Не стамляйцеся здзіўляць! Напрыклад, паштоўкаю на Божае Нараджэнне

Здзіўляйце адзін аднаго, не стамляйцеся гэта рабіць, ніколі не спыняйцеся, ніколі! З такім заклікам хочацца звярнуцца да чытачоў часопіса «Ave Maria», каб падзяліцца адным з мільённых спосабаў здзівіць свайго бліжняга і зрабіць яму нешта прыемнае.


У нашым жыцці безліч святаў, якім мы надаем увагі альбо не надаем, якія мы любім альбо не вельмі любім. І ў любым выпадку чалавеку падабаецца ствараць святочны настрой.

Асабіста мне падабаецца ствараць гэты настрой сабе і іншым з дапамогаю паштовак. Вось і зараз прапаную табе, шаноўны чытач, разам зрабіць паштоўку на зімовую тэматыку. Гэты праект мы назавем проста: «Жывая зімовая паштоўка». Чаму яна жывая? А вось трэба будзе ў ходзе працы над ёю здагадацца, чаму. 

А пакуль — пачынайма.

Што ж нам спатрэбіцца?

1. Час. Каля 45 хвілінаў.

2. Ліст паперы А4, лепш за ўсё — папера для пастэлі.

3. Гронкі рабіны, некалькі.

4. Чорная туш, пастэль чырвонага колеру, чорныя ніткі, іголка, пэндзаль, нажніцы.

Момант 1. Складаем ліст паперы, малюем на ім чорнай тушшу галінкі рабіны, сілуэт снегіра.

Момант 2. Дзесьці ўверсе паштоўкі выразаем адтуліну, якая будзе сімвалічным небам на паштоўцы.

Момант 3. Да галінак прышываем гронкі рабіны. Паштоўка пакрыху ажывае.

Момант 4. У сімвалічнае вакенца-воблака рыхтуем некалькі паперак розных колераў, якія можна будзе змяняць у залежнасці ад настрою.

Момант 5. На гэтых паперках-воблаках запісваем інфармацыю, якую павінна бу­дзе перадаваць па­штоўка. Гэта можа быць віншаванне, прабачэнне, прызнанне, просьба, камплімент, захапленне, жарт, нават крыўда (усё бывае!). Адна ўмова: воблака павінна несці вельмі шчырую інфармацыю — неба не хлусіць. І яшчэ: гэты тэкст можна ўвесь час змяняць, змяняючы колер воблака.

Такім чынам, мы атрымліваем вечна жывую паштоўку, якая кожны дзень можа несці нейкае новае паведамленне. Тэрмін яе дзеяння: пакуль не надакучыць і не натхніць на новае.

А пакуль можаце змясціць яе на лядоўні, прымацаваўшы магнітамі, і кожны дзень яе ажыўляць, каб здзіўляць, радаваць тых, хто разам з вамі заглядае ў лядоўню.

Яркіх аблокаў, цёплых словаў вам і вашым блізкім! Здзіўляйце адзін аднаго як мага часцей, хоць і драбязой!

І яшчэ: я падумала, што тэрмін маёй паштоўкі будзе цягнуцца ўвесь Адвэнт, каб кожны дзень не забывацца пакінуць добрае ці прыемнае паведамленне сваім сяброўкам, з якімі я жыву ў студэнцкім інтэрнаце і карыстаюся агульнай лядоўняй.

А табе, шаноўны чытач, я жадаю плённа перажыць Адвэнт і падрыхтавацца да Свята Божага Нараджэння. 


З усмешкаю, Аксана Ючкавіч

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней