Што такое сапраўдная цярплівасць, — разважае аўтарка Марына Берзінс Маккой, прафесар Бостанскага каледжа.

Калі надыходзіць сакавік, я з нецярпеннем чакаю хутчэйшых праяваў вясны і новага жыцця раслінаў. Але кожны год я разумею, што метэаралагічная вясна настае значна раней, чым «вясновая» глеба становіцца прыдатнаю для зараджэння новага жыцця. Я не асабліва цярплівы чалавек. Я не люблю проста чакаць, нічога не робячы, не люблю расчараванне, якое ўзнікае, калі зямля і халоднае надвор'е, здаецца, не збіраюцца мяняцца. Я магу стаць ахвярай сакавіцкай (і нават красавіцкай) хандры — ці гэта будзе доўгае чаканне росквіту ў садзе, ці гэта будзе датычыць «саду» як метафары ўзаемаадносінаў, працы або іншых сфераў майго жыцця, дзе зямля не такая плённая, як бы мне хацелася. Мне хочацца, каб зямля адтаяла і была прыдатнаю для працы, і хачу гэтага зараз!

Нядаўна я прачытала такія словы пра цярплівасць: «Сапраўдная цярплівасць — гэта супрацьлегласць пасіўнаму чаканню, у якім мы дазваляем рэчам адбывацца і дазваляем іншым прымаць рашэнні. Цярплівасць азначае актыўны ўваход ў гушчар жыцця і поўнае прыняцце пакутаў унутры нас і вакол нас. Цярплівасць — гэта здольнасць як мага паўней бачыць, чуць, дакранацца, адчуваць смак і пах унутраных і знешніх падзей нашага жыцця... Цярплівасць — надзвычай складаная ўласцівасць менавіта таму, што яна супрацьстаіць нашаму нерэфлексіўнаму імпульсу бегчы або змагацца» (Наўэн, МакНіл і Морысан, «Спачуванне», 93).

Калі я думаю пра адносіны, у якіх патрэбная цярплівасць, то разумею, наколькі я схільная да ўцёкаў, барацьбы або ідэалізацыі. Частка мяне спакушаецца выйсці і пасадзіць памідоры ў красавіку, калі ў маёй мясцовасці было б мудра пачакаць, «на ўсялякі выпадак», калі заквітнеюць расліны. Але займацца садаводствам — гэта значна больш, чым проста фантазіраваць пра квітнеючыя ружы без хваробаў, як мы бачым гэта ў каталогах, таму што поспех патрабуе пэўнай ступені рэалізму. Так, сурок з'есць маю салату, калі я не абгараджу дзялянку плотам, і сапраўды, я не магу пасадзіць памідоры ў красавіку.

І калі мае адносіны таксама не зусім правільныя, але я закрыю вочы на рэальную сітуацыю, мне хочацца верыць, што усё будзе ў парадку. А можа, я магу прыспешыць рашэнне і зрабіць так, як хачу, ужо цяпер? Аднак я ведаю, што ў мяне больш шанцаў знайсці добрае рашэнне, калі я змагу некаторы час паназіраць за сітуацыяй, нават калі яшчэ не ведаю, як да яе ставіцца або якое рашэнне прыняць. Святы Ігнацый заахвочваў нас прысвячаць час разважанню над рознымі ўрыўкамі з Евангелля, выкарыстоўваючы свае пачуцці. Наколькі больш актыўна мы павінны перажываць сваё рэальнае жыццё і дазваляць сабе «бачыць, чуць, дакранацца, адчуваць яго смак і пах»!

Такім чынам, можа, дзесьці ў маім жыцці, так бы мовіць, «глеба» яшчэ прамерзлая? Альбо здаецца, што ніколі не будзе дастаткова сонечнага святла, каб нешта вырасціць? У мяне можа ўзнікнуць спакуса паспяшацца з рашэннем. Але часам лепш спачатку ўважліва паглядзець на існуючую сітуацыю, на тое, што адбываецца ў дадзены момант, і застацца з гэтым на некаторы час — з няўпэўненасцю ў тым, калі гэта можа «адтаяць». Вось што я называю цярплівасцю: здольнасць пэўны час заставацца ў няведанні, давяраючы, што Бог нейкім чынам дзейнічае, і таму мне не давядзецца заставацца тут назаўжды.

Для мяне перыяд Вялікага посту — гэта таксама праява падобнай цярплівасці: я магу даручыць Богу праблемныя часткі майго жыцця, мае «несвятыя» схільнасці, або мае адносіны, або непаспяховыя праекты, і папрасіць Бога паклапаціцца пра іх. На шчасце, Вялікі пост — гэта доўгія 40 дзён, і мы не чакаем, што ўсё стане, як трэба, у Папяльцовую сераду ці нават у Вялікі чацвер. Наадварот, мне здаецца, што Бог запрашае мяне спачатку адкрыць Яму сваё сэрца і падзяліцца з Ім сваімі прагненнямі, а затым папрасіць аб ласцы цярплівасці. Падчас гэтага Вялікага посту я спадзяюся быць цярпліваю да сябе і да іншых, таму што магу ўявіць, якім цярплівым заўсёды быў са мною Бог.


Марына Берзінс Маккой.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: https://www.ignatianspirituality.com/a-patient-lent.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней