Аповесць-легенда пра трох каралёў

Восенню 1819 г. у гарадской бібліятэцы Іены Гётэ натрапіў на старажытны лацінскі рукапіс, у якім апавядалася пра трох святых каралёў. Захоплены тэкстам, паэт напісаў свайму знаёмаму: «Гісторыя і паданне, магчымае і неверагоднае, казачнае і натуральнае, магчымае і сапраўднае спалучана тут у адзінае і, як казка, не паддаецца ніякай крытыцы» (Иоанн Хильдесхаймский. Легенда о трёх святых царях. М., 1998, с. 10).


Гётэ вельмі зацікавіўся аўтарам рукапісу і хутка даведаўся, што ім быў нямецкі (ці то вестфалец, ці то саксонец) манах-кармеліт, доктар тэалогіі і прафесар у Авіньёне Ян Хільдэсхаймскі (1310/1320–1375 гг.). Памёр ён як прыёр кармеліцкага кляштара на сваёй радзіме, у Марыенаў. Гётэ надрукаваў кароткі пераказ аповесці і пажадаў, каб яна, як найхутчэй, была надрукаваная па-нямецку: «У перакладзе на нямецкую мову гэтая кніжка далучылася б да народных кніг, бо яна задумана і напісана для народа...». Перакладчык Густаў Шваб так быў натхнёны сярэднявечнай легендай, што напісаў на яе тэму дванаццаць рамансаў. Гётэ блаславіў выхад перакладу Шваба з яго рамансамі ў 1821 г. і дадаў у кніжку ўласны невялікі верш.

Аповесць, якой захапіўся вялікі паэт, ужо ў XV ст. была вядомая ў Беларусі, пра што сведчыць яе тэкст у зборніку з бібліятэкі Залускага, датаваным Я. Карскім канцом гэтага стагоддзя (Е. Ф. Карский. Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962, с. 264). Якраз гэты час вялікіх геаграфічных адкрыццяў быў перыядам асаблівага шанавання трох магаў («звездазорцаў»). Я. Карскі прыйшоў да высновы, што старабеларускі пераклад зроблены непасрэдна з лацінскага, а не старапольскага тэксту. Яшчэ два старабеларускія тэксты захоўваюцца ў Маскве.

Кароткае паведамленне евангеліста Мацвея пра трох каралёў-магаў вучоны кармеліт разгарнуў у аповесць-легенду з маляўнічым апісаннем розных краін і народаў Усходу, болей ці меней праўдзівым, часцей казачна-фантастычным. Гісторыя трох каралёў пачынаецца тут са згадкі пра старазапаветнага прарока Валаама, які прадказаў нараджэнне Месіі і ўзыход «зоркі Якуба». Потым аўтар «пераскокнуў» адразу ў часы апошніх крыжовых паходаў і апавёў пра прывезеную з Усходу ў Акону (Акру) карону караля Мельхіёра, якую за вялікія грошы купіў магістр тампліераў (яна нібыта знікла пазней, пры разгроме ордэна храмоўнікаў). Наступны раздзел пераносіць чытача ў Кнігі старазапаветных прарокаў, нагадвае пацверджанні прароцтва Валаама пра «зорку Якуба» і апавядае пра дванаццаць астраномаў-халдзеяў, якія з гары Фус церпяліва назіралі за небам, каб заўважыць доўгачаканую зорку.

Нарэшце Ян Хільдэсхаймскі звяртаецца да Нараджэння Хрыста паводле Евангелля ад Лукі, падаючы рэалістычныя дэталі побыту Бэтлеема ў часы крыжаносцаў: апісвае паўразбураны дом бацькі Давіда Есэя(!), дзе павінен быў нарадзіцца Езус. Апавядаючы пра з’яўленне анёла пастухам, аўтар паведамляе цікавыя звесткі пра іх занятак, кліматычныя ўмовы мясцовасці (тут яўна адчуваюцца нейкія назіранні тагачасных падарожнікаў ці купцоў).

Тады ж над гарой Фус узыходзіць яркая, як сонца, зорка накшталт факела, і цэлы дзень яна стаіць нерухома, выпускаючы з сябе праменні. Больш за тое, на зорцы бачнае аблічча Дзіцяці і знак святога Крыжа, а голас з яе абвяшчае нараджэнне Цара Юдэйскага і загадвае ісці да Яго на паклон. Атрымаўшы паведамленне астраномаў, святыя каралі з Індыі, Персіі і Халдэі, кожны самастойна, з вялікай світай адпраўляюцца ў дарогу «з ахвярамі і дарамі, у багатых каралеўскіх адзеннях, на конях, мулах і вярблюдах... І ўсю незлічоную паклажу сваю паслалі наперад, а з ёю кароў і авец; пасцелі і ўсё патрэбнае ў дарозе на ўсіх везлі на падводах вярблюды і іншая цяглавая жывёла...». Гэты тэкст, напэўна, мелі ў памяці мастакі італьянскага Адраджэння, малюючы на сваіх карцінах велізарныя караваны на падыходзе да Ерузалема.

