Разважанне на Адвэнт 8 снежня 2021 г. Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Добры Божа, просім аб ласцы заўсёды быць удзячнымі за дар Найсвяцейшай Панны Марыі і ніколі не страчваць надзеі, якую знаходзім у Табе.
Святкуючы ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, вялікую таямніцу і дар зачацця Марыі без першароднага граху, мы можам назваць шмат прычын, каб быць удзячнымі Богу. Мы атрымліваем вялікі дар — заступніцтва і абарону Той, якая сатрэ галаву змяі (гл. Быц 3, 15).
Гэта таксама дзень вялікай надзеі. У прэфацыі сённяшняй Імшы мы чуем, што Марыя «выпрошвае ласку для народа і з’яўляецца для яго ўзорам святасці», а Езус кажа: «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 48), і гэтая дасканаласць рэалізуецца ў Марыі. Яна ў сваім Magnificat сцвярджае: «вялікае ўчыніў мне Усемагутны» (Лк 1, 49). А калі Пан учыніў такія вялікія справы для Марыі, а Яна — Тая, якая выпрошвае ласкі, і з’яўляецца ўзорам святасці, то, безумоўна, Пан Бог хоча зрабіць вялікія справы і для нас.
Нам вельмі важна гэта памятаць, бо толькі засяродзіўшыся на сваёй грахоўнасці, мы можам убачыць, наколькі мы далёкія ад дасканаласці, да якой імкнёмся. Мы можам задацца пытаннем, ці знойдзем мы калі-небудзь надзейны сродак, каб вылечыць нашы раны і ачысціцца ад грахоў. Езус Хрыстус і Яго Маці не адмовіліся ні ад вас, ні ад мяне. Нам трэба дзякаваць Богу за тыя цуды, якія Ён учыніў у жыцці нашай Маці. І безумоўна, праз Яе заступніцтва Ён здзейсніць цуды і ў нашым жыцці. Калі мы будзем вернымі Пану, то Ён і ў нас «учыніць вялікія справы». Не трэба адчайвацца! Марыя — наша Заступніца, і Пан любіць нас!
Малітва: Ойча Нябесны, з пакорай звяртаемся да Цябе, удзячныя за Твае шматлікія дары. Просім, напоўні нашыя сэрцы Духам Святым, каб мы заўсёды маглі бачыць шчодрыя благаслаўленні, якія Ты нам даеш. Сёння мы просім ласкі ўдзячнасці Табе за тое, што Ты ўчыніў для нашай Маці, Марыі. Просім, напоўні нашыя сэрцы надзеяй і ўпэўненасцю ў тым, што Ты таксама жадаеш здзяйсняць вялікія справы і ў нашым жыцці. Просім, умілаваны Ойча, спашлі моц сваю, каб мы дзейсна супрацоўнічалі з Тваёй ласкай, і перамяні нас у годных сыноў і дачок, якімі Ты заклікаеш нас быць. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Айцец Крыс Гейгер.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.