Дзякуем Табе за дар Тваёй міласэрнасці

 

Разважанне на Адвэнт 14 снежня 2021 г. Пане, дзякуем Табе за дар Тваёй міласэрнасці і молімся, каб нашыя сэрцы заўсёды былі адкрытымі для навяртання.

Не ведаю, як вы, але я не заўсёды раблю правільны выбар. Часам я раблю тое, што лічу правільным, але аказваецца, што гэта не так. Іншым разам я маю лепшыя намеры, але мае жаданні перашкаджаюць Божым жаданням, і я хістаюся. А іншым разам я проста памыляюся.

У чытаннях сённяшняга дня мы чуем пра шмат розных людзей: пыхлівых, непаслухмяных, хлуслівых і двудушных. І ведаеце што? Я ўпэўнены, што ў нейкія моманты майго жыцця мяне можна было залічыць да ўсіх гэтых групаў. Часам я быў самазадаволены і забываўся, што гэта былі Божыя дары, якія прывялі мяне туды, дзе я быў. Часам я думаў, што ведаю нешта лепш за Бога. Часам я не быў праўдзівым. Часам я казаў правільныя словы, каб уразіць людзей, але потым іх не выконваў. Я здзейсніў і прызнаў шмат грахоў, і ведаеце што? Адзінае, што заставалася нязменным на працягу ўсіх маіх няшчасцяў, — гэта Бог. Бог заўсёды цярпліва чакае, калі я прыйду, мякка (або не вельмі) вяртаючы мяне на шлях жыцця, любові і спагады.

Аднойчы я прачытаў такія словы: ласка — гэта атрымаць тое, чаго ты не заслугоўваеш, а міласэрнасць — гэта не тое, што ты заслугоўваеш. Бог заўсёды прапануе нам прабачэнне і яшчэ адзін шанец зрабіць тое, што правільна. Цяпер, калі мы ўзгадваем мінулы год і чакаем Божага Нараджэння, я запрашаю вас успомніць тыя моманты, калі Бог быў ласкавы і міласэрны да вас, і падумаць, як вы можаце быць больш ласкавымі і міласэрнымі да сябе і іншых.


Малітва: Дзякуем Табе, Божа, за тое, што любіш нас, і молімся, каб мы заўсёды скіроўвалі нашыя сэрцы да Цябе, ведаючы, што Ты заўсёды гатовы прыняць нас у свае любячыя абдымкі.


Эндру Масгрэйв.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней