6 студзеня, на свята Аб’яўлення Пана, католікі пішуць на дзвярах сваіх дамоў таямнічы для многіх надпіс. Што ён азначае? (Андрэй Севярын, г.Гомель)


Першым святам, звязаным з таямніцай Уцелаўлення Хрыста, з’яўляецца Эпіфанія, альбо ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, якая святкуецца 6 студзеня. Першы ўспамін пра яе на Усходзе належыць Клеменсу Александрыйскаму (каля 212 г.), на Захадзе ж – цэзару Юліяну (361 г.). Святкаванне гэтай урачыстасці мае шматвяковую традыцыю, якая сягае ажно да часоў паганства, калі 6 студзеня ў Егіпце і Арабіі ўшаноўвалі бога сонца ( 25 снежня – на Захадзе) і дзень народзінаў Эона – бога часу і вечнасці. Супрацьпастаўленне гэтаму і іншым паганскім культам і паўплывала на з’яўленне ўрачыстасці Эпіфаніі.

Зместам урачыстасці з’яўляецца аб’яўленне таямніцы збаўлення ў Езусе Хрысце. Божае Нараджэнне больш канцэнтруецца на паніжэнні Сына Божага да людской натуры, падкрэсліваючы зямное нараджэнне Божага Слова. Эпіфанія ж скіроўвае наш позірк на Божую веліч нованароджанага Дзіцяці.

На працягу стагоддзяў сфармаваліся шматлікія звычаі, звязаныя з Эпіфаніяй. Да найважнейшых з іх належаць: абвяшчэнне даты Вялікадня, благаслаўленне золата, ладана і міры, благаслаўленне водаў Ярдану, а таксама благаслаўленне жылых дамоў. У нас найбольш распаўсюджаны менавіта апошні звычай. У Нямеччыне, а цяпер і ў іншых краінах, таксама і ў Беларусі, гэты звычай узбагачаны надпісам на дзвярах літараў С+М+В, а таксама датай бягучага года (католікі пішуць яго асвячонаю крэйдаю). Аднак, ці ведаем мы, што азначае такое скарачэнне? Адказ на гэтае пытанне даволі няпросты.

Падобна, што тры літары, якімі мы пазначаем дзверы нашых дамоў 6 студзеня, зусім не з’яўляюцца ініцыяламі, як многія лічаць, трох каралёў (Caspar, Melchior, Baltasar).На самым пачатку традыцыі гэта быў скарочаны запіс лацінскага пажадання: Christus mansionem benedicat – Няхай Хрыстус благаславіць жытло!

Аднак, як гэта ні дзіўна, і першая, і другая інтэрпрэтацыі не пярэчаць адна адной. Па-першае, пазначэнне іменем Хрыста ўваходу ў дом нагадвае пра ноч вызвалення Божага люду ад егіпецкай няволі, калі людзі пазначалі свае дамы крывёю пасхальнага ягняці. Па-другое, пішучы літары С+М+В, мы прыгадваем імёны першых паганаў, якія пакланіліся Хрысту, і тым самым сведчым пра сваю прыналежнасць да супольнасці людзей, гатовых праслаўляць Хрыста. Такім чынам, два цалкам розныя тлумачэнні сэнсу трох літараў практычна маюць аднолькавыя духоўныя высновы.

Ангельскі паэт Джордж Герберт у вершы «Звеставанне» адлюстраваў такі звычай: калі кароль выпраўляўся ў падарожжа, перад ім ехалі ягоныя пасланцы і пазначалі жытло, прыдатнае для размяшчэння каралеўскага двара на прыстанак, крэйдай. Магчыма, адсюль узяўся звычай на ўрачыстасць Трох Каралёў пазначаць дзверы дамоў надпісам С+М+В, які азначае, што мы запрашаем у свой дом Божага Караля. Можа менавіта таму евангелічныя магі з часам «ператварыліся» ў каралёў, якія быццам бы ў ролі кватар’ераў заклікаюць прыняць найвялікшага Госця і своеасабліва падкрэсліваюць Ягоную найвышэйшую годнасць.

Магаў, якія пакланіліся Хрысту, мы часта атаясамліваем з мудрацамі. Можа таму, што і каралям, і магам, і мудрацам пакаянне даецца асабліва цяжка. Магі служылі д’яблу, аднак нават яны знайшлі дарогу да Хрыста. Мудрацы, напоўненыя не столькі Божай мудрасцю, колькі адданыя мудрасці гэтага свету, якая перамяняе чалавечае сэрца ў скалу, вельмі часта няздольныя прыняць Божае зерне, але, як мы ведаем, менавіта такія мудрацы знайшліся ў супольнасці першых Хрыстовых вернікаў...

Заўважым, што рэлігійны знак пазначэння дзвярэй надпісам С+М+В выконвае яшчэ адну цудоўную функцыю. Ён нагадвае і жыхарам дома, і гасцям, што ў гэтым доме рэлігія мае сваё сямейнае вымярэнне, але яна – не толькі прыватная справа членаў дадзенай сям’і. Вядома, што сям’я, пабудаваная на падмурку хрысціянскага сакраментальнага сужэнства, павінна быць хатнім Касцёлам. Такая сям’я можа рэалізаваць тры функцыі святыні: быць месцам сапраўднай прысутнасці Бога паміж людзьмі, месцам складання Богу ахвяраў праўдзівай любові, а таксама месцам сведчання пра Бога і Ягоную любоў, якая пануе паміж членамі сям’і, і ў іх стасунках з бліжнімі, з кожным Божым стварэннем.


 Ксёндз Аляксандр Чайкоўскі

Надрукавана ў часопісе «Ave Maria», № 12-1 (103-104) 2003-2004 гг

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней