Чакаем Пана

Разважанне на Адвэнт 4  снежня 2021 г. Пане, падчас нашай вандроўкі праз Адвэнт, перыяд чакання, дапамажы нам знайсці Цябе, каб мы з упэўненасцю маглі прамовіць словы з сённяшняга псальма: «Шчаслівыя ўсе, хто спадзяецца на Пана».

У «Апошняй бітве» К. С. Льюіса (з серыі «Хронікі Нарніі») ёсць радок, які засеў мне ў галаву: «Потым прыйшло самае горшае — чаканне». Тым не менш, сённяшнія чытанні кажуць нам пра шматлікія благаслаўленні для тых, хто чакае Пана. Прарок Ісая запэўнівае народ Ізраэля, што Пан не сляпы і не глухі да іх чакання адбудовы валадарства. Акрамя таго, далей прарок кажа: «Ён перавяжа раны свайго народу» (Іс 30, 26). А ў Евангеллі мы бачым Езуса, які робіць менавіта гэта: «абвяшчае Евангелле валадарства і вылечвае ўсялякую хваробу і ўсялякую немач» (Мц 9, 35). Народ Ізраэля сапраўды чакаў прыходу Месіі, і калі Езус прыйшоў, Ён быў гатовы вылечыць іх і прывесці да Валадарства Божага.

А наша чаканне ці вядзе да аздараўлення і да яшчэ большага адчування Божага Валадарства? Ці жадаем мы, як апосталы ў сённяшнім Евангеллі, выйсці, абвяшчаць і будаваць гэтае Валадарства тут і цяпер? Давайце ж успрымаць гэтае чаканне, як магчымасць падрыхтаваць нашыя сэрцы і прыняць штодзённыя дары, якія Бог прапануе на нашым шляху да неба.

Малітва: Ойча Нябесны, учыні мяне прыладай Твайго Валадарства. У гэты час чакання і надзеі дай мне адвагу абвяшчаць Тваю вернасць і благаслаўленне ўсім, хто Табе давярае. Дапамажы мне прыняць дары, якія Ты даеш, каб я мог спазнаць сапраўдную радасць ад Твайго прыйсця ў свет і ў маё сэрца.


Мэт Рэйнкемаер.

Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.

Паводле: https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней