Пасхальны Трыдуум — тры дні малітвы — гэта не проста нагода ўспомніць тое, што Езус зрабіў даўным-даўно. Мы пакліканыя да таго, каб навучыцца жыць гэтымі таямніцамі разам з Езусам, а дакладней, мы запрошаныя дазволіць Езусу жыць сваёй мукай, смерцю і ўваскрасеннем у нас.
Мы набліжаемся да самага святога часу нашага літургічнага года. Праз цэлебрацыю Святога Трыдуума мы запрошаныя разам з Езусам увайсці ў таямніцу Яго смерці і ўваскрасення. Імша Вячэры Пана ў Вялікі чацвер, успамін Мукі Пана ў Вялікую пятніцу і Пасхальная вігілія ў Вялікую суботу з’яўляюцца трыма найсвяцейшымі літургіямі ў годзе. Увесь Касцёл запрошаны зрабіць гэтыя тры дні своеасаблівымі сакральнымі рэкалекцыямі, дзе мы з малітвай разважаем у нашых сэрцах пра ўсё, што Пан Езус зрабіў для нашага збаўлення.
Літургіі гэтых дзён нагадваюць пра тое, што мы называем Пасхальнай таямніцай, якая паходзіць ад слова Пасха. Падобна да таго, як габрэйскі народ быў выратаваны ад рабства ў Егіпце праз Пасху, мы вызваляемся ад рабства нашых грахоў і атрымліваем сёння дар новага жыцця, жыцця вечнага, праз Пасхальную таямніцу Езуса Хрыста. Ён памёр на крыжы, каб перамагчы грэх, і мы атрымліваем плён Яго смерці, не паміраючы, праз хрост і іншыя сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыю, дзе мы ядзім і п’ем Цела і Кроў нашага велікоднага ягняці.
Пасхальны Трыдуум — тры дні малітвы — гэта не проста нагода ўспомніць тое, што Езус зрабіў даўным-даўно. Мы пакліканыя да таго, каб навучыцца жыць гэтымі таямніцамі разам з Езусам, а дакладней, мы запрошаныя дазволіць Езусу жыць сваёй мукай, смерцю і ўваскрасеннем у нас. Праз хрост Езус «уключыў» нас у сябе, а праз Эўхарыстыю ўмацоўвае нас — Яго Містычнае цела — і хоча працягваць адкупляць свет праз нас. Ён хоча любіць свет праз нас. Ён хоча, каб мы распазналі, як гэта зрабіў святы Павел, што ў кожнай пакуце, якую мы перажываем, і ў кожным учынку міласэрнасці, які мы здзяйсняем, мы актуалізуем Яго смерць і ўваскрасенне, і Ён зноў ратуе свет у нашым жыцці. Святы Павел тлумачыць гэта ў Другім пасланні да Карынцянаў: «Усяляк уціскаюць нас, але мы не прыгнечаныя. Мы ў разгубленасці, але не паддаёмся роспачы. Нас пераследуюць, але мы не пакінутыя. Знішчаюць нас, але мы не гінем. Заўсёды носім у целе кананне Езуса, каб і жыццё Есуса аб’явілася ў целе нашым. Бо мы, якія жывём, няспынна ідзём на смерць дзеля Езуса, каб і жыццё Езуса аб’явілася ў нашым смяротным целе. Так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё – у вас» (2 Кар 4, 7-12). Святы Павел разумее, што яго барацьба не толькі ягоная, але паколькі Езус жыве ў ім, яго змаганне таксама злучаецца з Езусам нейкім таямнічым чынам, так што яго штодзённае паміранне і ўваскрашэнне насамрэч з’яўляюцца «жыццём Езуса, якое аб'явілася» ў яго целе, і яно ажыўляе ўсё цела Хрыста.
Гэтыя тры дні Святога Трыдуума павінны стаць для нас школай жыцця з Езусам у пакутах, смерці і ўваскрашэнні нашай штодзённасці. Калі я ў роспачы, калі адчуваю сябе пакінутым, раздушаным, гэта не час для адчаю. Наадварот, калі я навучуся прыносіць гэтыя цяжкасці Езусу Хрысту, тады я ўбачу, што Ён перажывае ўва мне сваю Пасхальную таямніцу. Я ўбачу галоўную праўду хрысціянства: няма нічога настолькі злога, што не можа быць прынята Богам і ператворана ў патэнцыйнае дабро. Літургіі ад Вялікага чацвярга да Велікоднай нядзелі вучаць нас, як гэта рабіць, як убачыць сваё жыццё ў святле Пасхальнай таямніцы Хрыста. Гэта так важна, таму што вызваляе нас ад самапаглынання і дазваляе нам адчуць шчасце рабіць дар з нашага жыцця. Нашы пакуты, якімі б малымі яны ні былі, спакушаюць нас закрыцца ў сабе. Калі мы навучымся бачыць нашу барацьбу, як святы Павел, як Езус, які перажывае ўва мне сваю Пасхальную таямніцу, гэта можа прынесці сэнс нашым пакутам, што дазволіць нам ператварыць цяжкасці ў любоў.
Пасхальная таямніца — гэта лад жыцця, шлях, які вядзе да Вялікадня. Памолімся, каб гэта было праўдай для кожнага з нас, каб, навучыўшыся яднаць нашы пакуты з Хрыстом, мы навучыліся сапраўднай любові, якую паказвае нам Езус, і атрымалі дар новага жыцця ў гэты Вялікдзень.
Біскуп Эндру Козэнс.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле https://thecatholicspirit.com/only-jesus/learn-live-paschal-mysteries-jesus.