Радавацца прыйсцю Езуса

Разважанне на Адвэнт 22 снежня 2021 г. Маці Святая, якая насіла ў сабе Дзіцятка, прывядзі нас да Яго, каб мы радаваліся, як Ян ва ўлонні Альжбеты, прыйсцю Езуса, якога Ты прыносіш усяму свету.

Сённяшняе першае чытанне з першай Кнігі Самуэля плаўна пераходзіць у рэспансарыйны псальм з той жа кнігі: «Узрадавалася маё сэрца ў Пану». Чаму сэрца Ганны так радуецца ў Пану? Хіба таму, што Бог задаволіў яе просьбу і яна зачала Самуэля, дзіця, за якога малілася, якога прагнула ўсім сваім нутром, кожны месяц, год за годам (1 Сам 1, 7), праліваючы слёзы ад свайго бясплоддзя? Вядома, яе сэрца было поўнае ўдзячнасці за сына, але гэта павінна было быць нешта большае: яна пакінула свайго сына ў Эліі, бо «ён прызначаны будзе для Пана».

З сэрцам, разбітым ад мацярынскай любові, яна кажа: «І вось я аддаю яго Пану». Ніякай большай ахвяры маці не можа зрабіць як знак падзякі і веры, чым аддаць сваё ўласнае дарагое дзіця. Кожную частачку сваёй істоты Ганна ўклала ў гэтае дзіця на працягу тых гадоў, пакуль яно было з ёю. З моманту яе першага адчування цяжарнасці ўсе яе эмоцыі, увага і дзеянні былі скіраваны на тое, каб вынасіць гэты каштоўны дар, ведаючы, што яна аддасць яго усемагутнаму Богу (1 Сам 1, 11).

Такі вялікі акт пакоры і любові прывёў яе да радасці. У дасканалай падпарадкаванасці Духу Божаму яна прамовіла да Бога, і мы можам прачытаць яе словы, Божыя словы, захаваныя да сённяшняга дня ў другім раздзеле першай Кнігі Самуэля: «Exultavit cor meum in Domino» («Узрадавалася маё сэрца ў Пану»).

Гэтыя словы радасці, якія спяваліся на працягу стагоддзяў, дасягаюць кульмінацыі ў наступным дзеянні Духа Святога — у сённяшнім чытанні з Евангелля. Адразу пасля радасці Яна Хрысціцеля ва ўлонні Альжбеты, мы становімся сведкамі радасці Марыі: «І ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы». Гэта «Magnificat» Марыі. Яе душа праслаўляе Пана, абвяшчаючы Яго веліч і трыумф!

«Такім чынам, прасякнуты біблейскай думкай і фразеалогіяй, падсумоўваючы ў сваім натхнёным экстазе адносіны Бога з Яго выбраным народам, указваючы на спаўненне старога прароцтва і прадказваючы нанова да канца часоў, Magnificat з'яўляецца вянцом спеваў Старога Запавету, апошнім гімнам Старога і першым Новага Запавету» (Генры Х'ю, «Magnificat». Каталіцкая энцыклапедыя). Што яшчэ можна сказаць пра гэтую прыгожую песню праслаўлення?

Магчыма, у час Божага Нараджэння мы зможам адказаць на Яго вялікі дар любові, аддаючы Яму ўсё, што маем у нашым сэрцы. Гэта можа быць туга па дзіцяці ці затоены страх перад чарговай цяжарнасцю, ці смутак ад выкідыша, ці пастаянныя спакусы і расчараванні. Магчыма, гэта радасць ад дзіцяці, якога вы трымаеце або чакаеце. Што б гэта ні было, пакінем усё Езусу. Будзем заставацца з Ім ва ўсіх аспектах Божага дару: у яслях, на крыжы, у Найсвяцейшым Сакрамэнце.


Малітва: Усемагутны Божа, няхай нашыя душы ўзвялічваюць Цябе разам з нашай Маці Марыяй, а нашыя сэрцы напоўняцца радасцю ад Твайго прыйсця і Тваёй любоўю.


Дэвід Ульмер.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
https://www.thecatholictelegraph.com/advent-reflections-2021/78363.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней