Разважанне на Адвэнт 29 лістапада 2021 г.
Пане Езу, дай нам вочы, каб убачыць месца прызначэння ў Небе, якое Ты падрыхтаваў для нас.
Куды вы ідзяце?
Адным з выдатных сведчанняў нашай каталіцкай веры з'яўляецца тое, як мы перажываем час. Толькі што завяршыўся адзін літургічны год, і ўжо другі адкрыты перад намі. Сённяшнія чытанні пачынаюцца з таго, што прарок Ісая і псальміст апісваюць жаданне падарожнічаць да дому Бога. Гэта гаворыць пра той светапогляд, у цэнтры якога трывала знаходзіцца Бог, — пра час, калі ўся зямля жадае рынуцца да гэтай гары Пана.
Розніца паміж свецкім і каталіцкім разуменнем Адвэнту даволі глыбокая. Для ўсяго свету гэта час, калі людзі загадзя пачынаюць святкаваць Каляды, дабягаючы «да фінішу» 25 снежня, і рухаюцца далей. Для католікаў гэта той час, калі мы знаходзімся ў радасным чаканні і з кожным днём усё бліжэй і бліжэй да гэтага вялікага свята Нараджэння Хрыста. І калі мы апынемся там, нам патрэбны час, каб быць агорнутымі таямніцай Божага Сына, які прыходзіць да нас у поўні часу. Затым мы адправімся ў далейшае падарожжа па літургічным годзе: будзем вандраваць па Юдэі, пойдзем за Крыжам Хрыста і, у рэшце рэшт, будзем ушаноўваць Хрыста, Валадара сусвету, перш чым гэты цыкл паўторыцца.
Хрысціянін усведамляе, што ўсё яго жыццё —гэта пілігрымка да нашага Нябеснага Дому. Мы падпарадкоўваемся рытму года, каб сведчыць, як трэба чакаць, рыхтавацца і прайсці гэтае падарожжа. Давайце прымем гэты Адвэнт як ніводны іншы, каб па-сапраўднаму акунуцца ў свядомасць падарожніка. Пойдзем да Бэтлеема разам з Найсвяцейшай Маці і святым Юзафам, Яе абраннікам. Падарожнічаючы, мы ўбачым, што гара Пана ўсё бліжэй, і адчуем, што ў нашых сэрцах нарастае радасць вяртання ў Дом Пана. На працягу дня «многія прыйдуць з усходу і захаду і зоймуць месца за сталом з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным» (Мц 8, 11), і мы спадзяемся, што будзем сярод іх.
Малітва на заканчэнне: Пане Езу, няхай мае дні будуць палічаныя і скіраваныя да Цябе. Дапамажы мне ў гэты перыяд Адвэнту, каб я з радасцю глядзеў на гару Пана, і дай мне ласку прайсці гэтую пілігрымку жыцця, якое Ты падарыў мне.
Падумайце сёння, як можна ператварыць гэты тыдзень у міні-Адвэнт. Як можна з радасцю чакаць другую нядзелю Адвэнту цяпер, на пачатку першай?
Брэдлі Барнс.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.