Не аслабляйце сваёй малітоўнай пільнасці!

Напісанае 80 гадоў назад, гэтае пасланне папы Пія ХІІ на Вялікдзень 1941 года чытаецца, на жаль, вельмі актуальна ў наш час. Давайце пачуем гэты заклік Святога Айца і не будзем «аслабляць сваёй малітвы» ў інтэнцыі міру ва Украіне і ва ўсім свеце.

Сардэчна вітаю ўсіх вас, любыя сыны і дочкі Рыма і ўсяго свету, у духу Аллелюя велікоднай раніцы, у радасным духу ўваскрасення і супакою ў Хрысце пасля Яго мукі. Але, на жаль, не было ні ўваскрашэння, ні аднаўлення міру паміж народамі, і ў маім радасным прывітанні павінна быць тая нотка смутку, якая выклікана вялікім няшчасцем і няспынным жалем у сэрцы (гл. Рым 9, 1–2).

У сумным відовішчы чалавечых канфліктаў, сведкамі якога з’яўляемся, я прызнаю адвагу і вернасць усіх, хто з глыбокім пачуццём абавязку змагаецца за абарону і росквіт сваёй радзімы. Я адчуваю сябе абавязаным сказаць, што бязлітасная барацьба часам набывала формы, якія можна ахарактарызаваць толькі як зверскія. Няхай усе ваюючыя бакі, якія таксама маюць чалавечыя сэрцы, вылепленыя любоўю маці, праявяць пачуццё міласэрнасці да пакутаў мірнага насельніцтва, да безабаронных жанчын і дзяцей, да хворых і састарэлых, бо ўсе яны часта падвяргаюцца існуючай небяспецы вайны, нават большай, чым тая, з якою сутыкаюцца салдаты на фронце!

Я прашу ваяўнічыя дзяржавы ўстрымацца да самага канца ад выкарыстання яшчэ больш забойчых інструментаў вядзення вайны, бо выкарыстанне кожнай зброі непазбежна прыводзіць да яе прымянення ў адказ, часта з большым гвалтам з боку праціўніка. Калі мы ўжо павінны наракаць на той факт, што межы законнай вайны неаднаразова перавышаліся, ці не ператворыць вайну ў невымоўны жах больш шырокае выкарыстанне ўсё больш варварскай знішчальнай зброі?

У гэтай буры няшчасцяў і небяспекаў, бедаў і страхаў наша самае магутнае і бяспечнае прыстанішча даверу і спакою знаходзіцца ў малітве да Бога, у чыіх руках знаходзіцца не толькі лёс людзей, але і вынік іх самых жорсткіх спрэчак. Таму я выказваю ўдзячнасць католікам усяго свету за той запал, з якім яны адгукнуліся на мой заклік да малітвы і ахвяры за мір.

Сёння я паўтараю гэта запрашэнне да вас і да ўсіх тых, хто ўзносіць свае розумы і сэрцы да Бога, і прашу вас не аслабляць сваёй малітоўнай пільнасці, а хутчэй ажывіць і падвоіць яе. Так, будзем маліцца аб хутчэйшым міры. Будзем маліцца за ўсеагульны мір; не за мір, заснаваны на прыгнёце і знішчэнні народаў, а за мір, які, гарантуючы годнасць усіх нацый, задаволіць іх жыццёва важныя патрэбы і забяспечыць законныя правы для ўсіх.

Я пастаянна суправаджаю малітву сваімі ўласнымі намаганнямі. Да самай мяжы сваёй моцы і з пільным усведамленнем аб’ектыўнасці ў духу і ў сваёй апостальскай службе я не пакінуў нічога не завершанага або не паспрабаванага, каб прадухіліць або зменшыць канфлікт, гуманізаваць метады вайны, палегчыць пакуты і аказаць дапамогу і суцешыць ахвяраў вайны. Я без ваганняў беспамылкова і выразна пазначыў неабходныя прынцыпы і пачуцці, якія павінны складаць вызначальную аснову будучага міру, які будзе гарантаваць шчырую і лаяльную згоду ўсіх народаў. Але я з жалем заўважаю, што, здаецца, пакуль што мала верагоднасці блізкага ажыццяўлення міру, які будзе справядлівым, у адпаведнасці з чалавечымі і хрысціянскімі нормамі.

Такім чынам, нашы просьбы да Неба павінны ўзнімацца з усё большым сэнсам і запалам, каб новы дух мог укараніцца і развіцца ва ўсіх народах і асабліва сярод тых, чыя большая моц дае ім большы ўплыў і накладае на іх дадатковую адказнасць; дух гатоўнасці, пазбаўлены фіктыўнасці і хітрасці, які гатовы ісці на ўзаемныя ахвяры, каб будаваць на назапашаных руінах вайны новы будынак братэрскай салідарнасці паміж народамі свету, будынак, збудаваны на новай і больш моцнай аснове, з цвёрдымі і стабільнымі гарантыямі і з высокім пачуццём маральнай сумленнасці, што адмаўляе ўсе двайныя стандарты маралі і справядлівасці для вялікіх і малых або для моцных і слабых.

Праўда, як і чалавек, мае толькі адно аблічча: і праўда — мая зброя, як малітва — мая абарона і сіла, а жывое, шчырае і бескарыслівае апостальскае слова, натхнёнае братэрскай любоўю, — мой шлях да сэрцаў людзей.

Гэта не наступальная і крывавая зброя, але зброя духу, зброя майго розуму і сэрца. Нішто не можа перашкодзіць або стры­маць мяне ад выкарыстання іх для забеспячэння і абароны справядлівых правоў, сапраўднага чалавечага братэрства і сапраўднага міру, куды б ні скіроўваў мяне святы абавязак майго служэння, а спачуванне народным масам зноў распальвае маю любоў.

Нішто не можа стрымаць мяне ад таго, каб не раз заклікаць да захавання запаведзі любові да тых, хто з’яўляюцца дзецьмі Касцёла Хрыстовага, тых, хто з-за сваёй веры ў Боскага Збаўцу, у Айца нашага, які ў нябёсах, вельмі блізкі да нас.

Нішто не можа перашкодзіць і стрымаць мяне рабіць усё, што ў маіх сілах, каб у буры нарастаючых хваляў варожасці паміж народамі зямлі Боскі Каўчэг Касцёла Хрыстовага трывала трымаўся якарам надзеі пад залатымі промнямі міру — гэта благаслаўлёнае бачанне міру, якое ў разгар сусветных канфліктаў з’яўляецца сховішчам, прыстанкам і падтрымкай гэтага братэрскага духу, угрунтаванага ў Богу і ўзвышанага ў цені Крыжа, з дапамогай якога трэба пракладваць курс, калі мы хочам выратавацца ад цяперашняй буры і дасягнуць берагоў больш шчаслівай і больш годнай будучыні.

Аднак, пад пільным Провідам Божым і ўзброены толькі малітвай, павучаннем і суцяшэннем, я буду трываць у нашай бітве за мір ад імя пакутуючага чалавецтва. Няхай благаслаўленне і супакой Нябёсаў сыдуць на ўсіх ахвяраў гэтай вайны: на вас, вязняў, і вашыя сем’і, з якімі вы разлучаныя і якія клапоцяцца пра вас; і на вас, бежанцаў і абяздоленых, якія страцілі свае дамы і зямлю, сваю жыццёвую апору.

Я падзяляю з вамі вашы боль і пакуты.

Калі ж мне не будзе дазволена, як я шчыра жадаю, узяць на сябе цяжар вашых смуткаў, няхай маё бацькоўскае і сардэчнае спачуванне паслужыць бальзамам, які заглушыць горыч вашай бяды сённяшнім прывітаннем Аллелюя, гімнам трыумфу Хрыста над зямнымі пакутамі, кветкамі аліўкавага дрэва ў Гетсіманіі, квітнеючымі ў каштоўнай надзеі ўваскрасення і новага і вечнага жыцця, у якім не будзе ні смутку, ні змагання. У гэтай даліне слёз няма пастаяннага горада (гл. Гбр 13, 14), няма вечнай Радзімы.

Тут, унізе, мы ўсе выгнаннікі і вандроўнікі; нашае сапраўднае грамадзянства, якое бязмежнае, знаходзіцца ў Небе, у вечнасці, у Богу. Калі мірскія надзеі ўвялі вас у зман, памятайце, што надзея на Бога ніколі не падводзіць і не падманвае. Вы павінны прыняць адно рашэнне — не дазваляць ні вашай сумнай долі, ні злосці людзей пахіснуцца вашай вернасці Хрысту.

Дабрабыт і няшчасці з’яўляюцца неад’емнай часткай зямнога існавання чалавека, але самае важнае, — і я гавару гэта разам са святым Аўгустынам, — гэта выкарыстанне таго, што называецца дабрабытам або няшчасцем. Бо дабрадзейны чалавек не ўзвышаецца праз свецкі дабрабыт і не прыніжаецца часовым няшчасцем; з другога боку, злы чалавек, сапсаваны ў дабрабыце, вымушаны пакутаваць у няшчасцях.

Дзяржавам, якія акупавалі тэрыторыі ў гады вайны, я з усёй цвёрдасцю гавару: няхай ваша сумленне кіруе вамі ў справядлівых, гуманных і прадбачлівых адносінах з народамі акупаваных тэрыторый. Не накладвайце на іх цяжар, які вы ў падобных абставінах адчувалі ці палічылі б несправядлівым.

Разважлівы і карысны гуманізм з’яўляецца адзнакай і хвалою мудрым генералам, а абыходжанне з палоннымі і мірным насельніцтвам на акупаваных тэрыторыях з’яўляецца самым надзейным сведчаннем і доказам цывілізаванасці асобных людзей і нацый. Але перш за ўсё памятайце, што ад таго, як вы паступіце з тымі, каго лёс вайны аддаў у вашыя рукі, можа залежаць благаслаўленне або праклён Бога для вашай уласнай зямлі.

Сузіранне вайны, якая з’яўляецца такой жорсткай ва ўсіх яе аспектах, і думка пра пакутуючых дзяцей Касцёла натхняе маё сэрца і фармуе на маіх вуснах словы суцяшэння і падбадзёрвання для пастыраў і вернікаў тых месцаў, дзе больш за ўсё пакутуе Касцёл; дзе вернасць яму, публічнае вызнанне яго дактрынаў, добрасумленнае і практычнае захаванне яго законаў, маральны супраціў атэізму і дэхрысціянізацыйным уплывам, наўмысна ўхваленым або цярпімым, падвяргаюцца адкрытаму або таемнаму супрацьстаянню і штодня рознымі спосабамі ўскладняюцца.

Запісы і хітрасць гэтага, як правіла, таемнага, але часам нават публічнага мучаніцтва, падступная або адкрытая бязбож­насць якога змушае пакутаваць паслядоўнікаў Укрыжаванага, штодня множацца і складаюць своеасаблівую шматтомную энцыклапедыю, летапіс гераічных ахвяраў, і пацвярджаюць словы нашага Боскага Збаўцы: «Слуга не большы за свайго Гаспадара. Калі Мяне пераследавалі, то і вас будуць пераследаваць» (Ян 15, 20).

Ці не з’яўляецца гэтае Божае папярэджанне крыніцаю ласкавага суцяшэння на тым журботным і горкім Крыжовым шляху, якім вы ідзяце з-за сваёй вернасці Хрысту? Усім вам, хто так сумна ідзе па гэтым шляху, святары і законнікі, мужчыны і жанчыны, а асабліва вы, маладыя мужчыны, гонар і радасць вашых сем’яў, якія пакліканы несці цяжар гэтых бязлітасных і горкіх дзён, якое б ні было ваша паходжанне, мова, раса, сацыяльны стан або прафесія — усе вы, на якіх так выразна стаіць пячатка пакутаў за Хрыста, знак не меншай пакуты, чым славы, як гэта было з вялікім апосталам Паўлам, вы залічаны да ліку тых прывілеяваных блізкіх, якія знаходзяцца бліжэй за ўсё да Крыжа Кальварыі і, такім чынам, бліжэй да прабітага Сэрца Хрыста і да майго ўласнага.

О, калі б я змог даць вам зразумець, наколькі глыбока маё сэрца пранізаў вокліч Апостала язычнікаў: «Калі хто знемагае, ці я не знемагаю?» (2 Кар 11, 29). Ахвяры, да якіх вы пакліканы, вашы душэўныя і цялесныя пакуты, ваш клопат аб уласнай веры і яшчэ больш аб веры вашых дзяцей, — я ведаю пра іх, я падзяляю іх з вамі, я плачу па іх перад Богам.

І ўсё ж у гэты дзень вітаю вас радасным Аллелюя; бо гэта дзень трыумфу Хрыста над тымі, хто Яго ўкрыжаваў, адкрытымі і таемнымі, даўнейшымі і сучаснымі. Я перадаю вам гэтае прывітанне з тым голасам і ўпэўненасцю, з якімі нават у дні пераследу першыя хрысціяне з радасцю спявалі Аллелюя. Магчыма, вы не памятаеце словы нашага Пана да Марты: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць» (Ян 11, 25–26). Іх упэўненасць ва ўваскрасенні рабіла пакутнікаў героямі Хрыста і вернымі аж да смерці. Вы атрымліваеце асалоду ад той самай упэўненасці. Наследуйце іх, і з найвялікшым Прарокам Новага і Вечнага Запавету падніміце вочы да таго Нябеснага Ерузалема, дзе Хрыстус валадарыць у славе і кіруе, і, узнагароджваючы сваіх добрых і верных слугаў, абвяшчае таямніцу і бляск іх трыумфу ў бліскучай белі іх вопраткі, у нязмыўным надпісе іх імёнаў у Кнізе Жыцця, пастанаўляючы, што яны будуць узвышаны перад Яго Айцом і Нябесным Судом, з выдатнымі словамі, якіх вы ніколі не павінны забываць у вашых небяспечных выпрабаваннях: «Так апранецца ў белыя шаты пераможца, і Я не сатру імені ягонага з кнігі жыцця, і вызнаю імя яго перад Маім Айцом і перад Яго анёламі» (Ап 3, 5).

Любыя сыны і дочкі! Езус Хрыстус, «Уладар зямных каралёў... хто любіць нас і хто праз сваю кроў вызваліў нас ад нашых грахоў» (Ап 1, 5). Падніміце вочы, як гарантыю таго нябеснага міру, які Ён адзін можа даць нам, і які я прашу ў Яго ў паўнаце для ўсяго чалавецтва; я перадаю вам, пастырам і вернікам, вашым сем’ям, вашым дзецям, каб Хрыстус абараняў і захоўваў вас у сваёй ласцы і любові, тым, хто ў спаўненні абавязку змагаецца на сушы, на моры і ў небе, і асабліва усім тым, хто быў так моцна збіты бічом вайны з сэрцам, перапоўненым любоўю.

Маё айцоўскае апостальскае благаслаўленне.
Няхай благаслаўленне Усемагутнага Бога, Айца, Сына і Духа і Святога, сыдзе на вас і застанецца назаўсёды. Амэн.


Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: http://www.ibiblio.org/pha/policy/1941/410413b.html.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней