Першы тыдзень Адвэнту — гэта таксама першы тыдзень новага літургічнага году. Зноў жа мы маем магчымасць спазнаць таямніцу збаўлення: Нараджэнне, жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста здзяйсняюцца перад намі на святой Імшы на працягу ўсяго года. На пачатку перыяду Адвэнту давайце будзем старацца зноў адчуць Божую збаўчую працу ў нашым жыцці і падзякуем за тое, што Ён нас сілкуе.
Прывесці ўсіх людзей да сябе
У першым чытанні Ісая прарочыць, што Бог збярэ ўсе народы на вялікую гасціну. Бог заключыў запавет з ізраэльскім народам, але Ісая ўбачыў, што нешта большае яшчэ наперадзе. Ён кажа: Бог «скіне заслону, што закрывае твар усіх народаў, покрыва, расцягнутае над усімі плямёнамі». Нягледзячы на тое, што Бог любіць свой выбраны народ, Ён не задавальняецца толькі выратаваннем народа, але жадае прывесці ўсіх людзей да сябе.
Гэтае прароцтва спраўджваецца ва ўцелаўленні Хрыста, і мы асабліва бачым гэта ў сённяшнім Евангеллі. Езус падымаецца на гару, і за ім ідзе мноства людзей, якія шукаюць Яго, каб вылечыцца ад хваробаў. Гэта былі людзі з розных грамадскіх слаёў і сацыяльных класаў. Вялікая колькасць, верагодна, была язычнікамі. Для Езуса не мае значэння, ці з’яўляюцца тыя, хто за Ім ідзе, вернымі габрэямі або ізгоямі язычнікамі, — Ён хоча, каб усе людзі ведалі і любілі Айца.
Езус не спыняецца на дасягнутым. З любоўю гледзячы на тысячы галодных людзей, Ён корміць іх толькі сямю буханкамі хлеба і трыма рыбінамі. Як прадказаў Ісая, Пан арганізаваў вялікую гасціну для мноства народаў, якія сабраліся ў славу Яго! Гэта будзе знакам яшчэ большых справаў у будучыні. Хлябы, якія насычаюць тысячы, толькі часова сілкуюць цела, але падчас Апошняй Вячэры Езус дасць сябе ўсім людзям як жывы Хлеб, які сілкуе душы і дае жыццё вечнае.
Пан сапраўды стварыў гасціну для ўсіх народаў і працягвае гэта рабіць. Падзякуем жа Богу за запрашэнне на гэтае свята, якое стала магчымым дзякуючы ўцелаўленню Хрыста, да якога мы рыхтуемся ў гэты перыяд Адвэнту.
Малітва: Божа, Ойча наш, падрыхтуй нашы сэрцы да прыйсця Езуса, і няхай мы будзем заўсёды ўдзячныя Табе за збаўленне, якое Ты даеш нам праз уцелаўленне Хрыста. Накармі наш розум і цела, каб з кожным днём мы ўсё больш праслаўлялі Цябе. Просім аб гэтым праз Сына Твайго, Пана нашага Езуса Хрыста, які жыве і валадарыць з Табою і Духам Святым, Бог праз усе вякі вечныя. Амэн.
Крыстафер Бушур.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.