Далей аўтар тэксту зноў адыходзіць ад евангельскага сюжэта, каб паведаміць пра тры Індыі (адкуль прыйшлі каралі) і прэсвітара Яна, змешваючы рэальныя геаграфічныя рэгіёны Нубіі, Сірыі, Егіпта, Сіная, Чырвонага мора з загадкавымі астравамі, запоўненымі балотамі, страшнымі пачварамі і замкамі з палоннымі рыцарамі. У некалькіх раздзелах «Легенда» апісвае доўгі шлях каралёў да Ерузалема, падкрэсліваючы, што кожны з іх нічога не ведаў пра іншых. Вяла іх усіх адна зорка, якая сваім святлом ператварала ноч у дзень, бо ішлі каралі трынаццаць дзён, не спыняючыся, ніхто нічога не еў, коней і вярблюдаў таксама не кармілі. Толькі за дзве мілі перад Ерузалемам караваны спыніліся, бо раптам спусціўся густы туман і схаваў зорку. Мельхіёр у цемры стаў на адпачынак каля гары Кальварыі, бо не ведаў куды ісці далей. У той жа туман увайшоў Бальтазар і разбіў лагер пад Аліўнай гарой, непадалёку ад вёскі Галілея. Паціху туман развеяўся, развіднела, хоць зорка ўжо не свяціла; каралі, усё яшчэ паасобку, убачылі недалёкі Ерузалем, які іх продкі не раз разбуралі, накіраваліся туды і сустрэліся каля гары Кальварыя на раздарожжы. Толькі тут яны пазнаёміліся і апавялі адзін аднаму на сваіх мовах пра агульную мэту іх падарожжа. Аднак іх караваны былі такія вялікія, што не змаглі цалкам увайсці ў горад і размясціліся за сцяной. Да таго ж каралі па звычаі тых мясцінаў прывялі з сабою шмат жывёлы. З таго часу — паведамляе аўтар — у Святой зямлі развялася асаблівая парода курдзючных авечак і здзічэлых бараноў, тлустых і рослых, але пакорлівых, з доўгімі рагамі і поўсцю, як у казлоў, на статкі якіх палююць з сабакамі і леапардамі.

У «Легендзе» спачатку дакладна пераказваецца Евангелле ад Мацвея: як каралі сустракаліся і гаварылі з Ірадам, пайшлі зноў за зоркай у Бэтлеем, адшукалі дом, дзе была Марыя з Дзіцем, і паднеслі Яму дары. Але потым аўтар у некалькіх раздзелах дае ўласную трактоўку эпізода. Ён задаецца пытаннем, чаму каралі не адразу пайшлі ў Бэтлеем, і лічыць галоўнай прычынай тое, што яны згубілі зорку, і былі вымушаныя трапіць у Ерузалем, каб там удакладніць у дасведчаных кніжнікаў месца нараджэння Езуса. Гэта рацыянальнае тлумачэнне аўтар дапаўняе яшчэ меркаваннем, што такім чынам было прадугледжана, каб юдэі і ўсе іншыя, хто ведаў прароцтвы аб нараджэнні Пана і месцы гэтай падзеі, не маглі пазней апраўдацца ў сваім бязвер’і. Далей «Легенда» апісвае, як каралі выйшлі з Ерузалема ў дзве гадзіны, сустрэліся па дарозе з пастухамі, якія ўжо наведалі Хрыста, убраліся ў царскія адзенні і ў сем гадзін дайшлі да Бэтлеема. «І з таго часу над навесам... зорка стала вышэй за глінабітную сцяну... і далей не пайшла... Потым зорка зноў узнялася ўвысь і завісла нерухома».

Аўтар піша, што Езусу было ўжо 13 дзён ад нараджэння. Ён ляжаў у яслях на сене, спавіты падранаю хусткаю, і выглядаў як здаровенькае Дзіця. Марыя таксама была ў поўным росквіце, твару крышку смуглявага, у простым блакітным плашчы, які Яна прытрымлівала леваю рукою, у ільняной наметцы. Яна сядзела на краі ясляў і праваю рукою трымала галаву Дзіцяці. Каралі знялі з вярблюдаў багатыя дары, але, уражаныя незвычайна яркім святлом у пячоры, зусім забыліся пра іх. Яны пацалавалі зямлю перад яслямі і рукі Дзіцяці і паднеслі Яму тое, што трапілася пад руку. У Мельхіёра былі 30 залатых манетаў і залаты яблык — не большы, чым магла ўзяць рука. Бальтазар выбраў наўгад са сваіх скарбаў ладан (кадзіла), а Яспар (Каспар) са слязьмі падаў Пану трошкі смірны (міра) на далоні. Ян Хільдэсхаймскі дае розныя тлумачэнні дароў (гістарычна-побытавыя і тэалагічна-сімвалічныя), а потым гаворыць пра невысокі рост усходніх каралёў: дарэчы, самым нізкім быў Мельхіёр, а самым высокім — эфіоп Яспар (Каспар).

У «Легендзе» маляўніча апісаны зваротны шлях каралёў. У Бэтлеем яны дабіраліся пад апекай зоркі толькі 13 дзён, а вярталіся з вялікімі цяжкасцямі на працягу двух гадоў. Тут жа тлумачыцца, што слаўных каралёў назвалі вешчунамі паганскія кніжнікі, якія нічога не ведалі пра Нараджэнне Пана і якіх на гэта падбухторвалі юдэі. І так вядзецца да гэтага дня. Ісціна ж у тым, што вешчуном прынята называць усялякага мудраца, які разумее ход нябесных свяцілаў, а вялікія магутныя каралі і былі такімі. Вярнуўшыся, яны загадалі пабудаваць на гары Фус капліцу і намаляваць у ёй абраз Дзіцяці, а потым разышліся па сваіх краінах і жылі да Ушэсця Гасподняга.

Далей апавяданне набывае апакрыфічна-фальклорны змест: Марыя з Дзіцем і Юзафам сорак дзён хаваюцца ў іншай пячоры (у першай ацалела сарочка Марыі і пялюшкі Дзіцяці аж да царыцы Алены). Святая Сям’я ўцякае ў Егіпет і жыве там сем гадоў, да смерці Ірада. На зваротным шляху Марыі, як памяць пра тое, вырастаюць ружы, якія бедуіны збіраюць і мяняюць на хлеб у паломнікаў, а тыя разносяць па ўсім свеце. Вельмі падрабязна апісаны бальзамавы сад у Егіпце паблізу месца, дзе жыла Марыя, і сам працэс збору лекавага бальзама.

Выкладзена абсалютна неверагодная гісторыя 30 залатых «пенязяў»: яна пачынаецца ад Абрагама і царыцы Саўскай, а потым гэтыя грошы разам з ладанам і смірнаю Марыя губляе ў пустыні, дзе іх знаходзіць пастух і прыносіць у храм. У выніку яны трапяць да Юды Іскарыёта пад назвай «сярэбранікаў». Аўтар даказвае іх ідэнтычнасць і чамусьці старанна апісвае абрад пасвячэння ў «рыцары» (воіны) на Усходзе. У наступным разделе ён пачынае апавядаць пра місіянерскую дзейнасць апостала Тамаша ў Індыі, дзе яго сустрэлі яшчэ здаровыя, хоць вельмі старыя, тры каралі. Тамаш ахрысціў народ той краіны, пасвяціў каралёў у арцыбіскупы і накіраваўся ў верхнюю Індыю, дзе быў замучаны. Каралі-арцыбіскупы аб’язджалі свае землі, будавалі і асвячалі храмы, а потым да сканчэння сваіх дзён пасяліліся пад гарой Фус, каб быць там пахаванымі. Праз два гады, незадоўга да свята Нараджэня Хрыста, на небе ўзышла новая зорка, і неўзабаве каралі адзін за адным спачылі ў Богу ў горадзе Скуле, але целы іх заставаліся нятленнымі, пакуль там не пашырылася ідалапаклонства.

У далейшых трох раздзелах апавядаецца пра пабудову святой Аленай храмаў у Бэтлееме, Назарэце і на гары Табор. Потым яна накіравалася ў Індыю і вывезла целы Мельхіёра, Балтазара і Яспара (Каспара) у Канстанцінопаль, у храм святой Сафіі. Пры імператары Маўрыкіі целы перанеслі ў Мілан. У 1164 г. арцыбіскуп кёльнскі Райнольд перанёс целы святых каралёў у Кёльн, дзе пры іх адбыліся многія цуды. На заканчэнне крытычна апісваюцца хрысціянскія народы Усходу і іх рэлігійныя звычаі, асабліва нестарыянаў. У апошнім раздзеле змешчана «Пахвала Кёльну», дзе і цяпер у саборы захоўваюцца рэліквіі трох святых каралёў.


Аляксандр Ярашэвіч
Надрукавана ў часопісе «Наша вера» № 4, 2003 г.

Ілюстрацыя: «Пакланенне вешчуноў»
з касцёла святых Пятра і Паўла, в. Дрысвяты, каля 1514 г. МСБК НАН

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней