Скіруем вочы да неба

Разважанне на Адвэнт 18 снежня 2021 г. Скіруем вочы да неба ў чаканні прыйсця нашага Збаўцы, Езуса Хрыста, каб наша жыццё было прыемным Богу.

Жыццё — гэта падарожжа. Ваша жыццё можа выглядаць зусім інакш, чым маё, але ўсе мы знаходзімся ў падарожжы. Адно, што з'яўляецца агульным для кожнага падарожжа, гэта тое, што ёсць пункт прызначэння. Імкненне да гэтага прызначэння дае сэнс усяму, што перажываецца на гэтым шляху, добра ці дрэнна. Ці задумваліся вы апошнім часам пра свой жыццёвы шлях? Якім будзе ваш пункт прызначэння?

У сённяшнім Евангеллі мы чытаем словы арханёла Габрыэля пра нараджэнне нашага Пана: «Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў». Я прачытаў гэта і адразу задумаўся пра дзве рэчы: першая — я адзін з Яго народа, другая — мне патрэбна збаўленне ад маіх грахоў. Вось чаму Бог стаў чалавекам — каб выратаваць вас і мяне ад нашых грахоў! Нездарма анёлы спявалі: «Хвала на вышынях Богу» пры нараджэнні нашага Пана. Неўзабаве адчыняцца брамы неба, і чалавецтва можа быць прынята ў тое месца, для якога было створана. Якім бы складаным ні было падарожжа, памятайце: Бог стварыў вас для неба!

Кожную раніцу я ахвярую Езусу свае малітвы, справы, радасці і пакуты новага дня. Як у мужа і бацькі васьмярых дзяцей, паверце, усё гэта ў мяне ёсць! Незалежна ад таго, як выглядае наша індывідуальнае падарожжа, абавязкова будзе спалучэнне гэтых рэчаў. Калі мы лічым неба сваім пунктам прызначэння, то прымем збаўчую ласку, якую Езус прапануе нам праз свой Касцёл, і ўпарадкуем сваё жыццё так, каб падабацца Яму, які прыйшоў у свет, каб выратаваць нас ад нашых грахоў.

Давайце кожны дзень шанаваць Бога, аддаючы нашы малітвы, справы, радасці і пакуты нашаму Збаўцу, Езусу Хрысту!


Малітва: Вялікі Божа, Валадар неба і зямлі, падчас Адвэнту дапамажы мне шчыра і пакорна паспавядацца і падрыхтаваць маю душу да ўшанавання Цябе ў перыяд Божага Нараджэння. Вядзі мяне праз маё падарожжа, каб я быў прыемны Табе ў гэтым жыцці і шчаслівы з Табой у наступным. Амэн.


Джошуа Агнью.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней