Разнастайная Пасха

Мы вельмі любім пасхальныя традыцыі: фарбуем яйкі, пячэм велікодныя булкі, ладзім святочны абед, упрыгожваем дом. Гэта яднае, надае дадатковую ўрачыстасць. Прытрымліваючыся святочных звычаяў, мы нібыта запрашаем уваскрослага Хрыста ў свой дом, свой быт, сваю сям’ю. Ёсць вельмі папулярныя традыцыі: напрыклад, ва ўсім свеце на велікодны абед ядуць вараныя яйкі, загадзя пафарбаваныя ў яркія колеры; у кожнай краіне выпякаюць адмысловы пасхальны пірог у форме крыжа або ягнятка, упрыгожваюць яго варанымі яйкамі або малюнкам з крыжыкаў.


А ёсць у свеце незвычайныя пасхальныя традыцыі, якія можна ўбачыць толькі ў адной краіне ці нават у адной-дзвюх вёсках. Людзі старанна берагуць сваё адметнае перажыванне пасхальных урачыстасцяў.

У Грузіі прыкладна за месяц да Пасхі, пачынаюць рыхтаваць талеркі «джэджылі» — кладуць на дно мокрую анучу і высыпаюць на яе жменю пшанічнага зерня. За некалькі тыдняў зерне прарастае, і зялёныя парасткі ўпрыгожваюць хатняе святкаванне, сімвалізуючы новае жыццё, што адраджаецца ў памерлым зерні. Падчас пасхальнага абеду на свежую прарослую зеляніну выкладаюць фарбаваныя яйкі.

У ЗША ёсць традыцыя рабіць адмысловыя велікодныя ўпрыгожванні: збіраць букеты кветак у форме вялікіх і малых крыжоў і ў пасхальную раніцу выстаўляць іх каля святыняў, дамоў, упрыгожваць жытло. На Пасху крыж — сімвал пакутаў — нібыта расцвітае і становіцца сімвалам перамогі жыцця над смерцю.

А ў горным рэгіёне Германіі, які называецца яшчэ Франконскай Швейцарыяй, упрыгожваюць кветкамі, гірляндамі і стужкамі не крыжы, а… калодзежы і крыніцы! Традыцыі «Brunnen fegen» і «Brunnen putzen» (прыбірання і ўпрыгожвання калодзежаў) больш за сто гадоў. Вада — таксама сімвал адраджэння і жыццядайнай сілы. Узгадайма, што ў старажытнасці абрад хрышчэння адбываўся толькі на Пасху, ды і цяпер сімвалічна падчас пасхальнай службы нехта з катэхумэнаў атрымлівае хрышчэнне.

На грэцкім востраве Корфу пасхальная раніца пачынаецца з гукаў разбітага начыння: з вокнаў проста на вуліцу выкідаюць гліняныя гаршкі, місы і вазы, ужываныя ў гаспадарцы або спецыяльна зробленыя, вялізныя прадметы ў знак таго, што на Пасху для кожнага павінна пачацца новае жыццё, дзе няма месца старому і спарахнеламу.

На Бермудскіх астравах і ў Валенсіі, на ўзбярэжжы Іспаніі, ёсць традыцыя напярэдадні свята або адразу пасля яго запускаць расфарбаваных паветраных змеяў з паперы ў знак Хрыстовага ўваскрасення. Да змеяў прымацоўваюць адмысловыя хвосцікі з доўгіх стужак, і яны пачынаюць «спяваць» у павевах ветру — гэта музыка Пасхі для мясцовых жыхароў.

На Сіцыліі ў мястэчку Модыка ладзяць не адну пасхальную працэсію, а дзве, якія рухаюцца насустрач адна адной. Першая працэсія нясе фігуру ўваскрослага Хрыста, а другая — фігуру журботнай Дзевы Марыі, убранай у чорнае покрыва. Калі працэсіі сустракаюцца — гэта знак таго, што замест смутку прыйшоў час радасці. Гэтае святочнае прывітанне на мясцовым дыялекце называецца «Vasa Vasa»: фігура Маці апынаецца ў абдымках уваскрослага Сына, з яе спадае чорнае покрыва, паказваючы залатую карону на галаве. Пачынаюць біць пасхальныя званы, жыхары запускаюць феерверкі...

Мексіканцы — вельмі пабожны народ, які шануе свае рэлігійныя традыцыі. Напрыканцы Вялікага посту і на Пасху яны любяць гатаваць адмысловую вельмі сімвалічную страву, званую «capirotada». Магчыма, яна спадабаецца і вам. Кожны складнік гэтай стравы мае значэнне: хлеб сімвалізуе цела Хрыста, сіроп з разынкамі — кроў, палачкі карыцы — дрэва крыжа, а прыправа гваздзікі — цвікі. Гэтак мексіканцы ўшаноўваюць пакуты Збаўцы.

Для прыгатавання спатрэбяцца:

  • чэрствыя булачкі або багет (важна, каб хлеб быў выпечаны без цукру);
  • паўтары шклянкі вады і паўтары шклянкі цукру (найлепш карычневага) для прыгатавання сіропу;
  • дзве палачкі цынамону і некалькі гваздзічак;
  • разынкі і розная сушаная садавіна, арэхі (лепш за ўсё міндаль);
  • цвёрды сыр.

Хлеб ламаецца на дробныя кавалачкі або кроіцца на пласцінкі, якія можна крыху змазаць сметанковым маслам. Пакуль сухі хлеб убірае ў сябе масла, гатуем сіроп: распускаем у вадзе цукар і варым разам з карыцай і гваздзікай, напрыканцы дадаем разынкі і сушаную садавіну. Дастаем спецыі і даем сіропу астыць. 

Змазваем маслам глыбокае начынне для запякання і выкладваем туды слой хлеба, слой садавіны і арэхаў, паліваем сіропам. Так можна паўтарыць некалькі разоў. Апошнім слоем націраем сыр. Пакідаем начынне на 30 хвілін, каб даць сіропу напітаць хлеб.

Закрываем начынне фольгай і запякаем у духоўцы 20 хвілін, пасля чаго здымаем фольгу і пячэм яшчэ 10 хвілін, каб зверху утварылася прыгожая залацістая скарынка. Падаем на стол цёплым.

Спадзяемся, вам спадабаюцца і гэтая традыцыйная мексіканская страва, і іншыя пасхальныя звычаі розных краінаў! Вясёлых святаў!


Падрыхтавала Юлія Шэдзько

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней