Разважанне на Адвэнт 16 снежня 2021 г. Пане, мы слухаем Твой голас і маем патрэбу ў праўдзе, якую Ты даеш нам сёння і кожны дзень.
Сёння Пан прамаўляе да нас праз свайго прарока Ісаю:
«У прыступе гневу Я схаваў ад цябе
на хвіліну аблічча Маё,
але ў вечнай міласэрнасці злітуюся над табою, —
кажа Пан, Адкупіцель твой».
Мы ведаем, што перыяд Адвэнту з'яўляецца часам падрыхтоўкі да прыйсця Пана. У гэтыя дні мы можам задумацца і паразважаць пра тыя моманты нашага жыцця, дзе мы цярпелі няўдачы або паварочваліся спінай да Бога. Мы можам убачыць страчаныя магчымасці, каб выбраць хрысціянскае жыццё. У кожнага чалавека існуюць свае перакананні адносна ладу жыцця, і яны могуць ціснуць на нас і патэнцыйна нават аддзяляць нас ад праўды Пана. А праўда ў тым, што Пан заўсёды любіць нас. Ён міласэрны да нас. Ён збаўляе нас.
Ці бывае так, што мы забываем пра гэта? Ці мы думаем, што павінны заслужыць Яго любоў? Ці нашы ранейшыя рашэнні робяць нас нявартымі Яго любові?
Пан жадае, каб мы былі з Ім з'яднаныя. Пакорлівае прыняцце ўласных недахопаў і слабасцяў адкрывае шлях да дзеяння Бога ў нашым жыцці, а гэта, у сваю чаргу, пашырае нашыя сэрцы. Пан запрашае нас да такой вялікай адкрытасці сэрца, якая дазволіць Яму здзіўляць нас у розных месцах, сітуацыях, на сустрэчах з людзьмі, у сваім Слове. Давайце працягнем падарожжа ў Бэтлеем разам з Марыяй і Юзафам у пошуках большай Праўды! Увага, спойлер: мы знойдзем Яе ў яслях.
Малітва: Пане, дапамажы нам стаць больш падобнымі да Цябе і выбіраць Цябе у кожным рашэнні, якое мы прымаем. Вызвалі нас ад думак, што Тваю любоў і міласэрнасць трэба заслужыць. І нагадвай нам, дзе мы можам знайсці праўду сёння, у час Адвэнту і ў кожны дзень у будучыні. Амэн.
Бэн Суонсан.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.