«Марыйны доктар» Эфрэм Сірын апеў Боскае мацярынства Марыі

У першыя стагоддзі хрысціянства марыялагічных тэкстаў было няшмат. Некаторыя айцы Касцёла, як, напрыклад, Ірэнэй Ліёнскі, Клімэнт Александрыйскі, Атаназій або трое вялікіх кападокцаў — Базыль, Грыгорый Назіянзскі і Грыгоры з Нісы — праслаўлялі Марыю ў сваіх творах. Аднак усіх пераўзышоў адзіны сірыйскі доктар Касцёла — святы Эфрэм, якога  называюць «Марыйным доктарам». У свята Звеставання Пана прапануем пазнаёміцца з яго паэзіяй.


Яго паэмы, насычаныя біблійнымі суаднясеннямі, адначасова былі катэхезаю, казаннем і часткаю літургіі. Найбольшае захапленне і зацікаўленасць у св. Эфрэма выклікалі Боскае мацярынства Марыі, Яе дзявоцтва і Яе роля як новай Евы. Ён быў адным з найбольш заўзятых абаронцаў веры Касцёла ў сапраўднае боства і чалавечнасць Хрыста, а таксама ў сапраўднасць Божага мацярынства Марыі.

Святы Эфрэм падкрэсліваў у сваіх гімнах, што толькі дзякуючы сапраўднаму мацярынству Марыі споўнілася ўмова, каб Божы Сын для справы адкуплення атрымаў сапраўднае цела і быў сапраўдным чалавекам. Ва ўлонні Марыі Езус апрануў цялесную шату на свой густ:

«Сын Усявышняга прыйшоў да Мяне і пасяліўся ўва Мне. Я стала Ягонаю Маці. Шатаю Маці Ён ахінуў сваё цела, а Я апранула Яго хараство».

Маці саткала гэтую шату, а Сын апрануўся ў яе, каб схаваць сваю веліч. Хрысту патрэбна была Марыя для таго, каб здзейсніць справу збаўлення, каб стаць адным з нас. Марыя ўсведамляла, што Яна з’яўляецца Маці Кагосьці вялікага, поўнага велічы. Яна сама пацвярджала сапраўднасць свайго мацярынства:

«Калі Ты пасяліўся ўва Мне, ува Мне і па-за Мною знаходзілася Твая веліч.
І хоць Я нарадзіла Цябе бачна,
не знікла ўва Мне Твая нябачная сіла.
Ты ўва Мне і па-за Мною, і злучаны са Мною».

Езус паказаў сваё прыніжэнне, калі прыняў цела ад Марыі, бо, будучы Богам, Ён стаў слугою. Святы Эфрэм падкрэсліў ролю, якую Марыя адыграла ў гэтым працэсе.

«Твая Маці — цуд.
Пан увайшоў у Яе і стаў слугою.
Увайшло Слова і сталася ў Ёй нямым.
Увайшоў гром, і голас свой прымусіў маўчаць.
Увайшоў Пастыр і стаў Ягнём.
Ход гісторыі Ён змяніў ва ўлонні Маці».

У сваіх выказваннях св. Эфрэм часта карыстаўся вобразам улоння. Ён супрацьпастаўляў таямніцу недаступнага ўлоння Айца ўбоству ўлоння Маці. Святы захапляўся выключным цудам мацярынства Марыі, выкарыстоўваючы шматзначнасць гэтага паняцця. У 21-м «Гімне аб нараджэнні» сірыйскі доктар напісаў:

«<...> Ён прабывае ва ўлонні ўсіх стварэнняў,
але іх улонне замалое,
каб прыняць веліч Першароднага,
як змагло Яго ўмясціць улонне Марыі.
Якое было б здзіўленне,
калі так не сталася б,
якое было б узрушэнне, калі гэтага не адбылося б.
Сярод усіх стварэнняў толькі адно ўлонне Яго ўмясціла,
гэтага Магутнага, які Яго нарадзіў».

Хрыстус выйшаў з багатага ўлоння Айца і пасяліўся ва ўбогім улонні Маці. Марыя сфармавала ў сваім целе чалавечую натуру Езуса. Яна стала сапраўднаю Маці, паміж Ёю і Яе Сынам існуюць міжасобасныя адносіны. Маці з’яўляецца маці для ўсяго дзіцяці, а не толькі для яго цела. Гэта ў Ёй Бясконцы набывае чалавечае аблічча. Пры ўдзеле Маці Хрыста ажыццяўляецца самая прыгожая таямніца чалавечага жыцця — абагаўленне чалавека. Яна адбылася праз уцелаўленне Хрыста ва ўлонні Маці.

