Перыяд Божага Нараджэння чамусьці здаецца заўсёды вельмі радасным, але надта ж кароткім: яшчэ нядаўна ўпрыгожвалі ялінку, ламаліся аплаткамі, стаялі каля святочнай стаенкі з нованароджаным Езусам, спявалі разам калядкі, віншавалі родных і сяброў, сустракалі Трох Каралёў, а вось ўжо і свята завяршылася.
І мне вельмі падабаецца, што традыцыйна склалася так, што калядныя спевы замаўкаюць у святынях не адразу: яшчэ некалькі тыдняў галасы радасна падхопліваюць «Зорка Бэтлеемска» і «Зямля і неба». Мне падаецца, у гэтым ёсць неспадзяваная, але вялікая мудрасць: Божае Нараджэнне — гэта не толькі і не столькі каляндарная падзея. Гэта напамін пра вялікую радасць і вялікую таямніцу, якую можа і трэба захаваць у сваім сэрцы назаўжды. Няхай і ўвесну, калі зацвітуць яблыні, і ўлетку, калі раптам пачуецца салаўіны спеў, і ўвосені, калі залатое лісце абсыпе вас з галавы да ног, вы, адчуўшы яркую і кароткую ўспышку радасці, узгадаеце адразу і адчуеце радасць ад таго, што Бог прыходзіць да чалавека — заўсёды, кожны дзень.
Няхай пра найвялікшы скарб таямніцы Божага Нараджэння нагадае і калядка з далёкага краю: іспанскага рэгіёну Галісіі, у перакладзе на беларускую мову.
Матэрыял падрыхтавала Юлія Косава