Разважанне на Адвэнт 30 лістапада. Свята святога Андрэя, Апостала
Пане, мы дзякуем Табе за тое, што даеш нам яшчэ адзін день, і молімся, каб мы маглі верна ісці за Табой Тваім шляхам любові.
Дазнайцеся пра свайго святога
Сёння свята святога Андрэя, і для мяне гэта вельмі асаблівы дзень, таму што ў гэты дзень я святкую свае імяніны. Мая жонка — іспанка, і мы перанялі ў нашу сям’ю шэраг іспанскіх традыцый, у тым ліку святкаванне «santos» — свята вашага святога цёзкі. Гэты дзень асабліва прыемны для мяне, бо я магу вырашаць, які пачастунак у нас будзе, і ўсе ставяцца да мяне гэтак, як на дзень народзінаў, але тое, што я маю імя святога, таксама змушае мяне спыніцца і падумаць, ці адпавядаю я свайму імені. Ці цвёрда я прытрымліваюся кіраўніцтва Езуса? Ці цалкам настроена маё сэрца на заклік Бога ісці за Ім і быць «рыбаком людзей»? Здаецца, што гэта даволі складаная задача, але гэта тое, да чаго мы ўсе пакліканы, так? З усёй ласкай, міласэрнасцю і любоўю, якія мы атрымліваем ад Бога, ці можам мы апраўдаць сябе, калі не робім усё магчымае, каб прынесці Божае Валадарства сюды, на зямлю, паглыбляючы нашу веру і дапамагаючы іншым рабіць тое ж самае?
Малітва: Дзякуем Табе, Божа, за мноства шляхоў, якімі Ты прыходзіш у нашае жыццё, прамаўляючы непасрэдна ў сэрцы або праз словы і ўчынкі нашых сясцёр і братоў, і молімся, каб мы знайшлі ў нашых сэрцах месца для Тваёй любові і дазволілі гэтай любові кіраваць нашым жыццём.
У гэты перыяд чакання Езуса я запрашаю вас даведацца, ці носіце вы імя нейкага святога, і калі так, то даведацца пра яго жыццё і падумаць, што вы можаце пераняць з яго прыкладу і выкарыстаць у сваім жыцці. (А калі ў вас няма святога, то даведайцеся, хто з'яўляецца заступнікам таго, каго вы любіце, або які святы звязаны з вашым днём нараджэння.) Пра што б вы ні даведаліся, я веру, што вы зможаце знайсці для сябе добрыя парады, паглыбіць сваю веру і наблізіцца да нашага Пана.
Эндру Масгрэйв.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.