«Хвала Таму, хто стаў зямным,
хоць па натуры быў нябесным. У любові Ён стаў першародным Сынам Марыі,
хоць і быў першародным Сынам Божым».

Прычынаю таго, што Сын Божы пасяліўся ва ўлонні Марыі, стала любоў Бога да чалавека. Толькі дзякуючы гэтай любові Марыя стала Маці Езуса.

«Я захапляўся ўлоннем Маці,
бо яно здолела Цябе ўмясціць.
Замалым было для Цябе стварэнне,
каб паказаць Тваю веліч.
Зацеснымі былі для Цябе зямля і неба,
каб Цябе ўмясціць і схаваць Тваю Боскасць.
Замалым было для Цябе ўлонне зямлі,
але хапіла ўлоння Марыі.
Ты пасяліўся ва ўлонні і лячыў краёчкам шатаў».

Эфрэм, адораны паэтычным чуццём і эмацыйнасцю, падкрэсліваў чалавечы аспект мацярынства Марыі. Упершыню першы хрысціянскі аўтар укладае ў вусны Марыі, Маці Езуса, пяшчотныя калыханкі з багатым дагматычным зместам. Марыя паказваецца ў іх як сапраўдная Маці, якая клапоціцца пра свайго Сына, корміць Яго малаком. Калі Дзіця спіць у Яе на руках, Яна спявае пра тое, што Пан выбраў убогую і пакорную Маці:

«Убогая Дачка — Маці Найбагацейшага,
якога прыспешыла любоў.
<...> Ты — Мой Сын, і Я хачу Табе спяваць,
Я — Твая Маці, таму хачу Цябе праслаўляць.
Мой народжаны Сын старэйшы за Мяне,
Пан носіць Мяне, якога Я насіла.
<...> Ты нарадзіўся з Мяне Дзіцем,
хоць Ты — Усемагутны.
Цудам назваў Цябе прарок Ісая».

Маці Езуса з замілаваннем глядзіць на свайго Сына. Нягледзячы на тое, што гэта быў Сын Божы, на зямлі Ён прыняў чалавечае цела, стаў малым Дзіцем. Калыханкі Марыі сведчаць пра веру ў Боства Езуса:

«Ідзі, засні на руках у Маці, Сыне Найвышэйшага!
Ты, Сыне вялікага Давіда і Сыне Марыі,
які захоўваеш сваю прыгажосць у супакоі.
Да каго падобнае ўсмешлівае Дзіця,
Маці якога цнатлівая і Айцец нябачны?
<...> Хто бачыў такое Дзіця, якое радуе бліжніх?
Ад улоння Маці Яно працягвае рукі.
Якая цудоўная сцэна — Дзіця звяртаецца да ўсіх,
каб усе Яго ўбачылі!»

Марыя ўглядаецца ў Дзіця, якое глядзіць у неба, якое лапоча і падобнае да Яе. Усё гэта падкрэслівае той факт, што Марыя з’яўляецца сапраўднаю Маці, якая клапоціцца пра сваё Дзіця, корміць Яго і нават мяняе пялёнкі:

«О цуд! Перада Мною ляжыць Дзіця, глядзіць у неба і „шчабеча“. Яно падобнае да Мяне, хоць у маўчанні сваім размаўляе з Богам. Як жа адкрыць крыніцу малака Табе, які сам ёсць Крыніцаю? Як жа даць Табе есці, калі са свайго стала Ты жывіш усіх? Як жа дакранацца да Тваіх пялёнак, калі Ты апранаешся ў хараство?»

Сірыйскі доктар акрэслівае таямніцу нараджэння Марыяй Божага Сына, выкарыстоўваючы слова «ўлонне», а паказваючы клопат і любоў Маці, ён ужывае выразы, звязаныя з кармленнем грудзьмі. У 4-м «Гімне аб Нараджэнні» ён напісаў:

«Калі Ён піў малако Марыі, сам паіў жыццём усё,
калі прабываў ва ўлонні сваёй Маці, у Яго ўлонні прабывалі ўсе стварэнні.
Яна дала Яму тое малако, якое Ён стварыў,
Яна дала яму тую ежу, якой Ён дазволіў вырасці.
Ён даў Марыі малако як Бог,
а піў яго як чалавек».

