У літургіі ўсіх трох святых Імшаў на Божае Нараджэнне чытаецца фрагмент з Кнігі прарока Ісаі, у якім падрабязна апісваецца Тэафанія (аб’яўленне Бога), што здзяйсняецца на Божае Нараджэнне: «Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам; і ўлада спачыла на плячах Яго, і дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, Спрадвечны Айцец, Князь Спакою. Будзе вялікім панаванне Яго, і міру не будзе канца» (Іс 9, 6–7). Мы не ведаем, ці ў гэтых словах прарок думаў пра нейкае дзіця, народжанае ў яго эпосе, бо гэта здаецца немагчымым. Гэты тэкст адзіны ў Старым Запавеце, у якім ідзе гаворка пра дзіця, чалавечую істоту: Яго імя будзе Бог Моцны, Спрадвечны Айцец.
Мы знаходзімся перад абліччам праўды, якая значна пераўзыходзіць гістарычны момант і скіраваная ў будучыню, да таго, што таямнічае. Дзіця ва ўсёй сваёй слабасці з’яўляецца Богам Моцным. Дзіця ва ўсёй сваёй сціпласці і залежнасці з’яўляецца Спрадвечным Айцом. І міру не будзе канца. Прарок гаворыць пра Яго як пра «святло вялікае», а пра мір, што паходзіць ад Яго, гаворыць, што зламаная розга прыгнятальніка, «усякі бот ваюючага жаўнера і адзенне, забруджанае крывёю, будзе кінута ў пажар на ежу агню» (гл. Іс 9, 2; 4–5).
Бог аб’явіўся як Дзіця. Менавіта так Ён супрацьставіцца ўсякаму гвалту і прыносіць пасланне міру.
Сёння, калі свету ў многіх мясцовасцях і па-рознаму пагражае гвалт, калі з’яўляюцца ўсё новыя розгі прыгнятальніка і адзенне, забруджанае крывёю, мы ўсклікаем да Пана: Ты, Бог Моцны, аб’явіўся як Дзіця і паказаў нам сябе як Той, які нас любіць і праз Каго любоў пераможа.
Ты аб’явіў нам, што разам з Табою мы павінны быць будаўнікамі міру. Мы любім Цябе як дзіця і любім Тваё адмаўленне ад гвалту, аднак мы церпім, бо гвалт пануе ў свеце. Просім Цябе, Божа, аб’яві сваю моц. Учыні, каб у гэты час і ў гэтым свеце былі зламаныя розгі прыгнятальніка і спаленыя боты жаўнераў і адзенне, забруджанае крывёю, каб Твой спакой перамог у нашым свеце.
Божае Нараджэнне — гэта Тэафанія, аб’яўленне Бога і Яго вялікага святла ў Дзіцяці, якое нарадзілася для нас у бэтлеемскай стайні, а не ў каралеўскім палацы. Калі святы Францішак Асізскі ў 1223 годзе святкаваў Божае Нараджэнне ў Грэчыа з валом, аслом і яслямі, напоўненымі сенам, ён аб’явіў новае вымярэнне таямніцы Божага Нараджэння. Францішак з Асізі назваў Божае Нараджэнне «святам святаў» — найбольшым сярод усіх іншых урачыстасцяў — і святкаваў яго з «невымоўным запалам» (2 Celano, 199; Fonti Francescane, 787). Святы Францішак з вялікай пабожнасцю цалаваў выявы Дзіцяткі і, як апавядаў Тамазо з Чэлана (тамсама), спачуванне да Дзіцяткі, якое напаўняла яго сэрца, наказвала яму салодка лепятаць, як гэта робяць малыя дзеці. Для сярэднявечнага Касцёла святам святаў была Пасха: праз уваскрасенне Хрыстус разбіў брамы смерці і радыкальна змяніў свет, зрабіўшы для чалавека месца ў самім Богу. Святы Францішак не змяніў, не хацеў змяніць гэтай аб’ектыўнай іерархіі святаў, унутранай структуры веры, якая канцэнтруецца на Пасхальнай таямніцы. Аднак дзякуючы яму і яго веры з’явілася штосьці новае: Францішак глыбока і цалкам па-новаму адкрыў чалавечасць Езуса. Гэта чалавечасць Бога аб’явілася яму найбольш відавочна ў хвіліне, калі Сын Божы, народжаны з Дзевы Марыі і спавіты, ляжаў у яслях. Уваскрасенне звязанае з уцелаўленнем. Сын Божы як дзіця, як праўдзівы сын чалавечы — гэта глыбока ўзрушыла сэрца святога з Асізі, перамяняючы веру ў любоў. Аб’явілася дабрыня і любоў нашага Бога да людзей — гэтыя словы святога Паўла набылі цалкам новую глыбіню. Можна сказаць, што ў Дзіцяці з бэтлеемскай стаенкі можна дакрануцца да Бога і адарыць Яго пяшчотаю. Так літургічны год атрымаў новы цэнтр у свяце, якое найперш з’яўляецца святам сэрца.
Усё гэта не мае нічога агульнага з сентыментальнасцю. Менавіта ў новым спазнанні рэальнасці чалавечасці Езуса аб’яўляецца вялікая таямніца веры. Францішак любіў Езуса, Дзіцятка, бо ў гэтым быцці дзіцем ясна праявілася пакора Бога. Бог стаў бедным. Яго Сын нарадзіўся ў беднай стаенцы. У Дзіцятку Езус Бог стаў тым, хто залежыць, каму патрэбная любоў людзей і хто просіць нашай любові. Сёння свята Божага Нараджэння стала святам крамаў, яскравы бляск якіх засланяе таямніцу пакоры Бога, што заклікае нас да пакоры і прастаты.
Просім Бога, каб Ён дапамог нас пранікнуць позіркам праз ззяючы фасад гэтага часу, каб за ім знайсці Дзіця ў бэтлеемскай стаенцы і адкрыць праўдзівую радасць і праўдзівае святло.
Той, хто сёння хоча ўвайсці ў святыню Нараджэння Пана ў Бэтлееме, бачыць, што большая частка парталу, які калісьці быў пяць з паловаю метраў у вышыню і праз які імператары і каліфы ўваходзілі ў будынак, замураваная. Застаўся толькі невялікі праём на паўтара метра. Напэўна, гэта было зроблена для таго, каб лепш бараніць святыню ад магчымых нападаў, аднак найперш таксама для таго, каб немагчыма было ўязджаць у Божы дом на кані. Той, хто хоча ўвайсці ў Божы дом у месцы нараджэння Езуса, павінен схіліцца. Мне здаецца, што ў гэтым праяўляецца праўда больш глыбокая за тую, якой мы чакаем і думаем, што яна ўзрушыць нас у гэтую святую ноч: калі мы хочам знайсці Бога, які аб’явіўся як Дзіця, мы павінны «злезці з каня нашага адукаванага розуму». Нам неабходна пакінуць нашыя фальшывыя перакананні, нашу інтэлектуальную пыху, якая не дазваляе нам спазнаваць блізкасць Бога. Нам трэба ісці ўнутраным шляхам святога Францішка, які вядзе да вялікай знешняй і ўнутранай прастаты, што дапамагае нашым сэрцам бачыць. Мы павінны схіліцца і ісці ў духу пешшу, каб мы маглі ўвайсці праз «партал веры» і сустрэць Бога, які адрозніваецца ад нашых уяўленняў і думак: Бога, які ўтаіўся ў пакоры толькі што народжанага Дзіцяці.
Казанне на літургіі 30 снежня 2018 г.
Пераклад з польскай мовы Кацярыны Дурко
Ілюстрацыя: Mike Moyers