Мой Вялікі і невялікі пост: сведчанне пра духоўнае пераяданне

Вялікі пост — гэта час абмежаванняў, больш або менш сур’ёзных пастановаў і працы над сабою. Аднак, паглядзеўшы на сябе, прыходзіць думка: можа, я раблю нешта сабе наперакор, і пост атрымліваецца зусім нейкім няпосным. Але ці гэта так?


За адзін год я напісала рэцэнзіі на 62 кнігі. Я чытала іх вельмі ўважліва, каб напісаць, што пра іх думаю. Дык які сэнс для мяне чытаць чарговую духоўную літаратуру ў Вялікім посце? Можа, нешта карыснае з гэтага і было б, калі б я штосьці канкрэтнае шукала для свайго духоўнага жыцця.

Калі я напісала ў Facebook, што ў гэтым годзе ў Вялікім посце мяне будуць суправаджаць толькі раманы і падарожныя кнігі, узнікла пытанне: але як? Без духоўнага чытання? І гэта ты? Як ты так можаш? Так, магу. Гэта мой план — незвычайны, неардынарны, мой.

Цяпер у мяне такі час, што хочацца толькі нейкіх інтэрнэт-рэкалекцый, штотыднёвага Крыжовага шляху і таго, што прынясе жыццё. У мяне няма плана, няма нейкіх абавязкаў і пастановаў. Ну, можа, за выключэннем адной, і пра гэта падрабязней.

Калі я гляджу на сваё духоўнае жыццё і на тое, як я ўспрымаю свае адносіны з Богам, то бачу, што мне сапраўды патрэбен час Вялікага посту. Хоць бы таму, што Крыжовы шлях для мяне — асаблівае набажэнства, а ў іншыя перыяды я рэдка яго практыкую. Крыжовы шлях прымушае мяне спыніцца, і хоць гэта для мяне не ў навінку, я ўсё роўна люблю нагадваць сабе пра гэта ў жыццёвай мітусні.

Для мяне сакрамэнты — штосьці вельмі важнае, штодзённае на працягу года. Шчыра кажучы, я адчуваю вялікую радасць, калі мне ўдаецца пайсці на Імшу таксама і ў будні дзень, і да споведзі хаджу больш-менш перыядычна, кожны месяц (звычайна больш, чым менш, і ў мяне даўно не было перапынку больш за 2 месяцы). Калі мне ўдалося пайсці на Крыжовы шлях у пятніцу, я таксама засталася на Імшы. І хоць мае ўспрымальныя здольнасці былі блізкія да нуля, я адчула, што Імша прынесла канкрэтны духоўны плён.

Я была вельмі соннаю. З Крыжовага шляху я запомніла толькі адзін сказ, з казання — два, а на працягу ўсёй Імшы я пастаянна пазяхала, нібы хацела  праглынуць алтар. Пасля Камуніі, калі я ў лаўках стаяла на каленях з заплюшчанымі вачыма, арганіст пачаў спяваць «Хачу славіць Пана», і з майго сэрца выплыла вельмі шчырая малітва. Я чарговы раз пераканалася, што Богу не перашкаджаюць мае фізічныя абмежаванні.

Дык што наконт гэтага посту ці не-посту? У мяне вялікая праблема з карыстаннем Facebook і Instagram, з бяздумным праглядам няважных для мяне рэчаў. Таму па парадзе майго спаведніка я паставіла сабе строгія рамкі, калі карыстаюся тэлефонам і інтэрнэтам. Я па́даю, а потым устаю і іду далей.

Я раблю гэта не для таго, каб даказаць сабе, што магу. Раблю гэта, каб быць бліжэй да Бога, да людзей і самой сябе. І я не хачу, каб гэтая пастанова скончылася ў дзень уваскрасення Пана, але каб яна трывала далей. Калі я гляджу на сябе на працягу мінулых гадоў, то бачу, як моцна я напружвалася. Пост, міласціна, як мага больш набажэстваў і шмат духоўнай літаратуры. Усё гэта добра само па сабе, але для мяне гэтага было занадта шмат, я ўваходзіла ў час актавы, перапоўненая да краёў. Быццам бы я напічкала сябе фастфудам, ад якога мне дрэнна. А павінна было быць так цудоўна!

Гэта навучыла мяне таму, што можна пераесці і атруціць сябе духоўнымі рэчамі. Можна трапіць у такую пастку, што спачатку не карыстацца інтэрнэтам увесь пост, а пасля не адрываца ад яго цэлы месяц, занядбаўшы ўсе справы. І як жа цяжка ва ўсім гэтым навучыцца знаходзіць меру, якая з аднаго боку накорміць і дапаможа ўзрастаць, а з другога — не перапоўніць.

Я ўжо прыступіла да сакрамэнту пакаяння, да чаго заклікаю і цябе, бо стаянне ў вялікай чарзе на Вялікім тыдні выклікае толькі негатыўныя пачуцці, а гэта дакладна не тое, што патрэбна твайму сэрцу.

А які ў цябе Вялікі пост?


Магдалена Урбаньская
Пераклад з польскай мовы Вольгі Адамовіч
Паводле: blog.deon.pl 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней