Разважанне на Адвэнт 15 снежня 2021 г. Гэтае пытанне, зададзенае Езусу двума вучнямі Яна Хрысціцеля ў сённяшнім Евангеллі, з’яўляецца адным з асноўных пытанняў нашага хрысціянскага жыцця, якое мы самі павінны задаць Езусу Хрысту. Гэта актуальнае пытанне, таму што на ім грунтуецца наша вера. Ці сапраўды Ён Сын Божы, абвешчаны ад пачатку і прадказаны з даўніх часоў? Ці сапраўды Ён той, хто абвяшчае мір свайму народу?
І Езус, адказваючы вучням, нагадвае ім пра тое, што яны бачылі і чулі: «сляпыя зноў бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць, убогім абвяшчаецца Добрая Навіна». У іншыя моманты Езус звяртаецца да Святога Пісання, каб расказаць пра сваю Асобу, але ў гэтым выпадку Ён гаворыць пра жывую рэальнасць гэтых двух вучняў. Калі мы зададзім Яму тое ж пытанне, хіба Яго адказ будзе іншым? Мы сустракаем Езуса Хрыста, жывое Слова Божае, у Пісанні; і набліжэнне Божага Нараджэння нагадвае нам, што Ён таксама настойліва шукае уцелаўлёнай сустрэчы з намі, нават у праблемах, радасцях і смутках цяперашняга часу.
Сёння мае бацькі адзначаюць 32-ю гадавіну шлюбу. Яны нарадзіліся на Філіпінах, у адным горадзе, але кожнаму з іх давялося перабрацца праз акіян, каб сустрэцца ў Сэнт-Луісе (ЗША). Гэта амаль смешна: як далёка ім трэба было заехаць, перш чым іх шляхі перасякліся, але які дар Провіду, што яны сустрэліся! Я гляджу на сваіх бацькоў, якія ішлі па жыцці з вераю ў Езуса Хрыста і цярпліва працавалі для сваёй сям’і, і бачу вялікае сведчанне дзіўнай любові Бога.
Маючы ўсяго толькі дваццаць пяць гадоў, я магу азірнуцца назад і ўпэўнена сказаць, што Езус Хрыстус ніколі не пакідаў мяне; што нават з самых балючых момантаў майго жыцця Ён выцягнуў шмат прыгажосці; што нават з самых марных заняткаў Ён вучыў мяне ахвяраваць сваё жыццё для свету.
Езус загадвае: «Ідзіце і раскажыце Яну, што вы бачылі і чулі». І як мы можам маўчаць, калі ўвесь Касцёл поўны тых, хто калісьці быў сляпым, кульгавым і пракажоным; калі я сам быў глухі, мёртвы і бедны; калі Езус Хрыстус прыйшоў дзеля нашага збаўлення, апраўдання і славы ўсіх нашчадкаў Ізраэля? Давайце ўбачым, што Бог зрабіў у нашым жыцці і жыцці тых, хто вакол нас, і тады пойдзем і раскажам тое, што мы бачылі і чулі, спяваючы з Марыяй:
«Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу,
бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі.
І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
Скінуў магутных з трона
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў,
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля,
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі».
Малітва: Любячы Ойча, навучы нас, асабліва ў гэты час Адвэнту, прымаць нанова Твайго наймілейшага Сына, Пана нашага Езуса Хрыста, у нашы сэрцы, каб Ён жыў і дзейнічаў у нас такім чынам, каб нашае жыццё было бясспрэчным сведчаннем славы і праўды нашага Збаўцы, Езуса Хрыста. Амэн.
Пака Патаг.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.