Пачатак Адвэнту — гэта заўсёды радаснае чаканне Нараджэння Збаўцы. Гэты перыяд спрыяе нашаму жаданню ўзрастаць у веры і штодня рабіцца крыху лепшымі за саміх сябе ўчарашніх. Кожная свечка адвэнтавага вянку мае сваю назву: свечка першай нядзелі — гэта «свечка Надзеі», другой — «свечка Міру», трэцяй — «свечка Радасці», а чацвёртай — «свечка Любові», таму мы вырашылі прысвяціць у календары кожны тыдзень Адвэнту гэтым паняццям.
Мы прапаноўваем вам пачынаць кожны дзень з медытацыі над словамі Святога Пісання з літургіі гэтага дня: паразважаць над тэкстамі, весці «Адвэнтавы дзённік» і запісваць свае разважанні, а для тых, каму захочацца паглыбіцца ў Адвэнтавае чуванне, прапануем малітоўныя заданні на кожны дзень.
Каляндар змешчаны ў часопісе «Ave Maria» № 11 (яго вы можаце набыць у парафіяльных кіёсках). Яго вы можаце павесіць на сцяну, а можна нарэзаць сабе заданняў і змясціць іх у зроблены ўласнымі рукамі каляндар. Запрашаем вас таксама ў нашыя сацсеткі, бо гэтыя заданні будуць там публікавацца штодня.
Падрыхтавала Паліна Грыб