Ян Павел ІІ: «Бог аб’яўляе сваю любоў у Сэрцы Хрыста»

З паслання да стагоддзя прысвячэння роду людскога Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса.


Дарагія браты і сёстры!

Стагоддзе прысвячэння роду людскога Боскаму Сэрцу Пана Езуса, акту, прадпісанага для ўсяго Касцёла маім папярэднікам Львом ХІІІ у энцыкліцы Annum Sacrum (25 мая 1899 г.: Leonis XIII P. M. Acta, XIX [1899], 71–80) і здзейсненага 11 чэрвеня 1899 г., найперш пабуджае нас да ўдзячнасці «Таму, хто любіць нас і хто праз сваю кроў вызваліў нас ад нашых грахоў і ўчыніў нас валадарствам і святарамі для Бога і Айца свайго» (Ап 1, 5–6).

Такая радасная гадавіна надзвычай адпавядае магчымасці паразважаць над значэннем і вартасцю гэтага ўзнёслага акту, здзейсненага Касцёлам.

Актуальнасць таго, што здзейснілася 11 чэрвеня 1899 г., была аўтарытэтна пацверджана ў дакументах маіх папярэднікаў, якія паглыбілі вучэнне пра культ Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і прадпісалі перыядычна аднаўляць акт прысвячэння. Сярод іх хачу прыгадаць святога наступніка Льва ХІІІ — папу Пія Х, які ў 1906 г. загадаў штогод аднаўляць акт прысвячэння; святой памяці папу Пія ХІ, які спасылаўся на яго ў энцыкліках Quas primas у кантэксце Святога Году 1925-га і ў Miserentissimus Redemptor; яго наступніка слугу Божага Пія ХІІ, які пісаў пра яго ў энцыкліках Summi льскім пасланні Investigabiles divitias Christi і ў пасланні Diserti interpretes, скіраваным 25 мая 1965 г. да генеральных настаяцеляў тых супольнасцяў, якія ўзялі сваю назву ад Сэрца Езуса.

Я таксама шмат разоў заклікаў маіх братоў у біскупстве, святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў, каб яны ва ўласным жыцці развівалі найбольш арыгінальныя формы культу Сэрца Пана Езуса. У сувязі з урачыстасцю Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і прысвечанага яму месяца чэрвеня я часта заахвочваў вернікаў, каб настойліва практыкавалі гэты культ, у якім «ёсць надзвычай актуальнае ў наш час пасланне», бо «з Сэрца Сына Божага, які памёр на крыжы, выплыла спрадвечная крыніца жыцця, якая дае надзею кожнаму чалавеку.

З Сэрца ўкрыжаванага Хрыста нараджаецца новае чалавецтва, адкупленае ад граху».

Хачу перадаць словы адабрэння і падтрымкі тым, хто ў Касцёле надалей практыкуе, паглыбляе і распаўсюджвае культ Сэрца Хрыста, карыстаючыся моваю і формамі, адпаведнымі нашаму часу, каб перадаваць яго наступным пакаленням у тым самым духу, які заўсёды яго ажыўляў. Сёння трэба выхоўваць вернікаў так, каб яны з захапленнем сузіралі таямніцу Хрыста, Бога-Чалавека, і дзякуючы гэтаму станавіліся людзьмі ўнутранага жыцця, якія адчуваюць і рэалізуюць пакліканне да новага жыцця, да святасці, да кампенсацыі, якая з’яўляецца апостальскім саўдзелам у справе збаўлення свету; людзьмі, якія рыхтуюцца да новай евангелізацыі, бачачы ў Сэрцы Хрыста сэрца Касцёла: свет павінен абавязкова зразумець, што хрысціянства — гэта рэлігія любові.

Сэрца Збаўцы заахвочвае звярнуцца да любові Айца, які з’яўляецца крыніцаю кожнай сапраўднай любові: «У тым выявілася любоў, што не мы палюбілі свайго Сына як уміласціўленне за нашыя грахі» (1 Ян 4, 10). Ад Айца, багатага на міласэр насць і спачуванне, Езус пастаянна атрымлівае любоў, якою адорвае людзей (гл. Эф 2, 4; Як 5, 11). У Яго Сэрцы асаблівым чынам аб’яўляецца велікадушнасць Бога да грэшніка. У адказ на грэх Бог не змяншае сваёй любові, але пашырае яе ў жэсце міласэрнасці, які ператвараецца ў ініцыятыву адкуплення.

Сузіранне Сэрца Езуса ў Эўхарыстыі схіляе вернікаў да пошукаў у гэтым Сэрцы неспасцігальнай таямніцы святарства Хрыста і святарства Касцёла. У еднасці з братамі яно дапамагае ім адчуваць духовую слодыч любові, зачэрпнутай з самой крыніцы. Дапамагаючы кожнаму з іх наноў адкрываць сэнс уласнага хросту, глыбей адкрывае ім апостальскае вымярэнне іх жыцця, якое неабходна рэалізоўваць праз пашырэнне любові і праз евангелізацыйную місію. Кожны больш аддана ўключыцца ў малітву да Пана жніва (гл. Мц 9, 38), каб даў Касцёлу «пастыраў паводле свайго Сэрца» (гл. Ер, 3, 15), улюбёных у Хрыста, Добрага Пастыра, якія будуць фармаваць уласныя сэрцы на ўзор Ягонага Сэрца і будуць гатовыя ісці дарогамі свету, каб абвяшчаць усім, што Ён — дарога, і праўда, і жыццё (гл. Pastores dabo vobis, 82).

У кульце Сэрца Езуса набылі рэальнае ўвасабленне прарочыя словы, прыгаданыя св. Янам: «Будуць глядзець на таго, каго прабілі» (Ян 19, 37).

Гэта кантэмпляцыйны позірк, які імкнецца да глыбіні пранікнуць у адчуванні Хрыста, сапраўднага Бога і сапраўднага Чалавека. У гэтым кульце веруючы чалавек мацней і глыбей успрымае таямніцу ўцелаўлення, праз якую Слова сталася салідарным з людзьмі, каб даць сведчанне таго, што Айцец іх шукае. Гэтыя пошукі бяруць пачатак з глыбіні Бога, які любіць чалавека «спрадвечна ў Слове і прагне ўзнесці яго ў Хрысце да годнасці выбранага дзіцяці» (Tertio millennio adveniente, 7).

У Сэрцы Хрыста — жывое дзеянне Духа Святога, якога Езус лічыў натхняльнікам сваёй місіі (гл. Лк 4, 18; Іс 61, 1), і прыйсце якога прадказаў падчас Апошняй Вячэры. Гэта Дух дапамагае заўважаць усё багацце, укрытае ў знаку прабітага боку Хрыста, з якога нарадзіўся Касцёл (гл. Sacrosanctum Concilium, 5). Праз Духа Святога любоў, якая пранізвае Сэрца Езуса, разліваецца ў сэрцах людзей (гл. Рым. 5, 5) і пабуджае іх ушаноўваць яго «невычэрпнае багацце» (гл. Эф 3, 8), а таксама ўзносіць сыноўнія і даверлівыя малітвы да Айца (гл. Рым 8, 15–16) праз Уваскрослага, які заўсёды жыве, каб заступацца за іх» (гл. Гбр 7, 25).

Увесь культ Сэрца Езуса ва ўсіх сваіх праяўленнях глыбока эўхарыстычны; ён рэалізуецца ў набожных практыках, якія натхняюць вернікаў да жыцця ў гармоніі з Хрыстом, «ціхім і пакорным сэрцам» (гл. Мц 11, 29), і паглыбляецца праз адарацыю. Культ гэты ўкаранёны і знаходзіць сваё завяршэнне ў св. Імшы, асабліва нядзельнай, падчас якой сэрцы вернікаў, сабраных у братняй і радаснай супольнасці, слухаюць Божае слова, вучацца складаць разам з Хрыстом сябе і ўсё сваё жыццё ў ахвяру (Sacrosanctum Concilium, 48), жывяцца пры пасхальным стале Целам і Крывёю Адкупіцеля і, ва ўсёй паўнаце ўдзельнічаючы ў любові, што пульсуе ў Ягоным Сэрцы, усё больш імкнуцца быць вестунамі Евангелля і сведкамі салідарнасці і надзеі.


Варшава, 11 чэрвеня 1999 г.,
ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса.

Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней