«Навяртайцеся і верце ў Евангелле...»

Айцец Ежы Даманьскі OFMConv разважае пра прыклад Маці Божай у падрыхтоўцы да Пасхі, хоць у велікапосны перыяд рымская літургія амаль не гаворыць пра Яе. Аднак праз Яе пакорнае слуханне Волі Божай мы павінны дайсці аж да крыжа і ўваскрасення.

«Пане наш Божа..., учыні, каб мы праз справы пакаяння і міласэрнасці перамаглі ўсе нашыя заганы і, ачышчаныя ад грахоў, маглі з’яднацца з мукаю Твайго Сына», — гэтымі словамі молімся ў Папяльцовай літургіі. Касцёл напамінае нам у велікапоснай прэфацыі, каб мы «сярод дачэсных справаў найперш клапаціліся аб вечным збаўленні». У Папяльцовую сераду 1985г. Святы Айцец Ян Павел II прамовіў: «Вялікі Пост — гэта заклік да ўчынкаў: малітва, міласціна і пост, але яшчэ больш — да адкрыцця тае „руплівай любові“ Бога, якая ідзе ў пары з міласэрнасцю. Любоў Божая дбае аб стварэнні, аб чалавеку. Грэх з’яўляецца здрадай Божай міласэрнасці. Прыняць заклік Папяльца — азначае знайсці, абудзіць ў сабе чуйнасць да ўсяго, што з’яўляецца грахом». Трэба, як Давід, прызнаць свой грэх і распачаць рашучую і бязлітасную барацьбу з ім.

Святы Максімільян заклікае нас, каб мы «раскайваліся ў сваіх грахах, раскайваліся, што так абражалі Бога». На парозе Вялікага посту св. Максімільян заахвочвае: «Мы, рыцары Беззаганнай, павінны (па мажлівасці) пражыць гэты святы пост у аскезе, таму што аскеза — гэта вялікая сіла, якая разам з малітваю здабывае ласкі Божыя, ачышчае душы, распальвае іх любоўю да Бога і бліжніх і праз Беззаганную пакарае душы Богу».

Сапраўды, як вучыць нас Другі Ватыканскі Сабор, «Марыя непарыўна звязана са збаўчаю справаю Свайго Сына».

У велікапосным перыядзе рымская літургія амаль не гаворыць пра Маці Божую, але пастаянна адчуваецца Яе прысутнасць. «Нават у гэтым, так сціплым маўчанні, — чытаем у літургічным слоўніку, — бачым Яе ўзорны для Касцёла характар, які скіроўваецца да Пасхі праз пакорнае слуханне Волі Божай, у вялікай пілігрымцы веры: Марыя дае прыклад прыгатавання да Пасхі, з Ёю павінны мы дайсці аж да крыжа і ўваскрасення».

Прысутнасць Маці Божай вернікі ўшаноўваюць у пазалітургічных практыках, якія нам прапануе Касцёл на Вялікі пост, — Ружанец, асабліва Балесную частку; Крыжовы шлях і Песні жальбы. Беручы ўдзел у гэтых набажэнствах, стараймася, каб ажывалі ў нас такія пачуцці, якія давялося Ёй перажыць, калі ішла са сваім Сынам на Кальварыю, калі стаяла пад Крыжам, перажывала муку і смерць Езуса. Аказвайма Ёй шчырае спачуванне, бачачы, як меч пакуты і болю, прадказаны Сімяонам (Лк 2, 35) пранізвае Яе Матчына Сэрца. Просім Маці Божую, каб і мы любоўю маглі адказаць Езусу на любоў: «Учыні, каб сэрца маё палымнела, каб радасцю ўсяго жыцця стаў для мяне Хрыстус Бог». Умоваю ж сапраўднай любові з’яўляецца споведзь і святая Камунія.

Св. Максімільян нагадвае нам: «Пан Езус праз Сваю смерць і змёртвыхпаўстанне адрадзіў свет з граху. I мы павінны адрадзіць з граху не толькі ўласную душу, але многія душы». Мы павінны ўзненавідзець грэх як абразу Пана Бога і прычыну Мукі Пана Езуса, і гэтае перакананне стараймася таксама прывіць іншым. Часта здараецца, што хтосьці вагаецца і не рашаецца выканаць касцёльнага наказу — штогадовай споведзі і прыняцця святой Камуніі ў перыяд Вялікага посту. Такому чалавеку а. Кольбэ раіць звярнуцца да Маці Божай, якая надасць яму адвагі і давядзе да канфесіяналу і Стала Пана. Св. Максімільян запэўнівае: «Хоць бы хто меў няшчасце духова памерці, хоць бы сатана гаварыў яму, што ніколі не паўстане з мёртвых, — дастаткова, каб гэты чалавек шчыра звярнуўся да Пасрэдніцы ўсялякіх ласкаў — Беззаганнай, і атрымае ласку ўваскрашэння». Бо «хто як мага болей да Яе наблізіцца, той тым шчадрэй зачэрпне з ласк спасціжэння і ахвярнай любові Бога, які з любові да нас пайшоў аж на Крыж».


Паводле а. Ежы Даманьскага OFMConv.
Надрукавана ў часопісе «Ave Maria» № 3, 1995 г.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней