Традыцыйная пабожнасць

Традыцыйнае набажэнства — Крыжовы шлях — нагадвае нам, што, каб рухацца наперад, трэба не забываць пра мінулае.

У маёй бабулі былі хранічныя праблемы са страўнікам. Яна лічыла, што ўрачы ёй непатрэбныя. Бабуля ніколі не хадзіла да гастраэнтэролага і займалася самалячэннем, час ад часу прымаючы мятныя дражэ «Цік-Так». Калі я быў малым, і мне станавілася дрэнна або балеў жывот, мая бабуля нязменна клала мне ў рот некалькі такіх мятных цукерачак, і я адчуваў сябе лепш. Калі ты малы, цукеркі нашмат лепш, чым лекі!

Аднак, пасталеўшы і распачаўшы вучобу ў каледжы, я даведаўся пра эфект плацэба — гэта значыць, што можна даць каму-небудзь «цукеркавую» таблетку і сказаць, напрыклад, што гэты лек вылечвае нервовасць — і трывога ў гэтага чалавека часта знікае. Сама думка аб тым, што нешта здольнае нас вылечыць, дапамагае адчуваць сябе лепш. І я зразумеў, што чароўная формула «Цік-Так» маёй бабулі ад расстройства страўніка — гэта проста старая казка. На самай справе, гэта мятная цукерка не лячыла мяне: мне дапамагала думка, што цукеркі — лекі ад усяго.

Праз некалькі гадоў я пачуў у навінах меркаванне ўрачоў, што мята сапраўды дапамагае страваванню, і страўніку з павышанай кіслотнасцю часам можа дапамагчы смактанне мятных пасцілак. Падобна на тое, што бабуліны метады лячэння — мятай або цукрам — усё ж мелі нейкую долю праўды.

Я часта прыгадваю гэтыя моманты, калі разважаю пра Крыжовы шлях. Гэтая шматвекавая практыка часта здаецца ўстарэлай, гэта тое, што бабулі і дзядулі робяць днём падчас Вялікага посту, пакуль дзеці знаходзяцца ў школе, а дарослыя — на працы ці дома, даглядаючы дзяцей. Мы жывём у эпоху навінаў 24/7, айфонаў, Facebook і Instagram. Каму патрэбныя старыя, традыцыйныя акты пабожнасці, такія як Крыжовы шлях?

Нам патрэбныя.

Мы жывём у дзіўны час, калі здаецца, што розніца паміж правільным і няправільным становіцца ўсё больш размытаю. Мы адчуваем разгубленасць, расчараванне і гнеў. Мы чуем, што мільёны людзей кожны год пакідаюць сваю рэлігію і традыцыі.

Але дзеля чаго? Наша асабістая вера часта слабая, а нашыя мэты —неадназначныя. Наогул, многія з нас адчуваюць сябе «бадзягамі», разгубленымі і незадаволенымі сучаснымі ўяўленнямі аб тым, што значыць быць сапраўды чалавекам.

Калі мы адчуваем сябе разгубленымі, калі трывожымся і нервуемся з-за таго, куды скіроўваемся, лепш спыніцца, паглядзець навокал і развярнуцца. Прайсці дарогу назад, па сваіх слядах...

Ужо на працягу многіх гадоў гэта азначае для мяне вяртанне да традыцый. Калі здаецца, што свет забыўся пра мінулае, што можа быць больш контркультурным, чым вяртанне да асноваў?

Крыжовы шлях у апошнія гады стаў для мяне спосабам пераарыентацыі падарожжа маёй душы да Бога. Калі мы аддаемся чамусьці выпрабаванаму і сапраўднаму, такія набажэнствы, як Крыжовы шлях, з часам могуць дапамагчы нам развіць больш багатае, больш духоўнае жыццё. Яны дапамагаюць нам лепш пазнаць Бога і Божага Сына Езуса.

Каб рухацца наперад, мы не павінны забываць пра мінулае. Набажэнствы, заснаваныя на традыцыі, з'яўляюцца добрым сродкам для сустрэчы з яркай сучаснасцю.


Гэры Янсен.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле https://www.loyolapress.com/.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней