На Божае Нараджэнне
Злятуцца зоркі на дрэўцы,
серабром асветляцца сны.
О, цуд: на духмяным сенцы
народзіцца Божы Сын.
Зімка пухнатай пярынай
засцеле ўзгоркі, азерцы.
— А што гэта за Дзяўчына —
бярозка ў белай сукенцы?…
— А гэта наша Айчына…
прыгожая і святая.
Дзіця да грудзей прытуляе…
Маладзічок, як лучына…
З Богам чакае сустрэчы —
нішто змяніцца не можа! —
у ціхі зімовы вечар
нарадзіўся Сын Божы!
Кудаса, холад, завея
звіліся ў клубок за гарою.
Сын Божы — Вера, Надзея,
Любоў — уся наша зброя.
Данута Бічэль