуць паказаць спектакль пасля Пастэркі апоўначы. Акрамя актораў, спатрэбяцца таксама калядоўшчыкі, якія могуць аздобіць спектакль выкананнем калядак.
Аганькі ў вокнах
24 снежня ў скандынаўскіх краінах традыцыйна ў вокны ставяць лямпы ці свечкі, каб паказаць гасцям дарогу ў памяць пра падарожжа Марыі і Юзафа ў ноч Нараджэння Пана. У некаторых рэгіёнах Францыі такое ўпрыгожванне з'яўляецца на вокнах ужо 8 снежня ў гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта цудоўная традыцыя, якую варта пашыраць!

Стэфані Комбэ, pl.aleteia.org
Пераклад з польскай мовы: Вольга Адамовіч