Вялікі пост з Льюісам #7. Што стаіць за натуральным Законам. Працяг

Мы працягваем падчас гэтага Вялікага посту разважаць над сутнасцю хрысціянства разам з вядомым англійскім апалагетам Клайвам Стэйплзам Льюісам, які назваў сваю кнігу «Проста хрысціянства», паставіўшы сабе за мэту паразважаць аб рэчах, якія складаюць самую сутнасць хрысціянства.


Клайв Стэйплз Льюіс

Проста хрысціянства

Кніга 1. Дабро і зло як ключ да разгадкі сэнсу існавання сусвету 

IV. Што стаіць за натуральным Законам. Працяг

Паразважайма яшчэ. Калі ўявіць, што па-за сусветам існуе нейкая кіраўнічая Сіла, то яна не можа праявіць сябе як з’ява ў межах сусвету — гэтак архітэктар не можа стаць сцяной, лесвіцай або камінам у пабудаваным доме. Адзінае, на што можна спадзявацца, — гэта тое, што Сіла неяк праявіць сябе ўнутры нас — у выглядзе падсвядомага памкнення або загаду, які змушае да канкрэтных паводзінаў. Але ж менавіта гэта мы і адчуваем.

Наводзіць на пэўныя думкі, праўда? У тым адзіным выпадку, калі ўвогуле можна спадзявацца атрымаць адказ на сваё пытанне, гэты адказ станоўчы; а ў іншых выпадках, калі адказу няма, становіцца зразумелым, чаму яго няма. Дапусцім, нехта спытае: чаму, убачыўшы, як чалавек у сіняй уніфіорме ідзе ўздоўж вуліцы і пакідае папяровыя канверты каля кожнага дома, я мяркую, што ў гэтых канвертах лісты? Мне застаецца сказаць: «Бо заўсёды, калі чалавек у сінім пакідае каля майго дома канверт, я знаходжу ўнутры ліст». Мне могуць запярэчыць: «Але ж Вы ніколі не бачылі тых лістоў, якія, па Вашым меркаванні, атрымліваюць іншыя людзі!», і тады я скажу: «Вядома, не бачыў і не спадзяюся ўбачыць, бо яны адрасаваны не мне. Я здагадваюся пра змесціва канвертаў, якія мне нельга адкрываць, па змесціве тых, якія мне можна адкрыць».

З нашым пытаннем — тое самае. Чалавек — адзіны канверт, які мне дазволена адкрыць. Калі я гэта раблю, асабліва калі адкрываю аднаго пэўнага чалавека, якога называю «Я», то бачу, што існую не сам па сабе, а пад уплывам Закону; усведамляю, што Нехта або Нешта хоча, каб я паводзіў сябе менавіта так, а не інакш. Вядома, я не лічу, што, атрымаўшы раптам магчымасць трапіць у нутро каменя ці дрэва, я знайду там гэткае ж ўсведамленне — падобна як не лічу, што мы з суседзямі атрымліваем аднолькавыя лісты. Напрыклад, я спадзяюся ўбачыць, што камень абавязаны падпарадкоўвацца закону прыцягнення. І бачу, што Той, хто ў сваіх лістах раіць мне слухацца Закона чалавечай прыроды, у выпадку з каменем дзейнічае інакш — проста змушае яго падпарадкоўвацца законам ягонай каменевай прыроды. Пры гэтым у абодвух выпадках я павінен дапусціць, што ёсць Той, хто адпраўляе нам «лісты» з указаннямі, — нейкая Сіла, што стаіць за фактамі, Кіраўнік, Правадыр.

Не падумайце, што я спяшаюся з высновамі. Я і на сотню кіламетраў не наблізіўся ячшэ да Бога, якім Яго малюе хрысціянская тэалогія.

На цяпершні момант я сцвярджаю толькі адно — існуе Нешта, што кіруе сусветам і дзейнічае ў чалавеку як Закон, заахвочваючы рабіць правільныя ўчынкі, а таксама непакоіцца і ўсведамляць сваю адказнасць за няправільныя.

Мне падаецца, будзе лагічна дапусціць, што гэтая Сіла ў параўнанні з іншымі знаёмымі нам паняццямі больш за ўсё нагадвае розум. Па сутнасці, адзінае, што мы ведаем апроч розуму, — гэта матэрыя, і наўрад ці можна ўсур’ёз паверыць, што згустак нейкай субстанцыі раздае загады. Сіла, пра якую мы гаворым, не абавязкова роўная таму, чым ёсць розум у нашым успрыманні, аднак яшчэ менш яна падобная да асобы.

Паглядзім, ці атрымаецца даведацца пра яе больш у наступным раздзеле. Але напрыканцы хачу вас засцерагчы. У апошнія сто гадоў пра Бога нагаварылі шмат розных ружовых сентыментальнасцяў. Будзьце ўпэўненыя, я не збіраюся гэтым займацца.

 

Заўвага. Каб адпаведна скараціць гэты раздзел для радыёэфіра, я згадаў толькі матэрыялістычны і рэлігійны светапогляды. Але варта зрабіць дапаўненне: існуе яшчэ адна кропка гледжання паміж гэтымі дзвюма — філасофія жыццёвага парыву або спантаннай творчай эвалюцыі. Найбольш дасціпнае апісанне гэтага светапогляду змяшчаецца ў творах Бернарда Шоў, найбольш глыбокае — у працах філосафа Анры Бергсана. Прыхільнікі тэорыі творчай эвалюцыі сцвярджаюць, што паступовыя змены, праз якія жыццё на нашай планеце паволі «развілося» ад прасцейшых арганізмаў да чалавека, былі выкліканы не выпадковасцю, а пэўным «імкненнем» або «мэтанакіраванасцю» жыццёвага парыву. У адказ на гэта трэба спытаць, як яны лічаць: ці ўласцівы гэтаму жыццёваму парыву розум? Калі нехта згодзіцца, маўляў, так, уласцівы, тады атрымліваецца, што «розум, які дае жыццю пачатак і вядзе яго да дасканалай формы развіцця» — гэта Бог. Такім чынам памежны светапогляд, пра які мы гаворым, аказваецца тоесным рэлігійнаму. Калі ж нехта лічыць, што ў жыццёвага парыву розуму няма, тады нельга сцвярджаць, што нешта неразумнае «імкнецца» да чагосьці або мае «мэты». Гэта цалкам пазбаўляе згаданую тэорыю сэнсу.

Адна з прычынаў, чаму многіх людзей так моцна вабіць філасофія творчай эвалюцыі, — у тым, што яна дорыць чалавеку амаль такі самы душэўны камфорт, што і вера ў Бога, але без непрыемных наступстваў. Калі навокал сонечны дзень і вы цудоўна сябе адчуваеце, неяк не хочацца верыць, што ўвесь сусвет — гэта проста механічны танец атамаў, бо так прыемна паразважаць пра вялікую таямнічую Сілу, што нясе наш свет праз стагоддзі, а вы — на самай яе вяршыні. З іншага боку, калі цягне зрабіць нешта паскуднае, у вас развязаны рукі, бо жыццёвы парыў, застаючыся сляпым, пазбаўленым маралі і розуму, ніколі не палезе ў вашы справы, у адрозненне ад надакучлівага Бога, пра якога ўсе чулі ў дзяцінстве. Жыццёвы парыў — гэта такі прыручаны бог. Яго можна ўключыць, калі захочацца, але самастойна ён ніколі не патурбуе. Вось вам ўсе прыемныя адчуванні ад рэлігіі без аніякіх выдаткаў. Падобна, што філасофія жыццёвага парыву — найвялікшае нашае дасягненне ў імкненні прымаць жаданае за сапраўднае.


Пераклад з англійскай мовы Юліі Косавай
Паводле: C.S. Lewis, Mere Christianity, 1943

Працяг будзе

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней