
Разважанне на Адвэнт. 3 снежня 2021 г. Сёння Касцёл згадвае святога Францішка Ксавэрыя, першага езуіта, які пакінуў пасля сябе прынцыпы ўласнага ўдасканалення для таго, каб стаць вялікім місіянерам. Ён знайшоў сваё пакліканне, адкрываючы людзям вочы на вялікую любоў Бога. Няхай гэтае разважанне над жыццём святога Ксавэрыя падштурхне нас быць місіянерамі ўсюды, дзе б мы не знаходзіліся, і дзяліцца з усімі Божай любоўю, спачуваннем, надзеяй і радасцю!
У сённяшнім першым чытанні Святога Пісання мы чуем поўныя надзеі абяцанні, якія Бог даў праз прарока Ісаю: «...і вочы сляпых з цемры і змроку будуць бачыць. І радасць пакорлівых павялічыцца ў Пану». У Евангеллі ад Мацвея чытаем, што Езус захапляецца вераю сляпых, якія вылячыўшыся, адыходзяць і дзеляцца з усімі радаснаю і добраю навінаю.
Францішка Ксавэрыя захапіла прага асабістага матэрыяльнага поспеху. Аднак у 1529 годзе святы Ігнацый Лаёла спытаў яго: «Якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а загубіць душу сваю?» Пасля доўгіх і глыбокіх разважанняў, вучобы, малітвы і духоўнага кіраўніцтва яго «слепата» эгаізму знікла. Потым Францішак адкрыў новую радасць пазнання Езуса, якая вызваліла яго ад унутранай цемры і слепаты, а новы запал прывёў у знясільваючае, нялёгкае і доўгае падарожжа ў Індыю, Інданэзію і Японію, каб падзяліцца гэтай добрай навінай. Нягледзячы на тое, што пасланне святога Ксавэрыя часам не прымалі, ён заставаўся са сваім любячым Айцом і дзяліўся з іншымі святлом радасці, якое знайшоў у Богу.
У гэты перыяд Адвэнту падумаем пра тое, наколькі добра мы адлюстроўваем радасць пазнання святла Езуса ў нашым штодзённым жыцці. Так, у нашым жыцці шмат цяжкасцяў і расчараванняў, з якімі сутыкнуўся місіянер, але з малітваю, разважаннямі і падтрымкаю нашай сям’і, сяброў і парафіянаў мы можам дазволіць сабе, каб праз нашыя вочы, рукі і словы падбадзёрвання любоў і супакой Пана прыйшлі да іншых.
Малітва: Пане Езу, Ты ацаліў сляпога і паклікаў Францішка Ксавэрыя стаць тваім пасланнікам і місіянерам надзеі, спагады, любові і СВЯТЛА. Падчас Адвэнту дазволь нам убачыць патрэбы іншых людзей, каб Твая ласка і радасць ззялі праз нас, дзе б мы не былі.
Д-р Майк Гэйбл.
Пераклад з англійскай мовы Іны Бігель.
https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.