Святы Эфрэм пастаянна спалучае праўду аб сапраўдным мацярынстве Марыі з праўдаю аб Яе Божым мацярынстве. У песнях ён падкрэслівае ролю Марыі ў прыняцці Езуса як чалавека і адначасова як Божага Сына. Безумоўна, Марыя бачыць адметнасць свайго Сына, Яна ведае, што Ён — Бог. Святы Эфрэм вельмі моцна акцэнтуе ўвагу на тым, што Марыя нарадзіла Пана ўсяго існага:

«Ці магчыма гэта, каб слуга
ва ўбогасці сваёй нарадзіла Караля?
Як магла небагатая і невядомая
нарадзіць Караля?
Табе адной было дадзена
атрымаць ласку, каб нарадзіць Караля,
праз Яго вялікая Твая ўбогасць,
а Сыну будуць падпарадкоўвацца ўсе валадары.
<...> Тваё Дзіця — скарб бясцэнны,
што ўзбагачае ўсіх людзей,
каралеўскія скарбы часта гінуць,
Твой Сын не загіне, бо Ён — Бясконцы».

Марыя — гэта Маці Караля сусвету, Езуса Хрыста. Нягледзячы на тое, што Яна бедная і сціплая жанына, Валадара народзіць Яна. Святы Эфрэм звяртаецца да вобраза святла, якім з’яўляецца Хрыстус, а гэта прыгожае святло паходзіць менавіта ад Марыі. У Яе ўлонні знайшоў сабе месца Сын Божы і з яго выйшаў як святло для свету:

«Святло, што асвячае свет,
узышло з Маці, якую Яно ўпадабала.
З Яе Яно выйшла і збавіла стварэнне,
сваім нараджэннем Яно выгнала змрок
— з Яго прыйсцем знікла цемра».

Выкарыстоўваючы вобраз святла, Марыйны доктар падкрэслівае таксама той факт, што Марыя з’яўляецца найяснейшаю Зоркаю. Дзякуючы Марыі мог «заззяць» Хрыстус, Сонца справядлівасці:

«Вітай, Зорка найяснейшая, з якой нарадзіўся Хрыстус!
Вітай, Святло найяснейшае, Маці і Дзева!
Вітай, бо Ты цудоўным чынам нарадзіла Караля сусвету!
Вітай, бо дзякуючы Табе заззяла Сонца справядлівасці!»

Святы Эфрэм звяртае таксама ўвагу на любоў, якую павінны мець людзі і да Езуса, і да Яго Маці: «Хто любіць, той захапляецца Ёю, хто занадта сумняваецца, будзе асаромлены, бо не змог пазнаць Маці, якая нарадзіла, застаўшыся Дзеваю <...>».

Святы Эфрэм з вераю і любоўю разважае над Божым словам і на падставе гэтага абвяшчае Божае мацярынства Марыі. Яго апісанне змешчана ў «Песні пра Найсвяцейшую Панну»:

«Як гара Сінай, Я насіла Цябе,
не ахопленая Тваім агнём,
бо Ты схаваў яго, каб не зашкодзіў Мне. <...> Той, хто з самага пачатку быў роўны Айцу,
стаў Дзіцем ва ўлонні Марыі,
нам даў сваю веліч
і ўзяў нашую слабасць.
<...> Божае слова сышло з вышыняў небесных
і пасялілася ў Панне.
Яна Яго зачала і нарадзіла».

Параўноўваючы мацярынства Марыі з гарою Сінай, святы Эфрэм звяртае ўвагу на аб’яўленне Бога. У «Песні Марыі да свайго Дзіцяці» ён звяртаецца да іншых біблійных азначэнняў:

«Як павінна Цябе называць, о Чужынец,
што стаўся адным з нас?
Назаву Цябе Сынам, Братам, Абраннікам, Панам,
Выхавацелем сваёй Маці <...>
Я буду Табе Сястрою з дому Давіда,
нашага другога бацькі,
і буду Табе Маці, бо насіла Цябе ва ўлонні,
Абранніцаю, бо Ты — беззаганны».

Марыйны доктар не выкарыстоўваў грэцкі тэрмін Theotokos, а карыстаўся семантычна раўназначнымі гэтаму тэрміну словамі. Святы Эфрэм праклаў цяжкі шлях догмату пра Божае мацярынства Марыі, стаўшы папярэднікам Эфескага Сабору, яго прадвеснікам.


Падрыхтавала Іна Ламака.
Паводле: «Miejsca Święte»,
№ 12, 2010 г.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней